Знайсці
16.11.2021 / 09:39РусŁacБел

Пагражалі пакінуць на вуліцы да раніцы: чым скончылася галадоўка ў камеры №15 у ЦІП на Акрэсціна

Ад вечара 3 лістапада дзесяць жанчын у двухмеснай камеры №15 у ЦІПе на Акрэсціна пачалі галадаць у знак пратэсту з нечалавечымі ўмовамі утрымання. Нагадаем, у жанчын забралі ўсю верхнюю вопратку і цёплыя рэчы, а з першага лістапада ім не давалі туалетную паперу і мыла. У сувязі з гэтым арыштанткі камеры №15 абвясцілі галадоўку да выканання ўсіх патрабаванняў: вярнуць затрыманым шпацыры, вадзіць у душ, выключаць у камерах святло на ноч, выдаваць усе неабходныя рэчы згодна з нормамі, вярнуць усе рэчы і лекі. Дзве былыя арыштанткі, якія сядзелі ў камеры №15 распавялі «Вясне» пра тое, як праходзіла галадоўка і што з гэтага атрымалася.

За абвяшчэнне галадоўкі — два вядры хлоркі на падлогу

Галадоўку жанчыны абвесцілі вечерам 3 лістапада, калі адмовіліся ад вячэры:

«Раздатчыца ежы была ў шоку, сказала, што галадаць мы можам толькі калі напішам заяву. Мы пасмяяліся: нам няма чым і не было на чым было пісаць. Ежу не ўзялі. Тады яна паклікала дзяжурнага і сказала, што мы адмаўляемся есці. Дзяжурны сказаў: «Да п**», — распавядае адна з тых, хто аб’яўляла гадалоўку.

Ужо на наступную раніцу адміністрацыя ЦІПа рэзка адрэагавала на пратэст жанчын: у камеру залілі два вядры хлоркі, на падлогу кінулі іх рэчы.

«Раствор хлоркі быў даволі моцны, нас было 10 ці ўжо нават 11 чалавек. «Кармушку» зачынілі, дыхаць было складана. Першую палову дня мы адмывалі хлорку і мылі рэчы. У 12 прынеслі хлеб, ад якога мы таксама адмовіліся.

Раптоўны шпацыр

Пасля гэтага дзяўчынкі вырашылі памыць галовы. Як толькі адна з іх распранулася, супрацоўнікі заляцелі і сталі крычаць пра шмон. Прыйшлося тэрмінова апранацца і вылятаць на калідор. Нашы рэчы зноў раскідалі. Мы вярнуліся ў камеру, прыбралі, хацелі зноў працягнуць мыцца. І зноў (яны ж па камерах сочаць спецыяльна за намі, бо мы «кантрольныя»), як толькі пачалі распранацца, дзверы адчыніліся і паступіла каманда выходзіць без рэчаў. Мы адразу ж нацягнулі на сябе ўсю вопратку.

Нас зноў абшманавалі і павялі ўніз. Мы падумалі, што ў карцар. Але аказалася, што ў «прагулачны дворык»: своеасаблівы стакан памерамі з камеру, але на вуліцы і з кратамі «на столі». На самай справе мы былі вельмі рады падыхаць свежым паветрам, тым больш, што амаль усе былі цёпла (адносна) апранутыя, хоць адна дзяўчына забылася кофту, іншая была з мокрай галавой, а Ала Ільінічна (бяздомная жанчына) выйшла без адзення.

Начальнік ЦІПа: «Мне таксама не падабаецца вас усім забяспечваць» 

Мы пазаймаліся фізкультурай, паглядзелі на сонейка, шмат жартавалі і смяяліся. Потым да нас прыйшоў начальнік ЦІП. Маналог яго быў прыкладна наступнага зместу:

«Я гляджу, вы тут жарты адзін аднаму расказваеце. Весела жывецца? Не хочаце есці, вам нешта не падабаецца? Мне таксама не падабаецца вас усім забяспечваць. Рана ці позна нам з вамі прыйдзецца расстацца, у ЦІПе сядзець можна да года, мне похер, хочаце вы або не, падумайце самі, ці вытрымаеце вы гэта. Калі па вяртанні адсюль мне не спадабаюцца вашыя паводзіны, то ў камеры будзе +7°, а пісі-попы будзеце мыць дома», — узгадвае былая арыштантка.

Пагражалі пакінуць на вуліцы да раніцы, каб змаглі «нагуляць апетыт»

На вуліцы жанчын трымалі амаль гадзіну. Дзяжурныя ЦІПа пагражалі пакінуць жанчын на вуліцы да раніцы, каб яны змаглі «нагуляць апетыт».

5 лістапада ў камеры №15 было пяць даглядаў. Па вяртанні ў камеру на стале ўжо стаяў абед для кожнай з арыштантак:

«Далей нас прывялі назад і ў камеры накрылі стол, ежа была ўжо расстаўленая на стале. На той момант у нас былі дзве новыя дзяўчынкі, якія першапачаткова не складалі дамову на галадоўку, а два дні і без гэтага мы не елі, таму прыйшлося адмовіцца ад далейшага плана галадаць, але мы былі гатовыя пачаць усё нанова. Туалетную паперу нам далі, мыла таксама. «Дадатковы» шмон адмянілі, але ўсё астатняе засталося па-ранейшаму. Курткі, якія адабралі падчас «дадатковага шмону» аддавалі толькі пасля вызвалення», — кажа адна жанчына.

«Алу Ільінічну падгаворвалі кідаць вошай на нашу вопратку»

Яшчэ адна былая галадуючая дадае:

«На волю сышлі тыя, хто быў цвёрда настроены галадаць. Працягваць галадоўку ўдваіх-ўтрох сэнсу не мела, гэта магло б выклікаць толькі прадузятае стаўленне. Таму нягледзячы на тое, што ад абеду мы (хто за галадоўку) адмовіліся (большая частка дзяўчынак паабедалі), вячэру мы ўжо ўзялі. 

Як пацверджанне таго, што трэба ісці да канца: лепш не стала, стала горш. Нам не вярнулі ні асабістых рэчаў, ні скрадзеных сродкаў гігіены і лекаў. Нам не выдалі ні паперы, ні мыла. Не вярнулі і вядро, у якім мы разводзілі хлорку і паласкалі палавыя анучы. Нас усё гэтак жа працягвалі будзіць па начах. У суботу 6 лістапада нам зноў залілі хлорку ў камеру. «Кармушку» перасталі адкрываць наогул. Калі раней можна было «дыхаць» падчас прыёмаў ежы, то цяпер, мабыць, вырашылі, што мы можам і не дыхаць.

Алу Ільінічну падгаворвалі (так, каб мы пачулі) кідаць вошай на нашу вопратку, красці наш абутак і даносіць на нас. Але Алачка па чалавечых якасцях лепей іх будзе, так што праблем з ёй не было.

Калі дзяўчынкі папрасілі даць вядро для мыцця падлог, яны на ранішнім шмоне проста высыпалі смецце з смеццевага вядра нам на падлогу (брудная туалетная папера, брудныя пракладкі, рэшткі ежы і іншае) і сказалі, маўляў, вось вам вядро.

Акрамя таго, забралі ў нас венік і савок. Пакінулі толькі смярдзючы агрызак веніка, які выкарыстоўваецца як ёршык, таму падлогу ім падмятаць немагчыма.

Атрымліваецца, дзяўчынкі не могуць нармальна падмесці падлогу, а калі мыюць, анучы даводзіцца паласкаць у ракавіне, а не ў вядры, з-за чаго ракавіна пастаянна забіваецца.

Дарэчы, па выхадных у нашай камеры заўсёды быў як мінімум адзін дадатковы шмон. Імкнуцца выбіраць час, калі хтосьці мыецца або ў прыбіральні.

Гэта ў іх гульня такая. Жарт. Смешна». 

Па словах дзяўчыны, у аўторак, 9 лістапада, арыштанткам камеры №15

упершыню за два тыдні далі рулон туалетнай паперы і кавалак мыла.

«На жаль, многія дзяўчынкі лічаць гэта праявай таго, што супрацоўнікі «пайшлі на міравую», таму што іх не б'юць, не катуюць, і на 12 чалавек у камеры ёсць аж чатыры старыя брудныя зубныя шчоткі», — кажа дзяўчына.

Хворую на COVID-19 кінулі ў карцар на два дні на «каранцін»

«Да нас закінулі дзяўчынку. Яна была на бальнічным дванаццаты дзень. Калі яна сказала пра гэта супрацоўнікам пры «прыёме», то медык не хацела яе браць, але дзяжурны загадаў афармляць. Так яе адправілі ў карцар на два дні. Калі яна прыйшла да нас, то была рада, што ў нас цяпло, і што яна сярод людзей. Бедная, змерзла і стамілася адна там сядзець. Ложак там адшпільваўся ад сцяны толькі з 22 да 6. У карцары холадна і няма гарачай вады. Не давалі нічога туды: ні паперу, ні мыла, толькі ежа. З мэблі — крэсла і маленькі столік. Гэта добра, што ёй ужо на той момант было лепш», — распавядае былая арыштантка пра сукамерніцу.

На 10 квадратных метраў — 10 жанчын

Пры «прыёме» ў ЦІП жанчына прайшла праз тры працэдуры: афармленне; агляд, падчас якога распранаюць да майткоў і абмацваюць, і трэба прысесці два-тры разы, спусціўшы майткі да калена. Пасля гэтага яе змясцілі на адну гадзіну ў «стакан». Потым жанчыну прывялі ў двухмесную камеру №15, дзе на 10 квадратных метраў быў туалет, два ложкі і дзевяць жанчын. Яе прывялі пасля абеду, які яна прапусціла праз «афармленне», таму наступны раз ёй удалося паесці толькі падчас вячэры.

Чым кормяць на Акрэсціна?

«За 14.50 рублёў у суткі, ты атрымліваеш шэрую кашу тры разы на дзень, два разы нейкія незразумелыя катлеты і зялёны, салёны памідор, кавалак марынаванага агурка, або квашаную капусту. Адзін раз у тыдзень на абед бульбяное пюрэ. Раніцай даюць гарбату і на абед кісель ці кампот».

Пры гэтым, адміністрацыя ЦІПа працягвае забіраць грошы ў арыштаваных з асабістых рэчаў у лік аплаты за харчаванне. Пасля вызваленням чалавеку на рукі выдаюць чэк за аплату за харчаванне за ўвесь тэрмін арышту, у якім ужо вылічылі канфіскаваную суму. А з нядаўняга часу тых, каго затрымліваюць дома пасля ператрусу, прымушаюць браць з сабою ў РУУС усе наяўныя грошы з дома і нават не ўпісваюць іх у пратакол.

Тым, хто галадаў у камеры, выставілі рахункі за ежу за ўсе дні без выключэнняў.

Як спяць жанчыны ў двухмеснай камеры? 

«Адбой у 22:00. Улегчыся на ноч — той яшчэ квэст. Дзве жанчыны на ложку без матрацаў, таму ім трэба максімум пад сабе рэчаў падкласці. Але на падлогу не ва ўсіх ёсць, што падкласці. Так і спалі на голых дошках, а калі адкрыта «кармушка», то тым хто бліжэй да дзвярэй было вельмі холадна. Дзяжурнаму лянота зачыніць гэта праклятае акенца, якое адкрыць днём не дапытаешся. Да ўсяго гэтага гарыць святло, дарэчы, гарыць яно 24/7. А ў 2:00 і 4:00 ноччу будзяць на пераклічку. Усе павінны ўстаць на ногі і назваць свае прозвішча, імя і імя па бацьку. А 6 раніцы пад'ём», — распавядае адна з жанчын, якую ўтрымлівалі ў «палітычнай» камеры №15.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930