Знайсці
16.11.2021 / 08:49РусŁacБел

«Расцэньваю як шанец паглядзець Еўропу». Намеснік дырэктара з Бярозы пра вымушаны ад'езд у Польшчу і працу дальнабойшчыкам

Зміцер Юркевіч разам з жонкай былі вядучымі эканамістамі на прадпрыемстве «Бярозабудматэрыялы». Усё змянілася пасля таго, як бярозаўчанін разаслаў па горадзе ліст з асуджэннем гвалту з боку сілавікоў пасля выбараў-2020 і падтрымаў жаночыя мірныя акцыі. З прадпрыемства прыйшлося звольніцца. Пасля няўдалай спробы ўладкавацца ў іншым месцы роднага горада Зміцер прыняў рашэнне шукаць сябе за мяжой.

 У інтэрв’ю «Нашай Ніве» ён расказаў пра пераезд разам з жонкай і дзецьмі ў Польшчу і тое, якім бачыць сваё вяртанне на радзіму.

Зміцер з жонкай і сынам.

«З дырэктарам у нас было джэнтэльменскае пагадненне: я сыходжу, а ён не чапае астатніх супрацоўнікаў»

Зміцер Юркевіч з тых, пра каго кажуць — «сэлф-мэйд мэн». Ëн прыйшоў на «Бярозабудматэрыялы» адразу пасля ўніверсітэта шэраговым менеджарам і, дзякуючы працавітасці, хутка прасоўваўся па кар’ернай лесвіцы.

Апошнім часам займаў пасаду намесніка генеральнага дырэктара па эканоміцы, быў членам назіральнага савета. Там жа ў якасці эканамісткі працавала яго жонка.

«Я меў заробак каля тысячы даляраў у эквіваленце, але грошы — не галоўнае. У 2020-м годзе я пабачыў, як затрымлівалі людзей, якія проста збіралі подпісы за Ціханоўскую. Наўпрост з чаргі. А потым выбары, гвалт — такі, з якім немагчыма суіснаваць далей, бо гэта тупік у развіцці краіны».

Зміцер расказвае, што яму было важна хоць неяк абазначыць, што ён нязгодны з тым, што адбываецца навокал. Калі на вуліцы Бярозы і іншых беларускіх гарадоў пачалі выходзіць жанчыны з кветкамі, ён натхніўся іх прыкладам і вырашыў падтрымаць мірныя акцыі. Папярэдне мужчына напісаў адкрыты ліст, у якім асудзіў гвалт і заклікаў не маўчаць усіх аднадумцаў. 

«Я пісаў яго некалькі дзён, вычытваў. Гэта было маёй адкрытай заявай з пасылам: хопіць, перайшлі мяжу. Перад публікацыяй 14 жніўня я спачатку даслаў яго жонцы і бацькам, тыя мяне падтрымалі. З чыстым сумленнем я разаслаў ліст знаёмым, тыя — сваім. Зварот вельмі хутка разышоўся па горадзе, нібыта лавіна. У абедзенны час я выйшаў на вуліцу: думаў, што буду адзін, але да мяне ў ланцуг далучыліся завадчане, жыхары Бярозы — нас было некалькі сотняў».

Заява Змітра пачыналася словамі: «Усе вы ведаеце, што я не рэвалюцыянер, але вось ужо некалькі дзён маё сумленне не дае мне спаць спакойна». Пазней суд расцаніў яго публічны ліст заклікам да масавага мерапрыемства: суткі мужчыну пратрымалі ў ІЧУ і аштрафавалі на 30 базавых велічынь па артыкуле 23.34 КоАП (сённяшні арт. 24.23).

Нягледзячы на тое, што пасля абеду ўсе вярнуліся да працы і выконвання прафесійных абавязкаў, на Змітра адразу пачаўся ціск: у першы ж дзень — размова з кіраўніком, потым — званок з райвыканкама, куды папярэдне эканаміст з іншымі жыхарамі раёна занёс заяву з просьбай да чыноўнікаў выйсці на дыялог з народам.

«Я не будаваў ілюзій наконт далейшай працы на заводзе. Разумеў, што прыйдзецца сысці. Пытанне было толькі ў тым — калі. Мне ніхто не выказваў канкрэтных пагроз, проста пыталіся: «А ты разумееш, якія будуць наступствы?» У мяне быў кантракт яшчэ на год з невялікім, але я сышоў ужо праз пару тыдняў — афіцыйна звольніўся па ўласным жаданні. З дырэктарам у нас было такое джэнтэльменскае пагадненне: я сыходжу, а ён не чапае астатніх супрацоўнікаў за палітычныя погляды».

Пасля гэтага Зміцер паспрабаваў знайсці новую працу ў роднай Бярозе — яго ўзялі ў прыватную транспартную арганізацыю. Праўда, пратрымаўся ён там менш за месяц.

«Я дырэктару той фірмы адкрыта сказаў: «Калі будзе на цябе нейкі ціск, адразу кажы мне». Ëн сумніваўся ў маіх словах, адмахваўся, аднак прайшло тры тыдні, і ён сам ва ўсім упэўніўся. Нам прыйшлося развітацца.

Пасля гэтага мне і ў Гродна прапаноўвалі працу, і ў Брэсце. Але я палічыў, што гэта бессэнсоўна. Я ўжо пабачыў, як улада ставіцца да такіх, як я — так скажам, вальнадумцаў. Мне нідзе на далі б працаваць».

«Сёння я ў Францыі, учора была Італія, пазаўчора — Германія»

Так Зміцер пачаў рыхтавацца да працы за мяжой: здаў экзамены на катэгорыю «С», адвучыўся на катэгорыю «Е», збіраў дакументы на візу. У канцы красавіка яго запрасілі на пасаду кіроўцы ў міжнародную лагістычную кампанію. 

«Сёння я ў Францыі, учора была Італія, пазаўчора — Германія. Кожны дзень новыя ўражанні», — расказвае пра сваю новую працу Зміцер. У яго фірме працуе амаль 80% беларусаў, ёсць там і землякі з Бярозы, таму адаптацыя ў новым калектыве далася проста.

Аднойчы ён ехаў не спаўшы суткі і перадолеў 1600 кіламетраў. У мясяц жа звычайна накатвае каля 20 тысяч. 

«У дарозе ты мінімум месяц, а далей можаш вярнуцца дадому, адпачыць. Увогуле, я сам вольны будаваць графік — адсыпацца, калі трэба».

«Бацькі першымі папрасілі мяне не вяртацца назад у Беларусь»

Спачатку Зміцер вагаўся, ці вяртацца ў Беларусь пасля рэйсаў, але ў выніку вырашыў, што не будзе.

«Рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацніліся, і, па неафіцыйнай інфармацыі, мяне дома чакалі. У турмы цяпер саджаюць незразумела за што і любога, і мяне мог бы напаткаць такі самы лёс. Характэрна, што мае бацькі першымі папрасілі мяне не вяртацца назад, хоць яны ва ўзросце, жывуць у вёсцы — ім патрэбная дапамога», — каментуе суразмоўца.

Нягледзячы на «джэнтэльменскае пагадненне» з кіраўніцтвам, ціск неўзабаве перайшоў на жонку Змітра. Ëй прыйшлося звольніцца з прадпрыемства «па ўласным жаданні» ў верасні гэтага года. 

«Мы загадзя рыхтаваліся да такога развіцця падзей. Калі да жніўня-2020 для старэйшай дачкі ішла гаворка пра выбар нейкага беларускага ВНУ, то пасля ўсіх падзей стала зразумела: з такімі падыходамі ў Беларусі ёй вучыцца няма сэнсу.

Мы сталі арыентаваць дачку на замежны ўніверсітэт, у запасе быў год, каб падвучыць замежную мову. У выніку яна паступіла ў Люблінскую школу прадпрымальніцтва і адміністрацыі на міжнародныя адносіны. З малодшым сынам абмеркаванне пераезду праходзіла цяжэй, ён крыху ў стрэсавым стане ад усіх падзей, мне падаецца. Але выбару не было: мы пакінулі свой дом, жонка загрузіла рэчы ў наш красовер і разам з сынам прыехала да мяне пад Варшаву».

«У новай краіне не хапае толькі бацькоў і сапраўдных сяброў»

Краіна абіралася з пункту гледжання мінімальнага моўнага бар’ера (у першую, чаргу для сына-школьніка) і блізасці да Беларусі. Юркевічы спыніліся на горадзе Пясечна ў 15 хвілінах ад Варшавы. Тут танней, чым у сталіцы, а інфраструктура для жыцця пры гэтым развітая не горш: шмат буйных крам (як прадуктовых, так і з адзеннем). Пры патрэбе можна хутка дабрацца да Варшавы на цягніку.

За арэндную кватэру разам з камуналкай сям’я аддае каля 500 еўра. На ежу ў месяц сыходзіць каля 300 еўра. Адзенне, адзначае Зміцер, можна знайсці танней, чым у Беларусі: нядаўна яны купілі сыну чаравікі за 60 рублёў.

«Як эканаміст я палічыў, колькі мне трэба нармальна зарабляць, каб сыходзіліся дэбет з крэдытам. З цяперашнім узроўнем заробкаў усё павінна атрымацца і яшчэ застацца: я зарабляю прыблізна 1300 еўра на месяц. Жонка ўладкавалася на лагістычны склад. Звычайную працу ў Польшчы з сярэднім заробкам знайсці нескладана, нават без ведання польскай мовы. Галоўнае — не нарвацца на нядобранадзейнага працадаўцу». 

Самым складаным пасля пераезду для сям’і стала пагружэнне ва ўсе бюракратычныя працэдуры: як атрымаць мельдунэк (прапіску), PESEL — ідэнтыфікацыйны лічбавы нумар асобы. Разабрацца з тым, як уладкаваць сына ў школу. 

«Мову мы яшчэ вучым, не ведаем яе так добра, як таго хацелася б. Са школай жа было так: як і ў Беларусі, мы пайшлі ў бліжэйшую да плануемага месца арэнды кватэры ўстанову і сказалі, што хочам там вучыцца. Пытанняў не было, і навучанне для нас бясплатнае. Проста прыйшлося спачатку заключыць дамову арэнды кватэры, атрымаць мельдунэк (без яго б не ўзялі вучыцца) — такі вось бюракратычны ланцужок. Калі праходзіш яго, то ўсё ўжо выглядае не так складана, як падавалася».

Суразмоўца адзначае, што ў Польшчы складаней, у параўнанні з Беларуссю, адкрыць банкаўскі рахунак і завесці картку, а ў астатнім — нічога звышнатуральнага. Цяпер сям’я плануе падавацца на карту побыту. 

«Адзінае, чаго не хапае ў новай краіне — гэта, мабыць, бацькоў і сапраўдных сяброў, якія засталіся ў Беларусі. Іх адсутнасць побач і немагчымасць проста прыехаць у госці даецца маральна цяжка.

Так, тут таксама знайшліся новыя кантакты, шмат добрых людзей, суседзяў, якія ў бядзе не кінуць, але ж. Бацька мне нядаўна сказаў: «Я ведаю, што пасля Новага года ўсё будзе добра і мы з табой сустрэнемся. Ты вернешся дадому». Я пакуль такога аптымізму не маю, сітуацыя зацягваецца.

Ці вярнуся я назад увогуле? Для сябе я пакуль не знайшоў адказу на гэта пытанне, таму што, як мінімум, сын ужо пачаў вучыцца ў Польшчы. Дзёргаць яго назад сэнсу не будзе. Але калі б я разумеў, што мой прыезд дапаможа агульнай справе, я б вярнуўся. Тады няважна, якімі б былі наступствы».

«Усё залежыць толькі ад саміх людзей: як доўга яны здольныя трываць?»

Зміцер лічыць, што ў краіне не зменіцца нічога, пакуль застаецца катэгорыя абыякавых грамадзян. Як ён іх называе — «маяхатазкрайнікаў».

«Пакуль усе простыя людзі (у тым ліку так званыя «ябацькі») не зразумеюць, што іншых варыянтаў, апроч змены ўлады, няма, і не паспрабуюць паўплываць на сітуацыю, краіна будзе скачвацца ў прорву галечы і бязмежжа.

Як доўга гэта будзе цягнуцца, залежыць толькі ад саміх людзей: як доўга яны здольныя трываць? На жаль (ці на шчасце), фантазія нашых функцыянераў і іх рашэнні дапамагаюць нашай справе, што дадае крыху аптымізму. Але сумна, што для таго, каб выцягнуць краіну з руін, запатрабуецца больш высілкаў, чым для яе разбурэння».

Шкадавання наконт таго, што не адмаўчаўся сам, як зрабілі многія, у героя не было ні на хвіліну. Ëн жыве па прынцыпе: рабі тое, што павінен, і будзь, што будзе. 

«Я расцэньваю гэта як шанец паглядзець Еўропу, а для дзяцей — павучыцца за мяжой. У мяне ў дзяцінстве была мара: паездзіць па свеце, паглядзець, як іншыя людзі жывуць, і яна паціху спраўджваецца».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930