Знайсці
02.12.2021 / 08:57

«Усяго толькі выехаў на ровары — і цяпер пагражае сем гадоў калоніі». Гісторыя палітвязня з Віцебска Паўла Сакалова

Паўла затрымалі сёлета 20 верасня. Цяпер мужчына знаходзіцца ў СІЗА №2 у Віцебску. Яго абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі (дваровы тэлеграм-чат). 

Павялічыць

Даведацца ўсе падрабязнасці справы Паўла Сакалова складана: яго адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні — гэтак жа, як і жонка Наталля, паведамляе «Вясна».

«Мы жывем у Віцебску і выхоўваем маленькую дачку. У нас уласны дом, у мужа свая справа. Ён вырабляе мэблю з металу»,— распавядае пра сваё жыццё з Паўлам Наталля. Падзяліцца прыгожай гісторыяй у жанчыны не атрымліваецца — праз апошнія падзеі Наталля абсалютна выматаная. Увесь апошні год гэтая сям'я жыве нібы ў страшным сне. А апошнія пару месяцаў — з тых часоў, як Паўла вывезлі з дома супрацоўнікі мінскага ГУБАЗіКа — кожную раніцу Наталля прымушае сябе быць моцнай: дзеля дачкі, дзеля мужа і дзеля іх сям'і. 

Як і шматлікія беларусы, да падзеяў мінулага года Паша ніколі асабліва не цікавіўся палітыкай і дакладна не быў палітычна матываваным чалавекам. Ён спакойна займаўся сваёй справай, мы дружна жылі і выхоўвалі дачку. Але, убачыўшы ўсё, што ў нашай краіне адбывалася пасля выбараў-2020, застацца ўбаку ён проста не мог», — распавядае Наталля.

У верасні мінулага года Павел, як і шмат якія жыхары Віцебска, выказаў сваю пазіцыю з нагоды таго, што адбывалася.

«У горадзе праходзілі акцыі пратэсту. У дзень, калі адбылася адна з іх, Павел выехаў у горад на ровары, — аднаўляе ў памяці падзеі 6 верасня мінулага года жанчына. — Ён не ўдзельнічаў у бойках, ні да чаго не заклікаў, не ішоў у складзе калоны. У той дзень ён апынуўся побач з месцам, дзе адбылася нейкая тузаніна. З таго, што мне вядома, — яго адсачылі па камерах». 

Праз некалькі тыдняў пасля тых падзеяў Паўла выклікалі на гутарку ў Кастрычніцкі РАУС Віцебска, а адтуль наўпрост адвезлі ў ІЧУ. За ўдзел у недазволеным уладамі мітынгу мужчыну асудзілі да арышту на трое сутак і штрафу ў пяць базавых велічынь.

Пасля Паўла працягвалі выклікаць у Следчы камітэт — паводле Наталлі, на так званыя прафілактычныя гутаркі, падчас якіх настойвалі, што ён нібыта каардынаваў калоны пратэстоўцаў. Аднак мужчына тлумачыў, што ён быў на ровары, у цэнтры калоны ён не мог быць нават фізічна, і гэта даказвае, што ён нікога не каардынаваў. Але праз нейкі час дадому да Паўла і Наталлі прыйшлі з ператрусам. 

«З'явіліся з дзіўнымі панятымі. Шукалі зброю, наркотыкі і забароненыя прадметы. Перавярнулі ўвесь дом, але нічога не знайшлі, — узгадвае жанчына. — Пры гэтым я дакладна магу сказаць, што пасля верасня 2020 года муж ні ў чым не ўдзельнічаў». 

Жанчына прыгадвае яшчэ адну гісторыю, якая адбылася з яе мужам:

«Пасля таго, як Паша адседзеў трое сутак, у адзін з дзён ён паехаў у краму на ровары. Гэта было ў кастрычніку 2020 года. Я штосьці напісала яму ў паведамленнях — ён спыніўся прачытаць. Але ў гэты момант на яго накінуліся некалькі амапаўцаў, скруцілі і адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС. Там яму далі зразумець, што яго ведаюць, і што ён прымільгаўся. Прамурыжылі чатыры гадзіны і адпусцілі».

«З'яжджаць з краіны пасля гэтага мы не збіраліся. Мой муж не зрабіў нічога, каб патрапіць у турму. Ні ў чым крымінальным Павел не ўдзельнічаў. Мы былі ўпэўненыя, што гэтым арыштам усё і скончыцца. Але яго не пакінулі ў спакоі», — распавядае Наталля.

20 верасня 2021 года па Паўла зноў прыйшлі. 

«Я вярталася з працы. Падышла да дома і пабачыла дзіўную машыну. Яна была з шашачкамі, як у таксі, але без якіх-небудзь апазнавальных знакаў. Заходжу ў дом, а там усё перарыта. Яны пералезлі праз плот і выламалі дзверы. Павел нават не паспеў толкам нічога зразумець, — распавяла Наталля. — З дома забралі некалькі дзясяткаў прадметаў. У тым ліку ўсю тэхніку. Знайшлі бчб-бранзалет і раздрукаваную «Пагоню» (незадоўга да гэтага Павел намаляваў яе ў праграме CorelDRAW). Забралі іх як забароненыя прадметы. Канфіскавалі нават прынтар, на якім Павел раздрукаваў тую самую «Пагоню», каб высветліць, ці займаўся ён распаўсюджваннем забароненых матэрыялаў».

Пасля ператрусу Паўла забралі з дома і змясцілі ў СІЗА. 

«На наступны дзень пасля затрымання мужа каля нашага дома стаяла дзіўная машына. Пасвяцілі ліхтарыкамі і з'ехалі. Тая ж гісторыя паўтарылася і праз пару дзён. Я вярталася з працы. У машыне сядзелі людзі ў масках. Убачылі мяне — і зноў з'ехалі», — прыгадвае Наталля.

Пасля двух месяцаў у СІЗА утрыманне пад вартай Паўла Сакалова падоўжылі яшчэ на два месяцы. Афіцыйная фармулёўка — «ідуць следчыя дзеянні». 

У цяперашні момант Паўлу Сакалову ставяць у віну артыкул 361-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яго вінавацяць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім». І калі прызнаюць вінаватым, мужчыну пагражае да сямі гадоў зняволення. 

 Як стала вядома «Вясне», падчас следчых дзеянняў у Паўлавым тэлефоне знайшлі закрыты чат, у якім знаходзіліся ўсяго тры чалавекі. У адным са сваіх паведамленняў мужчына зрабіў рэпост відэа, якое было прызнанае экстрэмісцкім, але ўжо пасля яго затрымання. 

Наталля не можа выдаваць дэталі і падрабязнасці справы свайго мужа. Нам яна распавяла толькі тое, што ёй удалося дамагчыся спаткання з Паўлам.

«Ён спрабуе трымацца, наколькі гэта магчыма. Казаў, што яго не б'юць і ставяцца цалкам лаяльна. У камеры разам з ім 7 чалавек. Палітычны сярод іх толькі ён. У яго множныя міжпазваночныя грыжы, і праз тое, што падтрымліваць свой фізічны стан Паша цяпер нармальна не можа, пачуваецца ён дрэнна — моцныя болі ў пазваночніку».

Пра тое, што адбываецца з Паўлам і ў якім ён стане, Наталля пакуль што можа даведвацца толькі з яго лістоў. Паводле жанчыны, даходзяць яны не вельмі хутка — прыкладна за тыдзень. 

«У лістах ён кажа, што пакуль што ўсё няблага, і спадзяецца на лепшае. Але я ведаю, што расслабляцца не варта. Ёсць падазрэнне, што на яго збіраюцца накапаць матэрыялы яшчэ па адным артыкуле — па 342-м, за арганізацыю або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, — кажа Наталля. — Ці будзе перакваліфікацыя яго справы, я не ведаю, бо ў нашага адваката таксама падпіска аб неразгалошванні.

Ведаеце, калі мы размаўлялі з Пашам падчас спаткання, ён сказаў: «Утрымліваючы мяне тут, найбольш балюча яны робяць блізкім». І гэта праўда. Але ўсё, што мне цяпер застаецца, — не апускаць рукі і змагацца за мужа».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
снежань студзень люты
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31