Знайсці
29.11.2021 / 15:45РусŁacБел

«Наступны год будзе яшчэ цяжэйшым». Чыноўнік і старшыня «калгаса» аналізуюць сельскагаспадарчую статыстыку і даюць прагнозы

Белстат апублікаваў аператыўную статыстыку па стане сельскай гаспадаркі. Акрамя лічбаў уборкі збожжа, надояў, колькасці кароў ды свіней і падобных характарыстык, ёсць параўнанне з сітуацыяй на тую ж дату мінулага года. Мы папрасілі прааналізаваць гэтыя лічбы чыноўніка з упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама і дырэктара аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Яны мяркуюць, што з апублікаваных лічбаў можна зрабіць высновы аб цяжкім годзе, які чакае сельскую гаспадарку пасля гэтай зімы. 

Так, зыходзячы з лічбаў афіцыйнай статыстыкі, можна ўбачыць правалы па многіх кірунках. Напрыклад, зерня і зернебабовых сабрана толькі 80,4% ад леташняга ўраджаю. Пры гэтым, у Віцебскай і Гродненскай абласцях прасяданне складае чвэрць ад вынікаў 2020 года.

Сярэдняя ўраджайнасць гэтых культур па краіне склала крыху больш за 30 цэнтнераў з гектара. Гэта 82% ад мінулагодняй ураджайнасці.

Збор гародніны з адкрытага грунту па краіне прасеў таксама на чвэрць. Ураджасць гародніны агулам упала на 13%.

Улады тлумачылі правалы кепскім надвор’ем, але мы ўжо апісвалі сістэмныя прычыны, якія да гэтага прывялі: адсутнасць угнаенняў, масавыя парушэнні тэхналогіі і кадравыя праблемы ў галіне.

Чытайце: Беларусь пляцецца ў хвасце па зборы збожжа. Спецыялісты тлумачаць, чаму так адбылося

У жывёлагадоўлі сітуацыя лепшая, але статыстыкі таксама фіксуюць падзенне. Так пагалоўе свіней скарацілася амаль на 10%, кароў — на 1,2%. Невялікі рост ёсць толькі па вытворчасці малака і яек. 

«Я б не быў пазітыўным, ацэньваючы рост надояў малака на 1%»

Мы гаворым пра афіцыйныя лічбы, якія часта далёкія ад рэальнасці праз прыпіскі і скажэнні справаздачнасці. Сёлета, як і ў мінулыя гады, перыядычна высвятлялася, што гаспадаркі, прыбіраючы зерне, адчытваліся аб намалочаных тонах, але не аб прыбраных плошчах. Адпаведна, намалот рос, і ўраджайнасць у цэнтнерах з гектара «павышалася».

«Я б не быў пазітыўным, ацэньваючы рост надояў малака на 1%. Няма гарантый, што і па малаку справаздчнасць сапраўдная, — лічыць работнік упраўлення сельскай гаспадаркі аднаго з выканкамаў. — Нарыхтоўка кармоў для скаціны таксама прасела на працэнты — у абсалютных лічбах гэта сотні і сотні тон кармоў, якія маглі б быць з'едзеныя». 

«Недахоп травяністыў кармоў і кукурузнага сіласу ў 2021-м ударыць па надоях у 2022-м. Корму мала што мала, дык ён яшчэ і недапушчальна нізкай якасці па прычыне парушэння тэхналогій загатоўкі. Але і яго не хапае! — адзначае наш суразмоўца. —

Каб захаваць надоі, трэба будзе спрабаваць уводзіць у рацыён больш камбікармоў. Але мы ўпіраемся ў тое, што мала зерня, з якога робіцца камбікорм. А птушкі і свінні таксама павінны есці.

Таму дойныя каровы будуць адчуваць недахоп кармоў. Праз гэта будуць пакутваць перапрацоўшчыкі, якія і так скардзяцца на хранічны дэфіцыт сыравіны».

«З улікам таго, што ўсе перапрацоўшчыкі імкнуцца прадаць прадукцыю ў Расію, дзе няма дзяржаўнага рэгулявання цэн, можна ўявіць, што малочнай прадукцыі на ўнутраным рынку можа стаць меней — на гэта вымушаныя будуць пайсці, каб захаваць маржынальнасць», — дадае раённы чыноўнік у галіне сельскай гаспадаркі.

Яго дапаўняе дырэктар аднаго з «калгасаў»: «Вядомыя выпадкі ў суседзяў, калі летам кароваў пасвілі па зерневых, тлумачачы гэта тым, што прыбіраць такі аб’ём зерня няма чым — таму, маўляў, хай хоць каровы паядуць». 

«Санкцыі тармозяць прыход новай тэхнікі і рамонт старой, магчымасці набыцця кармавых дадаткаў, ветэрынарных прэпаратаў»

Агульныя чаканні дэпрэсіўныя. Нашы суразмоўцы адзначаюць: праблемы ў сельскай гаспадарцы назапашваліся даўно, а санкцыі іх толькі пагоршылі.

«Усё ідзе да таго, што наступны год будзе цяжэйшым, чым гэты. Чаму я так думаю? Апошнія некалькі гадоў дзяржаўныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ў выніку недафінансавання ашчаджалі за кошт парушэнняў тэхналогіі вырошчвання нават традыцыйных і не вельмі складаных культур, — кажа раённы чыноўнік. — Эканомілі за кошт ігнаравання дарагіх сродкаў абароны раслін, змяншэння дозы ўнясення ўгнаенняў, выкарыстоўвалі кепскі семянны матэрыял.

Адпаведна — недаатрымлівалі ўраджай кожны год. А ў наступным можа адбыцца мультыплікацыйны эфект — сёлетні неўраджай накладзецца на парушэнне тэхналогій і агульную беднату. 

Галіна будзе ўсыхаць па кавалачку. Існуюць негатыўныя фактары, як дэфіцыт бюджэту, адсутнасць магчымасцяў вонкавых пазык. Санкцыі тармозяць прыход новай тэхнікі і рамонт старой, тармозяць магчымасці набыцця кармавых дадаткаў, ветэрынарных прэпаратаў і гэтак далей».

«Цяпер растуць цэны на некаторыя віды сельскагаспадарчай прадукцыі, — дадае кіраўнік калгаса. — Але мы профітаў ад гэтага не асабліва маем. Цяпер трэба вырошчваць высокамаржынальныя культуры — рапс, сідэраты, нішавыя прадукты. А гэта выдаткі, а грошай няма. 

І цяпер, і ў наступным годзе мы самі будзем прадаваць прадукцыю не па рынкавых коштах, а па выстаўленых дзяржавай. Калгас у ланцужку атрымання прыбыткаў з зямлі далёка ў аўтсайдарах, прыбыткі асядаюць у іншых звёнах. 

Пры гэтым, кошт запчастак, сродкаў абароны раслін і насенневага матэрыялу замежнай вытворчасці вырас і працягвае расці. Гэта акурат-такі будзе закупляцца па рынкавых коштах, а часам і з ужываннем схем сустрэчных паставак з загадзя закладзенай імавернасцю нявернутых плацяжоў.

Умоўна, калгасу патрэбная запчастка на трактар. Жывых грошай у мяне няма, каб заплаціць цану па прайсе. Хай для круглай лічбы гэта будзе тысяча рублёў. Дырэктар тэлефануе пастаўшчыку і прапануе набыць запчастку ў доўг. А потым разлічыцца зернем.

Пастаўшчыку, каб гэтае зерне хутка прадаць, трэба на яго скінуць цану. Плюс, трэба даць адкат «каму трэба», каб падпісалі дазвол на адбор зерня.

Плюс праблема невяртання — а раптам неўраджай? Або чыноўнік выканкама забараніў разлічвацца зернем і не ўзяў адкат? Таму пастаўшчык закладзе рызыкі і возьме з калгаса зерня не на 1000, а на 2100. Калі хаця б тры калгасы з дзецясі разлічацца — ён у плюсе. Пастаўшчык і той перакуп, які купіць зерне — у шакаладзе. Калгас — у с**цы».

Але чаму выручка ад сельскагаспадарчай прадукцыі расце? 

Тым часам, віцэ-прэм'ер Субоцін сёння на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі заявіў, што ў студзені-верасні сяльгасарганізацыі Беларусі нарасцілі выручку ад рэалізацыі прадукцыі на 13,4% працэнта. Што з гэтым не так? 

«Цэны выраслі на сусветных рынках, таму, нягледзячы на неўраджай і прасадку выпуску па многіх пазіцыях у колькасным выражэнні (у тым ліку па зерні, бульбе і скаціне), цэны раслі хутчэй, а значыць, кошт рост, што тлумачыць рост выручкі і прыбыткаў. 

Пры гэтым, мы працягваем бачыць спад ВУП у сельскай гаспадарцы, бо ў рэальных велічынях росту няма», — лічыць эканаміст Кацярына Барнукова. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930