Знайсці
25.11.2021 / 11:37РусŁacБел

«Не ўяўляю, што цяпер можа зламаць». Інтэрв'ю з той самай парай, якая адсядзела за рэпосты ў прыватнай перапісцы 224 дні на дваіх

Настасся Крупеніч-Кандрацьева разам з мужам Сяргеем правялі за кратамі 224 дні на дваіх. З ліпеня іх бесперапынна судзілі па артыкуле 19.11 КаАП за перасылку адно аднаму навінаў з «экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў». Нечакана для ўсіх, хто сачыў за лёсам пары і для іх саміх, іх адпусцілі на пачатку лістапада, папярэдне асудзіўшы на чарговыя 15 сутак. Пасля гэтага пара амаль адразу пакінула Беларусь.

У інтэрв'ю «Нашай Ніве» маладыя людзі распавялі, што дапамагло ім перажыць гэтыя кашмарныя месяцы і як выпрабаванні іх змянілі.

«Тата выскачыў за мной у адных шкарпэтках»

Муж з жонкай выйшлі на волю пятага лістапада. У найбліжэйшай кавярні папрасілі выклікаць таксі і прыехалі да бацькоў Насці.

«Я націснула на званок — маці і тата былі ў шоку: нас жа толькі асудзілі на чарговыя 15 сутак. Я папрасіла грошы на таксі, пайшла разлічвацца з кіроўцам. Тата адразу выскачыў за мной, у адных шкарпэтках», — расказвае Настасся.

Пару дзён маладзёны пабылі з бацькамі, а ўжо восьмага лістапада пакінулі Беларусь. З заплечнікамі, у якія закінулі ноўт, дакументы, пару джынсаў, кофт, зубныя шчоткі з пастай і пакецік з сэндвічамі. Кажуць, што пасля Акрэсціна хуткі ад’езд з Беларусі пры дапамозе аднаго з фондаў салідарнасці ўспрымаўся ўжо як простая прыгода.

«Я думаў, што, як выйду на волю, буду баяцца кожнага бусіка, але нічога такога не было. Толькі на выхадзе з пад’езда сяброў мы правяралі, ці няма побач падазроных машын: апошнюю ноч правялі ў іх. Бацькі не ведалі, што мы з’язджаем», — расказвае Сяргей.

Цяпер Насця і Сяргей знаходзяцца ў Варшаве, адбываюць каранцін. Часова жывуць у сяброў, з якімі зблізіліся акурат у турме.

Польшча — не новая для пары краіна. На пачатку 2021-га яны пачалі жыць у Вроцлаве, куды Сяргея, андроід-распрацоўшчыка, запрасілі па працы. Насця тады звольнілася з пасады выхавацелькі ў групе падоўжанага дня адной са сталічных гімназій.

Але праз 1,5 месяца пара вярнулася ў Мінск, бо Сяргею прапанавалі лепшую вакансію на радзіме. Калі б маглі ведаць загадзя, які лёс іх чакае, ніколі б на такое не пайшлі — цяпер ужо кажуць нашы суразмоўцы. 

«Такія, як вы, тут непатрэбныя»

15 ліпеня Настассі нечакана патэлефанавалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Званок быў выкліканы каментарыем, які яна пакінула ў чат-боце аднаго з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў, яшчэ будучы на пасадзе выхавацелькі. Пара мяркуе, што на той момант ён ужо быў пад кантролем сілавікоў. 

«Мне прапанавалі: ці вы да нас, ці мы да вас. І я сама паехала на Рэвалюцыйную вуліцу. Там мне адразу агучылі абвінавачванне: вось, злівала дадзеныя сына міліцыянера, якога вучыла. Але насамрэч я проста напісала, што гэты хлопчык ходзіць у гімназію, дзе я працавала. Дадзеныя яго бацькі і так ужо былі апублічаныя.

Ніякага зліву дадзеных з майго боку не было, як пішуць у праўладных памыйках. І пра Сяргея, што ён на паток гэтую справу паставіў — хлусня.

Мне пачалі пагражаць, што я сяду на 5-7 год. У мяне дома правялі агляд, але нічога там не знайшлі. Потым супрацоўнікі залезлі ў мой тэлефон і выявілі там сумесныя з мужам рэпосты: «О, гэта тое, што нам трэба — пойдзеце па адміністратыўцы», — расказвае Насця.

Сяргей падхоплівае: «Яны пачалі званіць і мне, але я не адразу змог падняць слухаўку праз працу. Потым убачыў паведамленне ад Насці, якая тлумачыла, што званіў ГУБАЗік, трэба да іх прыйсці. Я быў на Рэвалюцыйнай недзе праз гадзіну пасля Насці.

Да мяне прад’яў у іх не было, адны мацюкі і абразы кшталту: «Чаму вы сюды прыпёрліся? Вы, айцішнікі, задралі, чаго вам не хапае. Валіце назад у сваю Польшчу. Такія, як вы, тут непатрэбныя».

У выніку мне сказалі, што рэпостаў у мяне шмат і я паеду ў ізалятар надоўга. На той момант я, праўда, не ведаў, што настолькі надоўга. Думаў: ну, мабыць, на 15 ці 30 сутак».

Далей — Ленінскае РУУС і пратаколы па артыкуле 19.11 (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў), прысуды на 12 і 13 сутак, якія сталі пачаткам чарады новых пратаколаў і новых порцый сутак. Як цяпер думаюць маладзёны: іх каралі дэманстратыўна, паказальна.

Ілюстрацыйнае фота.

Першы раз за сцены ізалятара пару выпусцілі на 41 дзень: Насцю — з Баранавіч, а Сяргея з Акрэсціна. Дома яны толькі пераначавалі: гэта дазволілі зрабіць супрацоўнікі міліцыі, якія сустракалі ўжо на лесвічнай пляцоўцы з умовай прыйсці зранку ў Ленінскі РУУС, каб падпісаць паперу з абяцаннем больш нідзе не свяціцца.

Насця і Сяргей не верылі, што іх адпусцяць з размовы, таму падрыхтаваліся, надзелі на сябе некалькі штаноў і трусоў, цішотак, узялі з сабой пакеты з гігіенічнымі сродкамі. Гэта быў адзіны раз, калі ім дазволілі пранесці рэчы з сабой у камеру.

Насця расказвае, што адну пячэньку ў дзень вызвалення кагосьці яны дзялілі на ўсіх сукамерніц — атрымлівалася па маленькай крышачцы. Але гэта было сапраўдным святам, бо неўзабаве асуджаных пазбавілі не толькі рэчаў з дома, цёплага адзення, якое яны сцялілі на падлогу, каб спаць, але і пластыкавых бутэлек, пры дапамозе якіх можна было мыцца над прыбіральняй і піць з іх. 

«Апускала галаву — і вошы падалі на падлогу»

На шпацыр Насцю і Сяргея звадзілі толькі пару разоў летам, калі на вуліцы стаяла спёка ў 36 градусаў. У сапраўдны, належны ўсім асуджаным душ, Насця не трапіла за амаль чатыры месяцы зняволення ні разу. Сяргей пабываў там аднойчы:

«Да нас пастаянна падсялялі «цікавых» персанажаў. Свае суткі з намі адбыў, напрыклад, мужчына, які моцна піў. У яго была эпілепсія, а ў нейкі момант пачалася «белачка». Ён ладзіў нам розныя перформансы кшталту мастурбацыі. Былі і бяздомныя з вошамі.

У верасні ў камеры здарылася сапраўдная эпідэмія: здаецца, усе былі заражаныя плацянымі вошамі. Мы тыдзень патрабавалі «пражарку» — у выніку ўсё ж прыйшла дэзынфектар і папрасіла прадэманстраваць ёй вошы ці іх яйкі. Тыя, хто нешта знайшоў на сабе ў той момант (мы ж іх рэгулярна рукамі выціскалі), змог пайсці ў душавую».

«У жаночай камеры №15 былі і адзежныя вошы, і валасяныя. Толькі «пачысцішся», як прыводзяць чарговую бяздомную «Алу Ільінішну» і ўсё пачынаецца зноў. Самы пік здарыўся на пятым маім пратаколе: я проста апускала галаву, трэсла валасы — і вошы падалі на падлогу. Але нам далі сродак супраць насякомых. І кожную раніцу мы пачыналі з таго, што гадзіны дзве аглядалі адна адну, даставалі гнід, апрацоўвалі галаву. Так цягнулася недзе месяц, і на волю я выйшла ўжо «чыстай»», — працягвае Настасся.

Цяпер сумесных сэлфі можна зрабіць шмат.

Пратэст камеры №15: за што змагаліся жанчыны, якія абвясцілі галадоўку ў ЦІП на Акрэсціна

«Немагчымасць абняць роднага чалавека страшнейшая за сон на падлозе»

Нягледзячы на антысанітарыю, шмоны тры разы на дзень, начныя пабудкі ў два ночы і чатыры раніцы ды іншыя здзекі, суразмоўцы прызнаюцца, што самым цяжкім для іх была немагчымасць абняцца. Апошнія 1,5 месяца муж і жонка не маглі бачыцца нават праз дзірку-кармушку.

«На некалькі дзён нас увогуле пасялілі на розных паверхах. Было цяжка не чуць голас Насці на пераклічках».

Насця пацвярджае: «Гэта сапраўды самае цяжкае — калі вас раздзяляе пару метраў, але ты не можаш ні ўбачыць, ні абняць роднага чалавека. Для мяне гэта страшнейшае за сон на падлозе».

Не з’ехаць з глузду дапамагала ўменне іранізаваць над сітуацыяй і падтрымка сукамернікаў. За месяцы з Насцяй і Сяргеем пасядзелі людзі самых розных прафесій: ад настаўнікаў да айцішнікаў, ад слесараў да дырэктараў фірм. Большасць — за рэпосты. Некаторыя былі асуджаныя за налепкі і каментарыі ў сацсетках.

Нейкі перыяд у жаночай камеры існавала традыцыя: згадваць, што добрага адбылося за дзень. Гэта мог быць нават выдадзены новы кавалак мыла. Але калі ў жанчын забралі і яго, і туалетную паперу, і пракладкі, і зменныя трусы, жаданне настройвацца на пазітыўны лад адпала.

Рахунак за харчаванне — 3248 рублёў

У нейкі момант маладзёны перасталі чакаць вызвалення: настроіліся, што раней за новы год дакладна не выйдуць.

«Са мной запісалі два пакаяльныя відэа: адно яшчэ пры затрыманні, а другое недзе праз тры месяцы — у клетцы на Акрэсціна. Мне сказалі, што, калі я запішу шчыры маналог на пяць хвілін, для мяне ўсё хутка скончыцца.

Хаця першапачаткова пагражалі тым, што буду сядзець да новага года, што сустрэну свята з супрацоўнікамі ЦІП, што ў мяне пратаколаў да студзеня. Мяне дапытвалі, ці звязваліся са мной журналісты і валанцёры. Нічога, што я сядзела безвылазна ў камеры? Як бы на мяне хто выйшаў?

Іх вельмі трэсла, мне падаецца, ад таго, што пра нас пісалі ў СМІ, а потым прызналі палітзняволенымі (хаця пра гэта я даведалася толькі пасля вызвалення)», — расказвае Насця.

Сяргея відэа запісваць не прасілі, але да яго разоў дзевяць прыходзілі ў ізалятар на «апытанні» супрацоўнікі РУУС.

Калі пару асудзілі на чарговыя 15 сутак, яны нават не здзівіліся. Намёкамі на вызваленне не пахла. Але неўзабаве пасля суда іх выставілі з рэчамі і ўсімі некранутымі перадачамі ў пакетах на вуліцу. Хутка яны пілі каву, пра якую марылі месяцамі, і елі жаданы «Біг Тэйсці».

«Не ведаем, чаму нас выпусцілі, але, думаем, у тым ліку праз наш статус палітзняволеных. Ім не патрэбныя лішнія палітзняволеныя практычна на пустым месцы. Таксама была вялікая інфамацыйная хваля. Увогуле, тое, што пра нас памяталі, пісалі нам лісты, хай іх і не перадавалі, надавала моцы і адчування: усё не дарма. Хочацца сказаць дзякуй кожнаму, хто нас падтрымліваў і перажываў за нас, хто дапамог нам выехаць за мяжу», — кажуць нашы суразмоўцы.

За 224 дні харчавання ў ізалятарах сям’я атрымала рахунак на суму 3 248 рублёў.

Ілюстрацыйнае фота.

«Ëсць вялікая злосць на супрацоўнікаў міліцыіі, ЦІП. Яны павінны панесці пакаранне»

Калі сям’я жыла ў Польшчы да ўсіх драматычных падзей, то вельмі сумавала па Мінску. На гэты момант, прызнаюцца героі, настальгіі ў іх няма.

«Вяртацца ў Беларусь пакуль не хочацца. Ëсць вялікая злосць на супрацоўнікаў міліцыіі, ЦІП. Яны павінны панесці пакаранне за злачынствы. За тыя катаванні, якія арганізавалі. Пачуццё бяспекі, свабоды ўсё ж ні з чым не параўнаць. Калі я сядзеў, то разважаў так: гатовы начаваць на вакзале, толькі б на волі», — каментуе Сяргей.

Хлопец працягне працаваць андроід-распрацоўшчыкам: калегі падтрымлівалі яго сям’ю і моцна чакалі Сяргея на волі. Як і Насця, ён плануе вучыць польскую мову і легалізавацца ў Польшчы.

«Я пайду вучыцца і цалкам змяню від дзейнасці. Пакуль не вырашыла, праўда, на каго. Спачатку трэба аднавіць здароўе: пасля Акрэсціна ў мяне пачаліся праблемы па жаночай лініі. Відаць, трэба будзе таксама пайсці да псіхолага. Калі раней я думала пра кар’еру, нейкія матэрыяльныя каштоўнасці, то цяпер разумею, што галоўнае — гэта сям’я на гэты момант».

Ва ўсёй гэтай кашмарнай сітуацыі муж і жонка адзначаюць добрае: складанасці яшчэ больш зблізілі іх.

«Нашы стасункі з мужам дакладна сталі лепшымі. Я адчуваю, што стала мацнейшай. Не ўяўляю, што цяпер можа зламаць. На Акрэсціна я думала, што чарговы пратакол, а ў звычайным жыцці — не ведаю што».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера