Знайсці
25.11.2021 / 13:19РусŁacБел

Як касмічныя спадарожнікі памерам са скрыню для абутку мяняюць свет

Кубсаты, ці CubeSats — гэта маленькія прыстасаванні (аб’ёмам усяго некалькі літраў і вагой некалькі кілаграмаў), але магутная тэхналогія. Сёння гэтыя штучныя спадарожнікі Зямлі выкарыстоўваюцца для даследаванняў з космасу, але прыдуманыя яны былі прафесарам Бобам Твігам у 1999 годзе з адукацыйнымі мэтамі. Іх можна сабраць хутчэй і больш танна, чым традыцыйныя сатэліты, і цяпер на арбіце Зямлі лётаюць сотні такіх кубсатаў — зробленых універсітэтамі, стартапамі і ўрадамі. Пра шэсць праектаў, дзе спадарожнікі дапамагаюць чалавецтву, расказвае BBC.

Скрыншот з відэа НАСА на YouTube

1. Спыняюць вырубку лесу.

Нарвежскі ўрад супрацоўнічае са спадарожнікавай кампаніяй Planet, каб адсочваць, дзе ў свеце высякаюць лес. Кампанія мае 180 штучных спадарожнікаў, якія пастаянна фатаграфуюць Зямлю, іх камеры маюць пашырэнне 3 метры на піксель — і гэта дазваляе з космасу ўбачыць, дзе адбываецца высечка.

Нарвежскі ўрад аплачвае маніторынг лесу ў 64 трапічных краінах.

«Мы інфармуем міністэрствы па ахове лесу ў гэтых краінах наконт лакацый высечкі, і Нарвегія затым фінансуе працы ў гэтых краінах па спыненні высечкі», — кажа Уіл Маршал, дырэктар Planet.

 2. Адсочваюць жывёл, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

У гэтым годзе каманда студэнтаў з Італіі і Кеніі запусціла праект Wildtrack CubeSimba. Гэты кубсат будзе маніторыць птушак і млекакормячых у Кенійскім нацыянальным парку. «Мы назіраем канфлікты між людзьмі і жывёламі. Напрыклад, калі сланы прыходзяць на ферму, нішчаць ураджай, псуюць маёмасць, а часам нават забіваюць людзей», — кажа студэнт інжынернага аддзялення з Найробі.

«Таму мы хочам дапамагаць ім, папярэджваючы пра набліжэнне жывёл, каб вяскоўцы маглі не даць жывёлам зайсці ў вёску», — тлумачаць студэнты.

Удзельнікі праекту плануюць прымацоўваць да жывёл яшчэ і радыёбіркі, якія, хочацца верыць, змогуць адсочваць не толькі месцазнаходжанне. «Браканьеры палююць на біўні сланоў і рогі насарогаў у Кеніі, і гэта вялікая праблема. Такія радыёбіркі змогуць сачыць за сэрцабіццём жывёлы і паведамляць, калі яе забілі», — дзеляцца студэнты.

Такія кубсаты запускаюцца на тры гады. Звычайна яны могуць вытрымаць ад двух да пяці гадоў працы, а тады выбухаюць у атмасферы.

 3. Выяўляюць выпадкі сучаснага рабства.

Лабараторыя па правах чалавека ў Натынгемскім універсітэце выкарыстоўвае здымкі спадарожнікаў, каб атрымаць інфармацыю пра засакрэчаны свет прымусовай працы.

Так, зусім нядаўна яны змаглі, дзякуючы кубсатам,лакалізаваць перасоўныя лагеры бангладэшцаў, якія збіраюць ураджай у Грэцыі.

Каманда супрацоўнічала з мясцовай НДА, якая змагла наведаць лакалізаваны лагер і паразмаўляць з мігрантамі там ды высветліць на месцы, у якіх умовах працуюць людзі.

 4. Прыбіраюць смецце ў космасе.

Нядаўна Расія выклікала абурэнне ўсяго свету, запусціўшы ракету ў адзін са сваіх старых спадарожнікаў. У выніку ліквідацыі сатэліта тысячы аскепкаў засталіся лётаць на ўзроўні нізкай арбіты Зямлі. Аскепкаў, якія могуць зафіксаваць спецыялісты, і так дзясяткі тысяч у космасе, а ёсць жа яшчэ і зусім дробныя, якія не зафіксуеш прыборамі, але якія таксама ўяўляюць небяспеку для іншых сатэлітаў і касманаўтаў.

Самі кубсаты, вядома, не здольныя збіраць смецце, але іх выкарстоўваюць як мадэлі смецця ў эксперыментах па касмічнай прыборцы. Японцы паспрабавалі «прымагнічваць» смецце — і гэта спрацавала на кубсатах. Еўрапейскі сатэліт RemoveDebris змог схапіць два кубсаты пры дапамозе гарпуна і сеткі.

 5. Рамантуюць ветраныя турбіны.

Кубсаты могуць інфармаваць людзей пра змены у датчыках на любых цяжкадаступных прадметах.

Напрыклад, каб фермеру не наведваць далёкія рэзервуары з вадой, замест яго за ўзроўнем вады сочаць спецыяльныя датчыкі, якія перадаюць інфармацыю кубсату, а той, адпаведна, — фермеру.

Гэтак жа з падтрымкай ветратурбін — іх правяраюць і рамантуюць толькі два разы на год, таму часам паломка можа чакаць некалькі месяцаў, пакуль яе знойдуць. Адмысловыя датчыкі навучаныя рэагаваць на змену гуку ад працы турбіны, што часта значыць паломку лопасці. Такая інфармацыя адразу перадаецца аператару турбіны, і яе рамантуюць нашмат хутчэй.

 6. Даследуюць глыбокі космас.

Большась кубсатаў павернутыя да Зямлі, але некаторыя развернутыя да зорак.

У 2018 годзе НАСА адправіла першы кубсат у глыбокі космас. Спусціўшыся на Марс, тыя кубсаты змаглі перадаць безліч каштоўнай інфармацыі. У наступным годзе НАСА адправіць яшчэ 10 кубсатаў у космас з дзвюма місіямі: праверыць уздзеянне радыяцыі глыбокага космасу на жывы арганізм і даследаваць водныя рэсурсы на паўднёвым полюсе месяца. Гэтыя місіі — частка большай праграмы, якая спадзяецца аднойчы адправіць людзей на месяц.

Пазбегнуць Армагеддона. Упершыню чалавецтва накіруе касмічны зонд у сэрца астэроіда, каб змяніць яго траекторыю

Амбіцыйны праект Джэфа Безаса: касмічная станцыя для турыстаў. Яна будзе параўнальная з МКС

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930