Знайсці
25.11.2021 / 14:37РусŁacБел

Настаўніка Аляксея Мінава асудзілі да трох гадоў «хіміі» за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах

25 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Мінска палітзняволенага настаўніка Аляксея Мінава асудзілі да трох гадоў «хіміі». Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і вызвалілі ў зале суда, паведамляюць правабаронцы.

Справу разгледзела суддзя Юлія Шут. Бок дзяржабвінавачвання падтрымаў пракурор Святаслаў Вялікі.

Аляксея прызналі вінаватым у тым, што 9-10 жніўня 2020 года ён прымаў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ў Мінску — у тым ліку, на праезнай частцы на праспекце Пераможцаў. Згодна з тэкстам абвінавачвання, ён «прымаў удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не падпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, а таксама перашкаджаў працы транспарту і прадпрыемстваў. Таксама ён выкрыкваў лозунгі, пляскаў у далоні і выкарыстоўваў «палотнішча бел-чарвона-белага колеру». 

Аляксей цалкам прызнаў віну, не пагадзіўся толькі наконт сумы іску «Мінсктранса». Ён распавёў, што быў на мерапрыемстве, бо яму было цікава.

Калі 9 жніўня прыйшлі сілавікі, ён сышоў з месца пратэстаў. Таксама ён распавёў, што двойчы затрымліваўся па адміністрацыйных справах за ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах»: у жніўні і лістападзе 2020 года.

Да матэрыялаў справы былі далучаныя два фотаздымкі, сведак у справе не было. Іск «Мінсктранса» — больш за 25 тысяч рублёў — застаўся без разгляду і можа быць вылучаны ў асобную грамадзянскую вытворчасць.

Пракурор палічыў, што абвінавачванне цалкам даказанае. У якасці змякчальных абставінаў ён папрасіў улічыць раскаянне, у якасці абцяжарвальных — прыцягненне Мінава да адміністрацыйнай адказнасці. Ён папрасіў пакараць хлопца трыма гадамі «хіміі»: суддзя Шут цалкам пагадзілася з тэрмінам..

Аляксей Мінаў — літаратар, настаўнік беларускай мовы і літаратуры. 

Быў затрыманы 25 жніўня 2021 года, затым яму выставілі абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Выпускнік філфака БДУ, ён пачаў працаваць у сярэдняй школе яшчэ падчас навучання.

Дзень затрымання мусіў стаць яго першым днём работы ў Ліцэі БДУ, куды ён пераразмеркаваўся на апошні год сваёй адпрацоўкі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера