Знайсці
21.11.2021 / 10:37

Псіхолаг пра народную дэпрэсію: «На самай справе, у беларусаў ёсць шыкоўны патэнцыял, каб справіцца з праблемай»

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2020 годзе Беларусь заняла 5 месца ў свеце па колькасці самагубстваў сярод насельніцтва. Гледзячы на цяперашні стан беларусаў, у хуткім часе сітуацыя можа пагоршыцца.

Павялічыць

Фота Сяргея Гудзіліна.

«Беларуская дэпрэсія — гістарычная спадчына нацыі»

За мінулы год рахункі з жыццём у Беларусі звялі 2 447 чалавек, а гэта 26,2 выпадку на сто тысяч насельніцтва. У сумным рэйтынгу нас абыходзяць толькі Літва, Расія, Гайяна і Карэя.

На жаль, такое лідарства беларусы маюць ужо не адно дзесяцігоддзе. Паводле класіфікацыі СААЗ, высокім лічыцца ўзровень колькасці самагубстваў, калі фіксуецца больш за 19 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва, а крытычным для дэмаграфічнай сітуацыі — больш за 30 выпадкаў.

Для многіх беларусаў 2020 год стаў адным з самых цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў. Мяркуйце самі: са жніўня мінулага года ў краіне распачалі больш за 5000 крымінальных спраў. Кожны дзень беларусы чытаюць навіны аб новых выпадках ператрусаў, затрыманняў, судовых прысудах.

Тысячы людзей жывуць у стане трывогі і страху, а 390 тысяч беларусаў, ці больш за 4% усіх жыхароў краіны, яшчэ і за рысай беднасці.

Мы паспрабавалі даведацца актуальныя лічбы па самагубстваў за апошні час. Агучваць рэальныя лічбы медыкі, што працуюць з гэтай праблемай, адмовіліся, патлумачыўшы гэта тым, што размаўляць з журналістамі на гэтую тэму ім катэгарычна забаронена.

Але пры гэтым адзначылі: «Такіх лічбаў, якія ў нас ёсць цяпер па самагубствах, і такіх прыгнечаных станаў, у якіх цяпер знаходзяцца многія беларусы, у краіне не было дзесяцігоддзямі».

Як такое жыццё адбіваецца на стане беларусаў, да чаго можа прывесці і чым адгукнецца, мы пагаварылі з псіхолагам, кандыдатам псіхалагічных навук Таццянай Сініцай.

«Наша Ніва»: Таццяна, скажыце, пра што кажа павелічэнне колькасці самагубстваў сярод беларусаў?

Таццяна Сініца: Калі гаворка зайшла пра самагубствы, давайце разбярэмся, што гэта такое. На жаль, беларусы — сапраўды дэпрэсіўная нацыя, гэта наша нацыянальная рыса, у нейкім сэнсе — гістарычная спадчына.

Нават калі не капаць вельмі глыбока, а прааналізаваць хаця б сучасную гісторыю, то стане зразумела: апошнія дзесяцігоддзі мы жывем ва ўмовах бездапаможнасці, незадаволенасці і негатыву.

Многія так і кажуць: «Мы нічога не можам змяніць. Што рабіць — трэба жыць далей. Абы не было вайны». Гата называецца «вывучаная бездапаможнасць». Звычайна так кажуць прадстаўнікі старэйшага пакалення. Што адбываецца з маладымі людзьмі: знешняя праява іх нязгоды з сітуацыяй выклікае карныя меры з боку ўладаў.

Але калі чалавек не можа вымесціць агрэсію, з часам гэтая ж назапашаная агрэсія можа прывесці да глыбокай дэпрэсіі і нават падштурхнуць да самагубства. Увогуле, самагубства — гэта крайняя ступень самаагрэсіі.

Простымі словамі, калі бачым павелічэнне колькасці самагубстваў, хутчэй за ўсё, у грамадстве занадта вялікая напружанасць, а людзі ў стане безвыходнасці. Зразумела, гэта даволі абагульненае выказванне. Тут трэба ўлічваць шмат фактараў — узаемаадносіны ў сям’і, сацыяльныя інстытуты, палітычны лад…

«Толькі ўявіце: у людзей раптам з’явілася магчымасць адкрыта выказаць свой пратэст»

Грамадства павінна быць уладкаванае такім чынам, каб у людзей была магчымасць свабодна выказаць сваю рэакцыю на тое, што адбываецца, і, калі трэба — у форме пратэсту.

У цывілізаваных краінах гэта норма, калі незадаволеныя чымсьці людзі пратэстуюць, ставяць свае патрабаванні, разумеючы, што яны будуць пачутыя і што гэта не прывядзе да агрэсіі ў іх бок. У нас гэтага не адбываецца.

А цяпер давайце паглядзім, што здарылася ў 2020-м. Толькі ўявіце сабе, у людзей раптам з’явілася магчымасць адкрыта выказаць свой пратэст. І многіх гэта вельмі натхніла.

Дарэчы, вы звярнулі ўвагу, як адразу ж заквітнела мастацтва? Беларусы спявалі песні, ігралі на музычных інструментах, ладзілі тэатральныя пастаноўкі, дваровыя канцэрты… І гэта вельмі правільная і пазітыўная рэакцыя.

Справа ў тым, што менавіта культура дапамагае людзям афармляць свае перажыванні, працаваць са сваёй душой. І гэта самая галоўная форма прафілактыкі суіцыдальных схільнасцяў.

Медыцына — гэта ўжо апошні інструмент. У нас яна ўжо па факце працуе, і толькі з тымі, хто, як гаворыцца, дайшоў да крытычнага стану. Альбо ж рэагуе на факты суіцыдаў, якія ўжо здарыліся — шляхам стварэння праграм па прадухіленні здзяйснення суіцыдаў. А вось рэалізацыя свайго ўнутранага стану праз тую ж культуру і мастацтва — гэта рэальна дзейсны інструмент. Як выявіў 2020-ы год, на самой справе, у беларусаў ёсць шыкоўны патэнцыял, каб справіцца з існуючай праблемай.

«НН»: Аднак, калі масавыя акцыі пратэсту задушылі, многія беларусы зноў скаціліся ў дэпрэсію і стан безвыходнасці…

ТС: Яшчэ адна наша рэальнасць: у нашым грамадстве дагэтуль няма належнай падтрымкі, няма магчымасці самавыяўляцца. Канцэрты забаранілі, актыўных людзей пераследуюць… У асноўным я працую з моладдзю, і бачу, як ім цяпер цяжка.

Дарэчы, ім, па маіх назіраннях, цяпер нашмат складаней, чым дарослым. У многіх павышаная трывога, эмацыйныя арэлі. Уяўленне пра будучыню для многіх стала цяпер вельмі цьмяным.

Трывога і адчуванне безнадзейнасці — тое, з чым сёння жыве маладое пакаленне беларусаў.

І гэта сапраўды дрэнны паказчык. Гэта адбіваецца на іх актыўнасці, матывацыі, творчай энергіі. Некаторыя, на жаль, трапляюць у псіхіятрычныя бальніцы з-за незбалансаванасці эмацыйнай сферы.

Дарослыя, на мой погляд, трымаюцца крыху лепей. Некаторыя нават пачалі звяртацца да псіхолагаў, псіхіятраў.

Але многія сталі больш выпіваць, ужываць наркатычныя рэчывы — гэта, дарэчы, таксама варыянт павольнага самагубства. І ў нас яно вельмі распаўсюджанае.

«НН»: Многія параўноўваюць цяперашні стан беларусаў са станам пасляваенных гадоў, некаторыя нават з 37-м годам. Згодныя з гэтым?

ТС: Не зусім. Гэта, на мой погляд, усё ж іншы вопыт. Такога мы яшчэ не праходзілі. Усё ж гаворка ідзе не пра вайну, а пра падаўленне волі народа, яго спробу адстаяць свае правы.

«Шмат чаго цяпер залежыць ад саміх людзей»

«НН»: Дзеці ў дварах гуляюць у турму і затрыманні, дарослыя баяцца збірацца вялікімі кампаніямі, апранаюць максімальна зручнае адзенне на выпадак затрымання, ходзяць з аглядкай… Гэта гаворыць пра тое, што псіхалагічна мы параненыя людзі?

ТС: Факт: сёння ў стрэсе амаль усе беларусы. І тыя хто за, і тыя, хто супраць. Мы назіраем масавую траўматызацыю грамадства.

А вось тое, што дзеці гуляюць у затрыманне і турму — гэта цалкам натуральна. Дзеці — люстэрка таго, што адбываецца ў грамадстве. Яны так пражываюць свой вопыт — гэта норма. Тое, што дарослыя цяпер носяць зручную вопратку, запасную бялізну ці зубныя шчоткі — гэта наогул лепшая рэакцыя на тое, што адбываецца.

Мяркуйце самі: мы жывем у стане павышанай трывогі, але клапоцімся пра сябе на выпадак горшага варыянту развіцця падзей. Паверце, гэта значна лепш, чым калі б чалавек біўся ў істэрыцы і бегаў па столі.

«НН»: Многія псіхолагі кажуць, што рэакцыя на стрэс у людзей, як правіла, адкладзеная. У стане жаху беларусы жывуць ужо больш за год. Гэта значыць, што суіцыдальных думак у беларусаў можа стаць яшчэ больш?

ТС: Вельмі не хочацца, каб так было. Але стан многіх людзей цяпер, як зваротная рэакцыя на тое, што адбываецца, сапраўды можа быць блізкім да крытычнага. Да таго ж цяпер восень, наперадзе зіма. Сама па сабе пара дэпрэсіўная.

«НН»: Таццяна, ці ёсць выйсце?

ТС: Мне здаецца, вельмі многае цяпер залежыць ад саміх беларусаў. У прыватнасці тое, ці пагодзяцца яны пасля таго, на што яны аказаліся здольнымі ў 2020-м, зноў вярнуцца ў безнадзейны дэпрэсіўны стан. Ці будуць яны здольныя больш не назапашваць у сабе напружанне, а выпускаць яго ў пазітыўнай форме.

Многія, і я, дарэчы, таксама, цяпер трымаюцца на тым перажытым вопыце. Для мяне 2020 год стаў годам адкрыцця. Аказваецца, вакол мяне велізарная колькасць крутых людзей.

Мы ўбачылі, што ў нас ёсць унутраны агонь. Мяне гэта вельмі падтрымлівае цяпер, стараюся не апускацца ніжэй гэтай планкі. Наша душа жывая, і яна мае тэндэнцыю да жыцця, а не да самазнішчэння.

Што рабіць, калі накрыла?

Беларусы сёння — кактэйль з цяжкіх эмоцый: страх, злосць, трывога, пачуццё бызвыходнасці… Псіхолагі кажуць: траўма — гэта не сама падзея, а стан, які выкліканы гэтай падзеяй.

Прытым у адной і той жа сітуацыі розныя людзі могуць знаходзіцца ў розных станах: адны атрымаюць стрэс, іншыя — траўму. Усё гэта залежыць ад асаблівасцяў псіхікі, працягласці знаходжання ў стрэсе і іншых фактараў. Але кожны з нас дакладна ў сілах дапамагчы сабе сам.

«Каб вярнуць сябе ў нармальны стан, калі ўзровень стрэсу зашкальвае, трэба наўмысна прыкладаць намаганні і ствараць сабе нармальныя жыццёвыя ўмовы, — расказвае медыцынскі псіхолаг Алена. — Многія мае пацыенты кажуць: «Пакуль некаторыя пакутуюць за кратамі, якое права я маю купляць сабе новую сукенку, адпачываць у Егіпце або хадзіць у тэатр.

Гэта не так. Усе гэтыя дзеянні — як лекі. Нават калі прымаць вы іх не хочаце, гэта трэба зрабіць для выздараўлення.

Таксама абавязковымі для беларусаў я б назвала максімальна здаровае харчаванне, сон, фізічную актыўнасць і прагаворванне-пражыванне сваіх эмоцый. Прытым гэта тычыцца і жанчын і мужчын у роўнай ступені.

Як кажуць спецыялісты, наступным этапам пасля перажывання страху і бяссілля павінна стаць прыняцце сітуацыі, усведамленне яе каштоўнасці.

Напэўна, вы здзівіцеся: «Якую каштоўнасць з гэтага ўсяго можна вынесці?». Але гаворка ідзе пра псіхалагічнае сталенне нацыі. Так, гэта вельмі павольны, балючы і складаны працэс, але нам давялося праз яго прайсці. І гэта каштоўнасць, з якой мы выйдзем іншымі людзьмі і, магчыма, з пераменамі».

Чытайце таксама: 

Як турма змяняе людзей і што чакае палітвязняў? Вялікі гайд ад псіхолага

Як беларусам далей жыць са стукачамі і ахвярамі? Вопыт нямецкага грамадства, якому давялося прызнаць калектыўную віну

«Фразы ў духу «яны не будуць столькі сядзець» выклікаюць злосць і раздражненне». Як размаўляць са сваякамі палітвязняў?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30