Знайсці
01.12.2021 / 11:25РусŁacБел

Выхоўваў кулакамі. На Століншчыне 23-гадовы айчым атрымаў 21 год калоніі за забойства дзіцяці

Трагедыя здарылася ў лютым 2020 года ў вёсцы Вялікія Арлы Столінскага раёна. 26-гадовая жанчына, якая выхоўвала трох дзяцей, паведаміла медыкам, што малодшы сын, якому быў год і тры месяцы, памёр. Яго збіў айчым, 23-гадовы сужыцель жанчыны. Па яго словах, такім чынам ён спрабаваў выхоўваць дзіця. Маці ж паведаміла суду, што каханак неаднаразова казаў, што заб’е яе сына, бо адчуваў да яго нянавісць. Суд вынес пакаранне мужчыну — 21 год зняволення.

Следчыя працуюць на месцы злачынства. Фота: прэс-служба СК

У судзе абвінавачаны расказваў, што не хацеў забіваць дзіця. Па яго словах, усё адбылося па неасцярожнасці. Казаў, што біў хлопчыка, каб той не чапаў небяспечныя прадметы, маўляў, не ўяўляў, што мог нанесці смяротныя траўмы далонню рукі, якой біў не ў поўную сілу. Так, кулакамі, айчым выхоўваў гадавалае дзіця. 

З моманту збіцця прайшло некалькі дзён. Як стала вядома ў судзе, абвінавачаны ўгаварыў сужыцельку, якая бачыла, што дзіця збітае, не звяртацца па медыцынскую дапамогу.

14 снежня 2020 года хлопчык памёр. Участковы доктар, якая вечарам таго дня прыехала да сям’і, расказала: сястра маці паведаміла медыкам, што патрэбная дапамога малому пляменніку. Аднак на месцы доктар убачыла: хлопчык ужо нежывы. Ягоная маці крычала сужыцелю, што той вінаваты ў смерці. 

Сама пацярпелая ў судзе расказала, што жыла з трыма дзецьмі і сужыцелем, які неадзнаразова заставаўся дома з яе малым сынам. Незадоўга да трагедыі мужчына выказваў пажаданні смерці хлопчыку, казаў пра ненавісць да яго. Суседзі гаварылі журналістам, што айчыма раздражняла, калі малы плакаў. 

Паводле экспертызы, смерць наступіла ад закрытай чэрапна-мазгавой траўмы, якая ўскладнілася ацёкам, сцісканнем і змяшчэннем галаўнога мозга. На целе дзіцяці былі шматлікія траўмы, з агляду вынікае, што абвінавачаны біў хлопчыка па галаве, грудзях і па жываце. У судзе абвінавачаны не адмаўляў, што 9 снежня, за пяць дзён да смерці, збіў дзіця. 

Псіхіятры правяралі стан самога абвінавачанага. У яго дыягнаставанае лёгкае псіхічнае расстройства, аднак ён мог усведамляць, што робіць і да якіх наступстваў гэта прывядзе. У момант здзяйснення злачынства ён быў цвярозы. Раней меў судзімасць, за парушэнне ўмоваў адбывання «хіміі», яму дадаткова далі паўтары гады зняволення. Выніковы прысуд — 21 год пазбаўлення свабоды, Вярхоўны суд пакінуў яго ў сіле.

Невядома, ці была прыцягнутая да адказнасці маці, якая пакінула малога сына з чалавекам, які выказваў нянавісць і пажаданні смерці малому, а таксама якая не звярнулася своечасова па медыцынскую дапамогу, каб выратаваць сына. Па справе аб забойстве яна праходзіла як пацярпелая. Жанчына не заяўляла патрабаванне аб пагашэнні матэрыяльнай ці маральнай шкоды.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930