Знайсці
17.11.2021 / 18:19РусŁacБел

Хутка свет пабачыць працяг легендарнага серыяла «Сэкс у вялікім горадзе». Расказваем, чым ён цікавы

У снежні амерыканскі стрымінгавы сэрвіс HBO Max пакажа працяг «Сэксу ў вялікім горадзе». Чаго чакаць ад прэм’еры?

Фота flickr.com.

«Сэкс у вялікім горадзе» выходзіў на амерыканскія экраны з 1998 па 2004 год. Гэта была гісторыя пра чатырох жыхарак Нью-Йорка, сябровак ва ўзросце «трохі за 30», што свабодна гутарылі паміж сабой пра сэкс, каханне і кар’еру. Магчыма, упершыню на вялікім экране распавялі, што жанчыны могуць быць самастойнымі ў гэтых пытаннях і атрымліваць ад сваёй свабоды задавальненне.

Серыял выклікаў фурор і атрымаў мільёны фанатаў ва ўсім свеце. Важным і прыемным дадаткам да поспеху сталі станоўчыя водгукі крытыкаў і прэстыжныя ўзнагароды. «Сэкс у вялікім горадзе» атрымаў 6 прэстыжных прэмій «Эмі», 8 не менш паважаных «Залатых глобусаў» і 36 іншых узнагарод.

Пасля заканчэння серыяла выйшла два поўнаметражныя фільмы, што раскрывалі далейшую гісторыю сябровак, а таксама моладзевы серыял «Дзённікі Кэры» пра юнацтва галоўнай гераіні Кэры Брэдшоу. І калі пра серыял водгукі былі неадназначныя, то поўнаметражкі аказаліся паспяховымі ў пракаце.

Вяртанне Кэры і кампаніі

Пра тое, што гераіні «Сэкса ў вялікім горадзе» вяртаюцца на экраны, стала вядома ў студзені гэтага года. «І проста так…» здымалі вясной 2021-га ў Нью-Ёрку, абяцаюць паказаць у эфіры 10 эпізодаў серыяла. Сэрвіс HBO Max, на якім ён выйдзе, ускладае на «І проста так…» вялікія надзеі — кажуць, што серыял можа радыкальна пашырыць аўдыторыю сэрвіса.

Трэйлер серыяла «І проста так…»

«І проста так…» пакажа нам жыццё гераінь «Сэксу ў вялікім горадзе» праз 20 гадоў. Аматары арыгінальнага серыяла адразу заўважаць, што сярод асноўных зорак няма Кім Кэтрал, выканаўцы ролі Саманты. Кэтрал патлумачыла адмову ад здымак прычынамі, не звязанымі з серыялам, аднак вядома, што яна мае працяглы канфлікт з галоўнай зоркай серыяла — актрысай Сарай Джэсікай Паркер.

Невядома, як сцэнарысты патлумачаць адсутнасць Саманты. Але ясна, хто яе заменіць. Чацвёртую і пакуль самую невядомую з сябровак, Лізу Тод Уэслі, сыграе актрыса Ніколь Ары Паркер, зусім невядомая беларускаму гледачу.

«І проста так…» пакуль не выйшаў, аднак некаторыя крытыкі ўжо негатовыя прызнаць страту Саманты. Кажуць, нібыта «Сэкс у вялікім горадзе» стаў такім паспяховым менавіта праз тое, што кожная з гераінь дапаўняла адна адну. І калі з гэтага пазла прыбраць адзін элемент, то магія серыяла знікне. Тым больш калі гэты элемент такі яркі, як нястрыманая і дзёрзкая Саманта.

Стыль

Якім бы ні атрымаўся «І проста так…», ёсць нешта, чаго аматары першапачатковага серыяла дакладна будуць чакаць ад прэм’еры. Размова пра арыгінальны стыль гераінь.

Прайшло 17 гадоў з выхаду апошняй серыі «Сэксу ў вялікім горадзе», але замежныя медыя дагэтуль вучаць жанчын апранацца ў стылі нью-ёркскіх модніц. Такі паспяховы серыяльны гардэроб (дакладней, чатыры гардэробы — па адным для кожнай гераіні) стварыла дызайнерка Патрысія Філд.

Вобразы з серыяла «Сэкс у вялікім горадзе». Фота depositphotos.com.

Філд не проста падабрала для кожнай з сябровак такое адзенне, што дапамагло максімальна раскрыць іх гісторыю. Яна прывучыла вядомых дызайнераў супрацоўнічаць з тэлевізійнымі касцюмерамі і пазычаць ім адзенне для здымак, а таксама на прыкладзе гераінь «Сэксу…» паказала жанчынам ва ўсім свеце, як выражаць сябе праз адзенне.

Асаблівую вядомасць набыў гардэроб Кэры Брэдшоу. Філд здолела аб’яднаць у вобразе Брэдшоў рэчы нібыта з розных планет — напрыклад, там можна знайсці спадніцу-пачку, купленую стылістамі, па чутках, за пяць даляраў, і шубу з натуральнага футра. Нельга не ўзгадаць любімыя туфлі Кэры ад фірмы Manolo Blanhik — серыял зрабіў іх вядомымі на ўвесь свет.

Узрост

Калі выходзіў «Сэкс у вялікім горадзе», яго гераіням было трохі за 30. Серыял стаў адной з першых з'яваў масавай культуры, што далі зразумець: жанчыны ў такім узросце могуць быць не толькі хатнімі гаспадынямі.

Цяпер нью-ёркскім сяброўкам ужо за 50, і яны зноў трапілі пад дыскрымінацыю. Выканаўца галоўнай ролі Сара Джэсіка Паркер распавяла ў нядаўнім інтэрв'ю, што і яна, і іншыя асноўныя актрысы серыяла атрымалі шмат негатыўных водгукаў за тое, што ў новым серыяле яны выглядаюць пастарэлымі. Паркер сведчыць, што стаўленне да актрыс стала горшым праз існаванне сацсетак:

«Амаль што здаецца, нібыта людзі не хочуць, каб мы былі цалкам задаволеныя сваім цяперашнім жыццём, нібыта ім падабаецца, калі нам балюча ад таго, якія мы сёння. Пры гэтым не важна, ці мы выбіраем старэць натуральна і не выглядаць пры гэтым ідэальна, ці мы робім нешта, каб выглядаць лепей».

Чаму ў галівудскім кіно ўсё менш сэксу?

Фільм «Мінулай ноччу ў Соха». Чаму варта паглядзець

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930