Знайсці
28.11.2021 / 08:42РусŁacБел

За год цана капусты вырасла на 120%. Чаму ў Беларусі так моцна падаражэла гародніна

Цэны на традыцыйныя для беларускага стала моркву, бульбу ды капусту сёлета здзівілі шмат каго. Пры тым высокія цэны трымаюцца ў самы сезон, якраз пасля ўборкі ўраджаю, калі гародніна самая танная. У чым прычына? Як высветліла «Наша Ніва», на кошт паўплывалі адразу некалькі фактараў.

Столькі першая капуста каштавала на Камароўцы напрыканцы жніўня. Фота: city-dog.by.

Што адбылося з цэнамі?

Кожны месяц Белстат публікуе інфармацыю па сярэдніх цэнах на спажывецкія тавары і паслугі. Мы паглядзелі, як яны мяняліся па пяці відах гародніны: узялі бульбу, моркву, буракі, цыбулю ды капусту. Параўноўвалі кошты за кастрычнік 2020 года з кастрычнікам 2021.

Аказалася, што больш за ўсё падаражэла капуста: аж на 120%, з 59 капеек за кілаграм да 1,3 рубля. Потым ідзе бульба і морква (на 77%), затым бурак (на 70%). І замыкае спіс цыбуля, цана якой набрала 59%.

ГароднінаЦана (рублі)Рост (працэнты)
20202021
Капуста0,591,3120%
Бульба0,741,3177%
Морква0,731,29

77%

Бураки0,671,1470%
Цыбуля0,891,3259%

Між тым, сэрвіс infoprice.by паказвае, што цяпер цана на бульбу ў гіпермаркетах вагаецца ад 1,27 да 1,85 рубля за кілаграм. Капусту прадаюць па цане ад 1,2 да 1,7 рубля за кіло, бурак — ад 1,12 да 1,5 рубля, цыбулю — ад 0,99 да 1,54 рубля, моркву — ад 1,15 да 1,39.

Як мы выглядаем на фоне суседзяў?

Мы параўналі цэны на гародніну ў папулярных анлайн-крамах Беларусі і суседзяў. Не прэтэндуем на даследаванне, але пэўныя высновы зрабіць можна.

Так, самая танная капуста ў Літве, а самая дарагая — у Беларусі, у 2,2 разы даражэйшая, чым у Літве. Беларуская бульба больш чым удвая даражэйшая за ўкраінскую, і па кошце яе абганяе толькі расійская.

Нашу моркву па кошце пераплюнула толькі польская і расійская, а буракі — польскія і літоўскія. Ну і цыбуля даражэйшая ізноў толькі ў Польшчы і Латвіі.

ПрадуктЦэны (беларускія рублі)
Літва 
(Barbora)
Польшча 
(Aushan)
Латвія
(Rimi)
Украіна 
(Aushan)
Расія 
(Перекресток)
Беларусь 
(Е-дастаўка)
Капуста0,831,591,40,871,71,89
Бульба1,120,981,610,671,621,49
Морква1,41,631,120,711,361,15
Буракі1,291,591,121,111,151,19
Цыбуля1,41,231,291,011,051,19

Чаму ўсё так падрасло?

Як расказаў «Нашай Ніве» адзін з супрацоўнікаў аддзела закупкі буйной гандлёвай сеткі, кошты на гародніну выраслі праз некалькі фактараў.

«Па-першае, гэта дрэнныя ўмовы надвор'я, што былі летам, — кажа ён. — Па-другое, з-за нізкіх коштаў у мінулым годзе фермеры пасадзілі значна менш гародніны.

Тая ж капуста мінулай восенню ў аптовай закупцы каштавала 20 капеек за кілаграм. І гэта з дастаўкай. Па такіх цэнах яе вырошчваць нявыгадна. Некаторыя яе проста перааралі, бо кошт уборкі, падрыхтоўкі і дастаўкі даражэйшы, чым 20 капеек за кілаграм.

Па-трэцяе, у Расіі сёлета ўраджай меншы і таму гародніна (бульба і капуста) едуць туды. Ну і па-чацвёртае, рост коштаў на харчовыя тавары — гэта агульнасусветны трэнд».

Суразмоўца «НН» кажа, што ў кастрычніку быў ажыятаж на бульбу. Прычына — нізкі ўраджай у Расіі з-за працяглых дажджоў. Таму цэны раслі, але ўжо на пачатку лістапада адкаціліся ўніз і стабілізаваліся, бо ўборка скончылася.

«Як выкручваліся? Расія забірала беларускую бульбу, а мы куплялі украінскую, бо яна таннейшая, — адзначае эксперт. — Зараз галоўнае пытанне з белакачаннай капустай.

На гэтым тыдні беларусы паднялі закупачныя цэны на ўзровень да 1,5 рубля за кілаграм. Цяпер танней выходзіць польская капуста.

Магчыма, у палякаў большыя рынкі збыту і цана больш прадказальная.

Што тычыцца морквы, то яе шмат і ў нас, і ў Расіі. А вось цыбулі айчыннай не так і шмат, але ў Расіі з лішкам, таму сітуацыя з коштамі больш-менш стабільная».

Яшчэ адзін суразмоўца «Нашай Нівы» адзначыў, што кошт беларускай бульбы прывязаны да экспартнай цаны.

«Сёлета стартавая цана на бульбу была практычна ідэнтычная цане мінулага года, з якой фінішавала ўборка да моманту закладкі ў сховішчы, — кажа суразмоўца. — Сезон у бягучым годзе пачаўся з вельмі высокага ўзроўню. Цана пачала расці да таго моманту, пакуль асноўны рынак (расійскі) не сказаў: «Хопіць, рабяты, наша цана на расійскую бульбу ніжэйшая за вашу, беларускую».

Яшчэ нейкі час па інерцыі некаторыя экспарцёры адпраўлялі прадукцыю ў Расію. Але ў адзін цудоўны момант пайшла зваротная тэндэнцыя: пасля таго як аб'ёмы экспартных адгрузак скараціліся, цана на ўнутраным рынку пачала зніжацца.

Цяпер аптовы кошт вярнуўся да коштаў пачатку ўборкі. Цана на айчынную бульбу амаль роўная цане ўкраінскай з улікам дастаўкі ў Беларусь — 65-70 капеек без ПДВ».

Наш суразмоўца адзначае, што немалаважным фактарам з'яўляюцца і кошты Талочынскага кансервавага завода. Гэта адзін з буйнейшых вытворцаў бульбы ў Беларусі. У пэўны момант завод пачаў падымаць цэны, і за ім стаў расці «опт».

«Сітуацыя з ростам цаны на бульбу ў Беларусі была настолькі сур'ёзная, што Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання разглядала прапанову ўвесці забарону на экспарт бульбы. Рашэнне было амаль прынятае, але ў апошні момант дакумент не падпісалі», — кажа наша крыніца.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930