Нямецкі Bild апублікаваў дэталі першай размовы Лукашэнкі з Меркель
Нямецкае выданне Bild апублікавала дэталі размовы, якая адбылася ў панядзелак паміж выканаўцай абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангелай Меркель і Аляксандрам Лукашэнкам. Выданне спасылаецца на ўласныя крыніцы і дае наступныя пункты, якія нібыта назваў у размове Лукашэнка, перадае «Радыё Свабода».
- Яго прызнанне прэзідэнтам: каб не было проста пагардлівага «спадар Лукашэнка» (менавіта так называлі Лукашэнку ў прэс-рэлізе нямецкага ўрада па выніках размовы).
- «Зняцце санкцый Еўрасаюза супраць яго краіны пасля фальсіфікацыі выбараў, гвалту і катаванняў супраць народу і ўгону самалёта Ryanair, з якога ён выкраў блогера».
- Каб ЕС (асабліва Нямеччына) забраў палову мігрантаў, якіх ён прывёз у краіну, каб адправіць іх у Еўрасаюз і дэстабілізаваць Захад.
- Фінансавая дапамога для экстранных прытулкаў і дамоў для ўцекачоў, бо ён баіцца яшчэ большай хвалі бежанцаў з Афганістана праз Беларусь у Еўрасаюз.
Меркель, паводле інфармацыі Bild, захоўвала жорсткую пазіцыю, «але паабяцала дыктатару вывучыць розныя рэчы і абмеркаваць іх з кіраўнікамі дзяржаў ЕС».
Выданне адзначае, што можна было б казаць пра прыём некаторых мігрантаў, калі Лукашэнка забяспечыць, каб астатніх мігрантаў даставілі назад у родныя краіны, і здыме ціск з памежнай зоны з Польшчай.
Паводле інфармацыі Bild, Меркель таксама цалкам не выключыла ўскосную фінансавую дапамогу на будаўніцтва жылля для ўцекачоў.
Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла «РІА Новості», што Лукашэнка не абмяркоўваў з Меркель санкцыі і «прызнанне».
«Было б ніжэй за годнасць прэзідэнта Лукашэнкі ўздымаць падчас размовы падобныя пытанні ці выстаўляць падобныя ўмовы. Ніводнага слова пра санкцыі і тым больш пра нейкае «прызнанне» падчас размоў сказана не было», — заявіла Эйсмант.