Знайсці
29.11.2021 / 07:58РусŁacБел

«Некалькі тыдняў чытала ў архівах КДБ яго дасье». Гутарка з унучкай Антона Луцкевіча

Калі ў архівах КДБ Алеся знайшла пасму валасоў бабулі, здзівілася, наколькі яны падобныя да яе ўласных. А ўбачыўшы фота дзеда да і пасля допытаў, жахнулася: нібыта розныя людзі глядзелі на яе са здымкаў.

Алеся — унучка Антона Луцкевіча, аднаго з заснавальнікаў БНР. Гісторыя яе сям’і — гэта пакручысты раман пра выпрабаванні, годнасць і каханне.

«Прабабуля напісала ліст нашчадкам: ніколі не прасіце ў Бога грошай»

Кватэра Алесі нагадвае невялікі музейчык. Карціны, намаляваныя мужам, фота з сямейнага архіва, бюст Івана Луцкевіча, які калісьці стаяў у Беларускім музеі і быў схаваны ў вайну. На сцяне ў вітальні вісіць копія рукапіснага ліста.

«Гэта ліст маці Антона, маёй прабабулі. Ён напісаны па-польску, — тлумачыць Алеся. — Сям’я вельмі цяжка жыла ў Менску.

Прабабуля мела латарэйны квіток і моцна малілася, каб ён выйграў. На абразе, які вісеў дома, ледзь не сляза з’явілася. І пасля малітвы пачаліся беды. Яна напісала ліст сваім нашчадкам: «Ніколі не прасіце ў Бога грошай». Цяпер мы ўсе маем яго як напамін».

Копія таго ліста нашчадкам

Алеся — педагог у віленскай школе, працуе з дзецьмі з праблемамі слыху. 

«Мне даўно была цікавая гэта прафесія. Я калі вучылася, улетку працавала ў спецыяльным садку. І потым ніводнага разу не пашкадавала, што паступіла на сурдапедагога, бо маю добры надзейны кавалак хлебу. І маю такую працу, дзе ўвесь час трэба павышаць сваю кваліфікацыю, заўсёды ёсць новыя выклікі. 

Я скончыла завочна педагагічны інстытут у Менску. У мяне быў выбар: ехаць ці ў Шаўляй, гарадок у Літве, ці ў Менск. І туды, і туды 3,5 гадзіны. Але Шаўляй мне так не спадабаўся: ён быў такі маленькі, такі правінцыйны. А Менск — вялікі горад, там сябры з’явіліся, і на той час узровень адукацыі добры быў».

Бацькі Алесі размаўлялі па-беларуску і па-руску, бо маці яе з Расіі. Па-беларуску размаўляе і муж — мастак Алесь Поклад. Нейкі час яны нават трымалі лецішча ў Беларусі.

На сцяне — карціны мужа

«Мой муж марыў мець сядзібу і знайшоў варыянт за 100 кіламетраў ад нашага дома, у Валожынскім раёне. Цудоўнае месца, хатка па-над рэчкаю. Восем гадоў туды ездзілі адпачывалі. Але ўрэшце мы прадалі сядзібу».

«У дзяцінстве тата гуляў з пярсцёнкам Усяслава Чарадзея»

У Антона Луцкевіча было двое сыноў: старэйшы Юрый, Алесін бацька, і Лявон. Дзяцінства іх прайшло сярод музейных экспанатаў. Хлопцы гулялі з пярсцёнкам Усяслава Чарадзея, белай мядзведжай поўсцю, сапраўднай зброяй. Вучыліся яны ў Віленскай беларускай гімназіі. 

«Памятаю, што мяне вельмі здзіўляла, што мой тата не быў ні акцябронкам, ні піянерам. Я была, бо тут абсалютна так жа сама прымусова ўступалі, як і ва ўсім Савецкім Саюзе», — кажа Алеся.

Бацька яе скончыў палітэхнікум. Падчас вайны ён хаваўся ў Беларусі (у 1939-м Антон Луцкевіч быў арыштаваны НКУС) і працаваў у школе ў Радашковічах. А пасля далучыўся з братам да Беларускай краёвай абароны.

«Паколькі я ведаю гісторыю ад сведкі, які ў гэтым удзельнічаў, я не маю пытанняў, чым яны там займаліся, — заўважае Алеся. — Мама прасіла тату: «Ты крыху менш расказвай, бо дзеці пойдуць у школу». Ён заўсёды яе запэўніваў: «Мае дзеці такія разумныя, што нічога не скажуць там, дзе не можна». І мы з братам разумелі, што некаторыя рэчы не трэба нідзе агучваць».

«З мамай тата пазнаёміўся ў лагеры на Калыме»

Пасля вайны Юрый з братам спрабаваў уцячы, але іх знайшлі ў Варшаве і адправілі ў ссылку на Калыму.

У цэнтры партрэты Юрыя (злева) і Лявона Луцкевічаў

«Для мяне гэта страшная тэма. Але тата быў моцным аптымістам. Ён казаў: «Што ты, я трапіў у такое цудоўнае месца, там была ўся інтэлігенцыя. Я б ніколі ў жыцці не сустрэў у адным месцы столькі адукаваных людзей».

І для мяне было дзіўна, што пасля такога чалавек без злосці можа расказваць пра лагер і згадваць толькі пазітыўныя моманты. 

Там быў «шпіён», англічанін. Яны дамовіліся, што тата яго літоўскай будзе вучыць, а ён яго — англійскай. Тата ведаў шмат моў: лаціну, беларускую, польскую, нямецкую, украінскую. А Антон яшчэ больш: грэцкую, эсперанта.

У лагеры ў таты была дыстрофія. Ён займаўся цяжкай фізічнай працай. Нават золата мыў.

Адзін момант яму пашанціла: адміністрацыя даведалася, што ён ведае лаціну, і паставіла яго фельчарам. Лекаў там асабліва не было. Тата згадваў: прыходзіць зэк і кажа, што вельмі баліць галава. Ён дастае бутэльку і налівае дыстыляванай вады: пі. Такі эфект плацэба. 

З мамай ён пазнаёміўся на Калыме. Яна паехала як камсамолка туды працаваць. Што тата — лагерны, яе не спужала».

Калі Юрый вярнуўся ў Літву, ён некалькі гадоў не мог жыць у Вільні: не дазвалялася. Мужчына пасяліўся недалёка, працаваў інжынерам, а яго жонка — тэлефаністкай.

«25 сакавіка мы заўсёды ішлі на плошчу з белымі і чырвонымі кветкамі»

Калекцыя Луцкевічаў разышлася па розных беларускіх і літоўскіх музеях. Сямейныя рэліквіі таксама не захаваліся. У Луцкевічаў быў фамільны пярсцёнак з гербам. Аднойчы з ім здарылася неймаверная гісторыя.

У Івана пярсцёнак скралі. Але калі той хадзіў па антыкварных крамах у Варшаве, знайшоў яго на вітрыне. Апошнім уладальнікам пярсцёнка быў Юрый Луцкевіч, але пры арышце НКУС канфіскаваў сямейную каштоўнасць. Хто ведае, можа, яго ўжо даўно пераплавілі на метал.

За спінай Алесі — бюст Івана Луцкевіча

Мелі Луцкевічы калісьці і другі пярсцёнак. Па легендзе, яго зрабілі з кайданкаў тых, хто быў у Бастыліі.

Усё, што засталося, — гэта архіў дакументаў, які збіраў Алесін дзядзька Лявон. Лагерныя здымкі, перапіскі з рознымі беларускімі дзеячамі, звесткі пра музей… Цяпер іх захоўвае Алеся.

Яна расказвае пра традыцыі, якія былі ў іх сям’і:

«25 сакавіка мы заўсёды ішлі на Лукішскую плошчу з белымі і чырвонымі кветкамі. Там была плітка, пра якую казалі, што гэта магіла Каліноўскага. Але тата расказваў, што тут няма нікога: «На гэтым месцы Каліноўскага пакаралі смерцю, а цела схавалі, каб ніхто не насіў кветкі і не выказваў пашану».

Тата шмат увагі надаваў маёй адукацыі. Увесь час да яго прыязджаў нехта з гісторыкаў. Ермаловіч, напрыклад».

Сын Алесі вучыцца ў Лондане на міжнародных адносінах і вельмі цікавіцца гісторыяй.

«Ён кажа: шкада, што я ніколі не сустракаўся з дзедам — я б столькі пытанняў меў яму задаць», — кажа Алеся. 

Пра апошнія гады жыцця свайго дзеда ўнучка даведвалася з архіваў КДБ. У Літве ён адкрыты — сваякі рэпрэсаваных могуць пабачыць дасье, сабраныя на іх продкаў. 

«Мы з братам чыталі дасье некалькі тыдняў. Там былі фатаграфіі Антона — перад допытамі і пасля. Гэта два розныя чалавекі: абсалютна іншыя вочы, позірк.

У архіве захаваўся перапіс рэчаў, якія былі пры ім пры затрыманні. І самі гэтыя рэчы. Там ляжала пасма валасоў яго жонкі, якую ён захоўваў пасля яе смерці. Брат прыклаў тыя валасы да маіх (я тады была нефарбаваная): «Ты паглядзі, адзін у адзін!»

Антона рэабілітавалі, а майго тату — не, бо беларускія архівы закрытыя. Ён некалькі разоў звяртаўся ў беларускі КДБ.

Апошні адказ прыйшоў, калі тата ляжаў у бальніцы. Я не хацела яму паказваць ліст, але не магла не зрабіць гэта. Сказала тады: «Не яны цябе асудзілі, не ім і адмаўляць у праве апраўдаць».

«Сямейная гісторыя паўплывала на мае каштоўнасці»

Пытаемся ў Алесі, як гісторыя яе роду паўплывала на яе асабіста.

«Можа, таму ў мяне муж сапраўдны беларус? — усміхаецца яна. — Мне было вельмі важна, каб у чалавека быў такі ж менталітэт, як у мяне. Прытым калі мы пазнаёміліся, муж ведаў, што азначае маё прозвішча. 

Сямейная гісторыя паўплывала на мае каштоўнасці. Для мяне важна, што беларусы — нацыя, а не нейкая губернія расійская. Мне крыўдна было б думаць, што людзі, як браты Луцкевічы, аддалі сваё жыццё проста так».

За беларускімі падзеямі 2020 года Алеся сачыла з хваляваннем.

«Як педагог я маю два месяцы вакацый. Адзін я вырашыла папрацаваць прыватна, а другі адпачыць. І гэты другі месяц быў жнівень. У выніку я зусім не адпачыла, вярнулася на працу хворым чалавекам, бо гэта столькі адбірала эмоцый. Часам гэта станавілася таксічным, выходзіш на вуліцу і думаеш: не, такога не можа быць.

Быў момант, калі мы пачалі моцна ганарыцца народам. І мне было прыемна, што сын гэта бачыць, што беларуская мова — не проста home language, а што сапраўды беларусы маюць годнасць, не сталі цярпець. Убачыць, як людзі прачнуліся, адчулі сябе нацыяй, дарагога каштавала. Мы ні аб чым больш не размаўлялі, акрамя гэтага.

Мы сям’ёй удзельнічалі ў тым жніўні ў «Балтыйскім шляху», стаялі ў жывым ланцугу, і я там спявала «Пагоню» Багдановіча. І літоўка побач спытала: «Ці вы можаце гучней?» А для мяне і так было стрэсам, што я спяваю пры ўсіх. 

Я вельмі баюся, што чарговы раз Расія можа сапсаваць усю справу. Бо яны хочуць мець сваю зону ўплыву ў Беларусі. Не веру, што Лукашэнка будзе трымацца шмат гадоў, ён не кашчэй бессмяротны. Прыйдзе кропка, калі ён і сваім будзе непатрэбны. 

Я б вельмі хацела, каб гэта ўсё не было страчаным шанцам». 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930