Знайсці
16.11.2021 / 19:18РусŁacБел

«Гардыян» пра крызіс на беларускай мяжы: Лукашэнка не дапаможа мігрантам, але ЕС павінен гэта зрабіць

Уплывовае брытанскае выданне «Гардыян» выпусціла артыкул, прысвечаны падзеям на беларускай мяжы. Тэкст, напісаны ад імя рэдакцыі, распавядае пра адказнасць рэжыму Лукашэнка за беспрэцэдэнтны крызіс, але пры гэтым тлумачыць, што еўрапейцы маглі б зрабіць для мігрантаў.

Фота БЕЛТА.

Перш за ўсё, брытанскія журналісты нагадваюць пра смерць маладога сірыйца, цела якога знайшлі ў канцы мінулага тыдня ў польскіх лясах. Па афіцыйных звестках, гэта дзявятая смерць на мяжы з часоў, калі Аляксандр Лукашэнка, як пішуць брытанцы, пачаў цынічна выкарыстоўваць у сваёй канфрантацыі з Захадам адчай мігрантаў.

Аўтары «Гардыян» лічаць, што гібель сірыйца — дакладна не апошняя смерць у гэтым крызісе. Яны нагадваюць пра тысячы мігрантаў, што застаюцца на мяжы і начуюць пры халодным надвор’і амаль без прыстанішча і без цёплага адзення. Сярод іх ёсць жанчыны і дзеці. Гэтыя людзі не могуць вярнуцца, бо рызыкуюць, паводле «Гардыян», трапіць пад гвалт з боку беларускіх сілавікоў, якія не жадаюць адпускаць мігрантаў з мяжы.

Тыя з мігрантаў, у каго атрымліваецца трапіць у Польшчу, вымушаныя хавацца ад польскіх памежнікаў, паліцыі і салдат, пры гэтым знаходзячыся ў зоне надзвычайнага становішча. Калі ж мігрантаў ловяць, іх вяртаюць у Беларусь.

Праз надзвычайнае становішча ні журналісты, ні гуманітарныя арганізацыі не могуць працаваць у памежнай зоне з польскага боку.

«Гардыян» піша, што няма сумневу ў тым, хто адказны за сітуацыю. Усё пачалося з майскай пагрозы Лукашэнкі стварыць на еўрапейскіх межах мігранцкі крызіс. Беларускі рэжым пачаў даваць уязныя візы, не звяртаючы ўвагі на невыкананне мігрантамі патрабаванняў для гэтага.

Гэта выглядае як спроба прымусіць ЕС палегчыць санкцыі, прынятыя пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года. Аднак гэтая спроба не працуе, бо ЕС ужо рыхтуе пяты пакет санкцый.

Брытанскае выданне называе гэтую меру разумным адказам на правакацыю з боку Лукашэнкі. Еўропа павінная, як кажа глава дыпламатыі ЕС Барэль, «супрацьстаяць ужыванню мігрантаў у палітычных мэтах».

Аднак так сябе вядзе з мігрантамі не толькі Беларусь, але і ЕС. Польскі ўрад, як піша «Гардыян», доўгі час перашкаджаў любым спробам стварыць у ЕС належную сістэму прадастаўлення прытулку. Цяпер жа ён і ўвогуле прыняў закон, што дазваляе высылаць мігрантаў з Польшчы і пры гэтым не разглядаць іх заявы на прадастаўленне прытулку. Варшава таксама разглядае магчымасць пабудаваць на мяжы з Беларуссю сцяну.

Па меркаванні аўтараў «Гардыян», Польшча і ЕС аб’ядналіся ў тым, што трэба ні ў якім разе не пусціць у аб’яднаную Еўропу некалькі тысяч змёрзлых мігрантаў.

Аднак, каб пазбегнуць далейшых смерцяў, людзям патрэбная тэрміновая гуманітарная дапамога і садзейнічанне, піша «Гардыян». Лукашэнка гэтага не зробіць, аднак на гэта павінен пайсці ЕС.

Абвастрэнне на польска-беларускай мяжы. Мігранты кідаюць камяні ў польскіх памежнікаў, тыя ўжылі газ і вадамёт

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930