Знайсці
30.11.2021 / 17:15РусŁacБел

«У Расію прадаваць на 30% выгадней, дзяржаўныя заводы пастаўляюць туды». Чыноўнік патлумачыў дэфіцыт малака ў Беларусі

Чытачы паведамляюць «Нашай Ніве», што ў крамах назіраецца дэфіцыт малака. «Раней быў выбар, цяпер адзін-два найменаванні. Пытаюся на касе: што такое, куды падзелася малако? Кажуць: не было паставак», — такія тыповыя паведамленні прыходзяць нам апошнія дні. Мяркуючы па геаграфіі скаргаў, праблемы назіраюцца па ўсёй краіне.

Ілюстрацыйнае фота

Што адбываецца? Мы адрасавалі гэтае пытанне чыноўніку аднаго з аблвыканкамаў, ён выступіў ананімна.

У размове ён прызнаў, што дэфіцыт малака на ўнутраным рынку сапраўды ёсць. А таксама патлумачыў, чаму так. 

«Калі мы кажам пра надоі, то сёлета праселі Гомельская і Віцебская вобласці, у астатніх усё больш-менш нармальна, ёсць рост.

То бок, з дэфіцытам сыравіны як такой праблема не звязаная, яна звязаная з нежаданнем беларускіх дзяржаўных вытворцаў працаваць на беларускім жа рынку», — лічыць чыноўнік. 

«У Беларусі існуе біржа, дзе малако могуць прадаваць тыя калгасы, якія не маюць запазычнасцяў або сваіх унутрыраённых непаразуменняў з кіраўніцтвам выканкама. 

І вось куды ідзе малако, рэалізаванае на біржы? Рэальнасць такая, што вытворцы ў Расію выгадней прадаваць на 25-30%. 

Цяпер той, хто можа, імкнецца пастаўляць малако ў Расію, дзе няма рэгулявання цэнаў», — тлумачыць ён. 

Фота ілюстрацыйнае

«Апошнія гады дзяржава дазваляла падымаць цэны продажу сыравіны на ўнутраны рынак, а перапрацоўшчыкам адпускныя цэны падымаць не давалі. У выніку — работа для тых прадпрыемстваў, якія працуюць на цэльнамалочцы, стала цяжкапрыбытковай. З замарозкамі цэн усё стала яшчэ горш. Усе імкнуцца хоць што зарабіць, як вынік — асірацелыя паліцы. 

Што цікава, прыватныя вытворцы выдаюць на ўнутраны рынак свае звычайныя лічбы паставак, істотнай прасадкі не відаць — тое ж, што і год, два гады таму.

А вось дзяржаўныя прадпрыемствы ўсё гоняць на Расію — гэта да папулярнага аргумента, што «толькі дзяржава можа забяспечыць харчавую бяспеку»», — кажа функцыянер. 

Пры гэтым яго прагноз такі: малако на паліцы вернецца, але цаной пагаршэння эканамічнага стану перапрацоўшчыкаў.

«Сітуацыя або працягнецца свабодна, як цяпер, або будзе заціснутая. Свабодна ў нас не робіцца, а значыць, будзем заціскаць і прымушаць адгружаць больш на ўнутраны рынак», — рэзюмуе ён. 

Між тым, у нядзелю віцэ-прэм'ер Аляксандр Субоцін заявіў, што ўрад плануе скараціць спіс прадуктаў, на якія рэгулююцца кошты. Цяпер у пастанове Саўміна 62 пазіцыі, з іх плануюць пакінуць 17.

«Хлеб, малако, натуральнамалочную прадукцыю і гэтак далей», — сказаў Субоцін.

Чытайце таксама:

«Наступны год будзе яшчэ цяжэйшым». Чыноўнік і старшыня «калгаса» аналізуюць сельскагаспадарчую статыстыку і даюць прагнозы

Урад задумаўся аб увядзенні картак на ежу для незаможных

Што будзе з цэнамі на ежу і якія поспехі беларускай сельскай гаспадаркі

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера