Знайсці
02.12.2021 / 13:08РусŁacБел

«Па нас няма рашэння ўжо 10 месяцаў». Беларуская сям'я расказала, як захрасла ў нямецкім лагеры для бежанцаў

На фоне міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы розныя сілы ў Германіі дыскутавалі, ці варта прымаць уцекачоў з Ірака, якія трапляюць у ЕС нелегальна. У іракцаў былі свае прыхільнікі. Але разам з гэтым у Германіі ўжо хутка год як дабіваюцца прытулку некалькі беларускіх сем'яў. Колькі іх дакладна, мы не ведаем. Мы пагаварылі з Аленай (імя змененае з мэтаў бяспекі — заўв. «НН»), сям'я якой прыехала ў Германію з Мінскай вобласці. Дарослыя і двое дзяцей ужо дзесяць месяцаў жывуць у лагеры, жанчына расказала, як гэта выглядае. 

Лагер для бежанцаў недалёка ад Нюрнбернга. Фота: YouTube Refugee Camp.

Алена і яе муж былі сябрамі стачкама аднаго з беларускіх прадпрыемстваў. Муж жанчыны адпрацаваў на гэтым прадпрыемстве больш за 10 гадоў. 

«Мяне не затрымлівалі, але спрабавалі завербаваць у КДБ»

«Уступіла ў стачку — мяне звольнілі. Муж таксама ўступіў — і яго звольнілі, — расказвае жанчына. — Мяне не затрымлівалі, але спрабавалі завербаваць у КДБ. Справа была такая: я хварэла і тры тыдні ўвогуле не выходзіла з дому, а як выйшла — павяла дачку ў сад.

Вяртаюся — каля пад'езда сустракаюць двое ў штацкім, прапануюць праехаць на размову: «Калі не пагодзіцеся, перастанем быць ветлівымі». 

Дазволілі, праўда, падняцца і папярэдзіць мужа, потым паехалі ў раённы КДБ. Мне там прыгадвалі страйк, прапаноўвалі ўладкаваць мяне назад на работу з умовай далейшага супрацоўніцтва, прапаноўвалі падумаць пра дзяцей — як іх будзе ўтрымліваць беспрацоўная? І гэтак далей». 

Фота: YouTube Refugee Camp.

Сітуацыя з выклікам у КДБ Алену моцна спалохала. Да таго ж на суткі адпраўляліся іншыя людзі са стачкама, даносілася інфармацыя, што ў гэтых спісах і яны. Таму пара вырашыла не рызыкаваць. 

«Мы атрымалі гуманітарныя візы ў пасольстве Германіі — у польскім была вялікая чарга, — успамінае жанчына. — У выніку выехалі — тады яшчэ лёталі самалёты. Мінск — Берлін. У аэрапорце сустрэў валанцёр і адвёз туды, дзе падаюцца на бежанства.

Там было інтэрв’ю, падчас якога расказваеш сваю гісторыю, паказваеш доказы. Усё запісваецца і потым на падставе гэтага вырашаецца, ці адпавядаеш ты крытэрыям. Ну, мы расказалі, аддалі ўсе дакументы і пачалі чакаць. Нас размеркавалі ў Баварыю. 

Фота: YouTube Refugee Camp.

«Выдаюць невялікую суму на дробныя выдаткі, нам на чатырох чалавек давалі 600 еўра»

«Першыя паўгода жылі ў лагеры для бежанцаў у Нюрнбергу. Гэта такі вялікі інтэрнат калідорнага тыпу, на выхадзе ахова. На сям’ю даюць пакой, але кухня, туалет і душ агульныя. 

Пакуль жывеш у лагеры — выдаюць невялікую суму на дробныя выдаткі, нам на чатырох чалавек давалі 600 еўра. Адзін раз на суткі кормяць гарачым і выдаюць такі «сухпай»: хлеб, ёргурт, сыр, каўбасу, малако, — расказвае беларуска. — Жылі мы там паўгода, бо такія правілы.

Фота: YouTube Refugee Camp.

Прыезджыя не з еўрапейскіх краін не ведаюць часам, як карыстацца туалетам, пральнай машынай, не ведаюць мовы і гэтак далей. Там яны праходзяць сацыялізацыю. 

Праз паўгода нас перасялілі ў іншы лагер, ужо без аховы. Але займацца пакуль што нічым не можам, дакументаў няма. Сядзім, вучым мову, чакаем. Дапамагае беларуская дыяспара. Апроч нас, тут яшчэ як мінімум некалькі беларускіх сем'яў па той жа візе». 

«Такое ўражанне, што з намі проста не ведаюць, што рабіць»

«Але ёсць і беларускія цыгане, якія са словаў вялікія рэвалюцыянеры. Я думаю, гэта ўсё махлярства. У іх тут процьма сваякоў нейкіх, нейкія справы. Кажуць, што яны «палітычныя». 

Мы ў падвешаным стане. Такое ўражанне, што з намі проста не ведаюць, што рабіць. З аднаго боку, квотаў для нас, імаверна, няма, з іншага — нямецкія палітыкі кажуць, што ў Беларусі ўсё кепска, катуюць і забіваюць людзей. Чыноўнікі ў такіх умовах не могуць нам адмовіць і выслаць назад. 

Проста сядзім і чакаем. Вяртацца ў Беларусь пакуль што не варыянт. У лагеры цяжка, гэта праўда — без мовы прадзірацца праз нямецкую бюракратыю, але і жыць у краіне, дзе не працуе закон, — яшчэ цяжэй». 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930