Знайсці
30.11.2021 / 07:55РусŁacБел

Што будзе рабіць Беларусь у выпадку вайны паміж Расіяй і Украінай? Разбіраемся

Падчас нарады ў Мінабароны Лукашэнка сказаў, што «калі толькі Украіна паспрабуе развязаць канфлікт з Расіяй, у баку Беларусь не застанецца». А што, Украіна хоча вайны з Расіяй? І чаму Беларусь мусіць у гэтым удзельнічаць? Спыталі ў эксперта.

Тут і далей фота міністэрства абароны Беларусі

«Па-першае, у Канстытуцыі Беларусі прапісаны не нейтралітэт, а імкненне да нейтралітэту. У савецкія часы пісалі, што мы «імкнемся да камунізму», вось тут сэнс прыкладна такі ж, — кажа вайсковы аналітык Аляксандр Алесін. — А згодна з пагадненнямі Саюзнай дзяржавы, Беларусь мусіць выступіць у абарону саюзніка ў выпадку агрэсіі адносна Расійскай Федэрацыі».

Прасцей кажучы, калі Расія развязвае нейкую вайну — Беларусь не абавязная прымаць у гэтым удзел. Калі ж вайну з Расіяй пачынае іншая дзяржава — тут Беларусь мусіць дапамагчы Расіі.

Адпаведна, калі вайну з Украінай пачынае Расія — беларускія войскі могуць не ўдзельнічаць. Калі будзе вырашана, што агрэсію першай праявіла Украіна — Беларусь мусіць падтрымаць Расію.

«У нас тут як у НАТА: калі нападаюць на аднаго з членаў НАТА, астатнія абаваязаныя выступіць у яго абарону, — тлумачыць Алесін. — Але ёсць невялікі нюанс — на Данбасе цяпер некалькі соцень тысяч расійскіх грамадзян, бо Расія раздавала там свае пашпарты.

І ў прынцыпе, калі гэтыя людзі з расійскімі пашпартамі пацерпяць ад абстрэлаў, то Расія пры жаданні можа выкарыстаць гэта як агрэсію з боку Украіны і нагоду для вайны. Тое ж самае, калі, барані божа, нейкі снарад заляціць з Украіны на расійскую тэрыторыю.

Але ў выніку вайны, што будзе рабіць Беларусь? Адправіць сваіх салдат у Расію? Сама нападзе на Украіну?

«Усё будзе залежаць ад таго, што будзе патрэбна Расіі. РФ відавочна мае план дзеянняў, і ў першую чаргу Расіі будуць патрэбныя не сухапутныя сілы Беларусі, а яе аэрадромы, дарогі для перакідвання ракетных комплексаў. 

Я лічу, што на першым этапе Расія будзе ваяваць не сухапутнымі войскамі, а будзе атакаваць пункты вайсковай інфраструктуры ракетнымі ўдарамі. Гэта будзе з боку Чорнага мора, з падлодак і караблёў. Таксама ўдары авіяцыі. І ў выпадку неабходнасці, на тэрыторыю Беларусі прыбудуць «Іскандэры», якія з нашай тэрыторыі будуць весці абстрэл.

Пасля таго, як тэрміналы, аэрадромы і гэтак далей будуць выбітыя ракетамі, тады Расія прыменіць сухапутныя войскі ці сілы спецаперацый. Прыкладна так, на маю думку, і будзе выглядаць вайна Расіі і Украіны», — мяркуе аналітык.

Але ці можа гэтая вайна насамрэч пачацца? 

«З пункту гледжання стратэгічных інтарэсаў Расіі, Украіны і Беларусі, гэтая вайна не выгадная нікому. Але яе можа справакаць палітыка ўнутры Украіны. Там ёсць сілы, якія не вельмі адэкватна ацэньваюць сітуацыю і могуць уцягнуць Украіну без ведама кіраўніцтва ў гэтую вайну.

То-бок, нейкія вайскоўцы могуць здзейсніць правакацыю на мяжы з Расіяй ці непрызнанымі рэспублікамі. І тады ўсё будзе залежаць ад рэакцыі Расіі — калі яна не зацікаўленая ў вайне, то можа расцаніць гэта як лакальны ўзброены канфлікт. Так, як у свой час бывала паміж СССР і Кітаем: калі было некалькі канфліктаў, якія не прывялі да вайны. 

Але ж калі ў Расіі прымуць рашэнне вырашаць украінскае пытанне адным момантам і адразу, то не выключаю, што правакацыя можа прывесці нават да вайны. Праўда, мяркую, гэты варыянт усё ж малаверагодны», — адзначае Аляксандр Алесін.

Чытайце таксама:

Лукашэнка: Калі толькі Украіна паспрабуе развязаць канфлікт з Расіяй, у баку Беларусь не застанецца

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930