Знайсці
27.11.2021 / 10:25РусŁacБел

«Прагнозы несуцяшальныя, на малы тэрмін не варта разлічваць». Вікторыя Пальчыс рыхтуецца да суда над мужам Эдуардам

6 снежня пачнецца суд над блогерам і актывістам Эдуардам Пальчысам. Яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса.

«Радыё Свабода» пагаварыла з жонкай Эдуарда Вікторыяй, якая больш за год у эміграцыі. За мяжой яна нарадзіла дачку Эмілію, якую бацька бачыў толькі на фота.

«Для мяне вельмі важна, каб Эдуард не страчваў сувязь з сям’ёй, усведамляў, што ён бацька»

Палітычнага блогера і актывіста Эдуарда Пальчыса, аўтара тэлеграм-канала Palchys, затрымалі ў канцы верасьня 2020 года. Спачатку Эдуард проста знік, і тры дні родныя не ведалі, дзе ён.

30 верасьня Эдуард «знайшоўся» на Акрэсціна — адбываў 30-суткавы адміністрацыйны арышт за масавыя акцыі. Аднак праз месяц яго не выпусцілі, выставілі абвінавачанне ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» па ч. 1 арт. 293 КК. Потым дадалі яшчэ 3 крымінальныя артыкулы.

Увосень 2020 года цяжарная жонка Эдуарда Вікторыя вымушаная была пакінуць Беларусь. 16 снежня ў іх нарадзілася дачка Эмілія. Цяпер Вікторыя з Эміліяй жывуць у Вільні.

«Эмілія ўжо спрабуе ўставаць, вельмі жвава поўзае, але хадзіць у яе яшчэ не атрымліваецца. Вельмі актыўная дзяўчынка. А Эдзік шле мне паштоўкі адмыслова для Эміліі, я іх чытаю ёй. Я таксама вельмі шмат і падрабязна яму пішу, каб ён, хоць сам і не побач з намі, мог уяўляць, як расце дачушка і што ў нас адбываецца.

Для мяне вельмі важна, калі Эдзік у турме, ствараць такую абстаноўку, нібыта ён тут. Каб ён не страчваў сувязь з намі, усведамляў, што ён бацька — ён жа калісьці вернецца ў нашу сям’ю», — расказвае Вікторыя пра мужа.

«У яго такі настрой, што да новага года будзе абвешчаны прысуд»

І Вікторыі, і бацькам Эдуарда лісты ад яго збольшага даходзяць. Бываюць перабоі — да прыкладу, на Дзень маці ён дасылаў паштоўкі Вікторыі, яе маці і сваёй маці — віншаванні не дайшлі.

Што тычыцца справы, сям’я мае толькі самыя агульныя зьвесткі, бо Эдуард, які ўжо знаёміцца з абвінавачаннем на «Валадарцы», нічога напісаць не можа. Адвакат таксама пад падпіскай аб неразгалошваньні.

«Таму ён піша нейкія асабістыя рэчы. Адзінае, што нам пісаў, што прагнозы несуцяшальныя, на малы тэрмін не варта разлічваць. І загадзя папрасіў бацькоў, каб яны ўжо рыхтавалі яму рэчы, якія спатрэбяцца ў калоніі.

У яго такі настрой, што да новага года будзе абвешчаны прысуд. Ён не думае, што сам судовы працэс будзе доўгі. І, хутчэй за ўсё, суд будзе закрыты. Прынамсі, ён бацькоў настройвае, каб яны падрыхтавалі яму рэчы хутчэй», — кажа Вікторыя.

Усе побытавыя праблемы з перадачамі, пасылкамі ўзялі на сябе бацькі Эдуарда, якія жывуць у Лідзе.

«Бацькі вельмі моцна трымаюцца. І тое, што іх дапамога вельмі патрэбная сыну, таксама дае ім сілы. І тое, што ў нас з'явілася Эмілія, — гэта таксама вялікая радасць, якая нам усім дапамагае трымацца», — дадае яна.

«Адчаю больш на свабодзе, а палітзьняволеныя за кратамі маюць больш аптымізму»

Мяркуючы па лістах, настрой у Эдуарда бадзёры, ён не адчайваецца. Піша, што шмат чытае, працуе турэмная бібліятэка, шмат кніг застаецца ў камерах ад былых сядзельцаў.

«У лістах Эдзік разважае, што для яго нават карысна ўзяць паўзу, спыніцца, калі няма інфармацыйнага шуму, падумаць, пераасэнсаваць штосьці. Прачытаў шмат гістарычных прац, якія раней хацеў прачытаць, але рукі не даходзілі. Напрыклад, прачытаў біяграфію Напалеона.

Мне самой падаецца, што адчаю больш на свабодзе, а палітычныя зняволеныя за кратамі больш бадзёрыя, маюць больш аптымізму — такая вось дзіўная сытуацыя.

У тым, што ён сядзіць, ні я не вінаватая, ні мой муж не вінаваты. Тым больш, што на свабодзе таксама ёсьць адказныя задачы, якія трэба выконваць кожнаму з нас. У мяне гэта наша сям’я, наша дачка, таму трэба знаходзіць радасьць у гэтым, знаходзіць, як сябе падтрымліваць», — разважае Вікторыя.

Па яе словах, дапамагае тое, што яна рэалістка, у яе няма ружовых акуляраў і надзеі, што муж выйдзе неўзабаве — праз год, максімум два.

«Я разумею, што яму дадуць гадоў 7—10. І сапраўды, трэба настройвацца на вялікі тэрмін, так будзе лягчэй з усім спраўляцца, і настройваюся на горшае. І дапамагае тое, што радуюся таму жыцьцю, якое ёсьць цяпер, радуюся сённяшняму дню. І не трэба сябе даймаць, што ты тут на волі, а муж за кратамі.

Мне падаецца, што тут трэба менш рэфлексаваць, а павярнуцца тварам да сытуацыі, якая ёсць, і з ёй спраўляцца», — перакананая яна.

«Узровень абсурду толькі нарастае, пакуль небяспечна вяртацца»

Што тычыцца вяртання на радзіму, Вікторыя прызнаецца, што думае пра гэта пастаянна, і не адзін раз вызначала для сябе пэўныя тэрміны.

«Я тут ужо год. І пастаянна стаўлю за мэту: «Вось да новага года вярнуся… Да вясны вярнуся… Летам ужо дакладна вернемся! Але вось прайшоў год, і ў мяне такое адчуванне, што мы тут надоўга.

Для мяне такім арыенцірам на вяртанне была думка, што калі Эдзіка асудзяць, накіруюць у калонію, я вярнуся ў Беларусь і буду падтрымліваць яго сама. Нават думкі былі — пасяліцца дзе-небудзь бліжэй да калоніі. Мне здавалася, тады ўсё заціхне, будзе больш бяспечна. Але калі гляджу, што адбываецца, узровень абсурду толькі нарастае, то, мне падаецца, пакуль небяспечна вяртацца.

Цяпер для мяне сігналам для вяртання будзе, калі Эдзік скажа, што ўжо можна вяртацца. Але пакуль ён наадварот кажа, каб я пакуль не вярталася і заставалася за мяжой», — шчыра прызнаецца Вікторыя.

Да вымушанай эміграцыі Вікторыя ўжо прызвычаілася. У Вільні вельмі шмат беларусаў. Літоўцы да суседзяў ставяцца добразычліва.

«Кантакты за год выбудаваліся. Ёсць да каго і па дапамогу звярнуцца, ёсць да каго ў госьці схадзіць, і ёсць каму да нас у госці прыйсці», — кажа Вікторыя, жонка палітвязня Эдуарда Пальчыса.

***

Эдуарда Пальчыса абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асобаў, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);

  • арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак);
  • арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера