Знайсці
15.11.2021 / 16:43РусŁacБел

Палітзняволенага студэнта асудзілі да 4 гадоў калоніі за адміністраванне тэлеграм-канала «Белыя халаты»

У Мінскім гарадскім судзе 15 лістапада да чатырох гадоў калоніі агульнага рэжыму асудзілі 21-гадовага палітвязня студэнта 4-га курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзіслава Марціновіча, якога амаль год утрымліваюць пад вартай у СІЗА-1. Яго абвінавацілі па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) шляхам адміністравання telegram-канала «Белыя халаты», паведамляюць праваабаронцы.

Справу разглядала суддзя Алена Ананіч, дзяржабвінавачанне падтрымліваў Аляксандр Рамановіч.

Студэнта затрымалі 19 лістапада — у той дзень таксама затрымалі журналістку Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна, якіх асудзілі ў далейшым за выдаванне медыцынскіх дакументаў забітага жыхара «плошчы пераменаў» Рамана Бандарэнкі. Уладзіслаў Марціновіч амаль год утрымліваецца ў СІЗА-1 у Мінску.

Суд над Марціновічам распачаўся 15 ліпеня, ён тады не прызнаў віну і сказаў на судзе:

«Спачатку гаворыцца аб стварэнні канала, потым аб распаўсюдзе. Хацелася б ведаць, мне ставіцца ўсё гэта ў сукупнасці: і распаўсюджванне, і стварэнне, і публікацыя? Ці з'яўляецца стварэнне і вядзенне канала злачынствам? Ці сапраўды кожны пост змяшчае заклікі і шкоду?»

27 кастрычніка суд па справе аднавіўся. На ім Уладзіслаў Марціновіч прызнаў віну. Як стала вядома на судзе, хадайніцтва аб поўным прызнанні віны і раскайванні ён накіраваў у Мінскі гарадскі суд з СІЗА 9 верасня. Паводле гэтага хадайніцтва, на Марціновіча паўплывала тое, што ён прабыў амаль год у СІЗА.

10 лістапада Уладзіслаў Марціновіч выступіў з апошнім словам, якое доўжылася паўтары гадзіны. Вялікую частку часу ён распавядаў пра нестыкоўкі ў справе.

«Пазбаўленне волі з'яўляецца для мяне некаторым перашкодай для навучання і засваення матэрыялу. Безумоўна, гэта дае, вядома, іншы досвед, але, правёўшы год у СІЗА, магу сказаць, што, напэўна, лепш бы я з гэтым досведам не сутыкаўся. Але, тым не менш, ён быў мною атрыманы. Спадзяюся, не занадта адаб'ецца ў далейшым, мае блізкія не будуць мне казаць, што я вельмі моцна змяніўся пасля турмы. Ну, паглядзім».

Падчас апошняга слова палітвязень падзяліўся сваімі планамі на будучыню:

«Скончыць медунівер, нарэшце стаць лекарам і лячыць людзей, працягнуць займацца навукова-даследчай дзейнасцю, развіваць лічбавую медыцыну і электронную ахову здароўя, надаць увагу пытанням тэлемедыцыны, працягнуць працаваць у плане інтэграцыі тых працэсаў, якія дыктуе новы інфармацыйны век».

Я стаўлю сваёй мэтай, і ў выпадку любога рашэння па дадзенай крымінальнай справе я не пазбаўлю сябе шляху да гэтай мэты <…> патрачу ўсе свае сілы і рашучасць на тое, каб наша цывілізацыя паспяхова дасягнула прагрэсу ў маральным, тэхналагічным і інтэлектуальным развіцці».

У выніку, 15 лістапада суддзя Алена Ананіч прызначыла Уладзіславу Марціновічу менавіта такое пакаранне, якое прасіў пракурор: чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930