Знайсці
16.11.2021 / 23:37РусŁacБел

Барэль у тэлефоннай размове з Макеем заклікаў тэрмінова аднавіць парадак на мяжы

Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль правёў у аўторак тэлефонную размову з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем і заклікаў тэрмінова аднавіць парадак на мяжы з Польшчай, паведамляе ТАСС.

«Я правёў тэлефонную размову пасля абмеркавання Беларусі на пасяджэнні Рады ЕС [на ўзроўні кіраўнікоў МЗС у Бруселі]. Я заклікаў да тэрміновых дзеянняў, каб аднавіць парадак у памежным раёне Беларусі і ЕC і развязаць цяжкую гуманітарную сітуацыю асоб, якія затрымаліся ў гэтай зоне», — напісаў Барэль у Twitter.

На сустрэчы ў панядзелак кіраўнікі МЗС ЕС прынялі пастанову аб увядзенні пятага блока санкцый супраць Беларусі і ўзгаднілі стварэнне новага санкцыйнага механізму для авіякампаній, турагенцтваў і фізічных асоб, адказных за перавозку мігрантаў у Беларусь.

Аб гэтай тэлефоннай размове таксама паведаміла МЗС Беларусі. Паводле заявы прэс-службы МЗС, Макей «давёў да суразмоўцы інфармацыю па ўзмацненні жорсткасці міграцыйнага рэжыму ў Беларусі». «Асобна акцэнтаваў сур'ёзныя намаганні беларускага боку па забеспячэнні мігрантаў гуманітарнай дапамогай», — гаварылася ў паведамленні. У ім адзначалася, што беларускі міністр «пацвердзіў нацэленасць Беларусі на сумесны пошук шляхоў вырашэння наяўных праблем, уключаючы больш хуткае ўрэгуляванне міграцыйнага крызісу».

Пры гэтым была падкрэслена прынцыповая пазіцыя беларускага боку аб «непрымальнасці санкцый як інструменту палітыкі ў дачыненні да суверэннай і незалежнай дзяржавы, іх негатыўных наступствах як для двухбаковых адносін, так і для рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі ў цэлым».

У заяве адзначалася, што па пытаннях гуманітарнай дапамогі бежанцам беларускі бок узаемадзейнічае з грамадскімі і міжнароднымі арганізацыямі, уключаючы ўпраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, Міжнародную арганізацыю па міграцыі, Міжнародны дзіцячы фонд, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа і паўмесяца.

Бакі дамовіліся аб працягу кантактаў па лініі Беларусь — ЕС.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера