Знайсці
14.11.2021 / 01:03РусŁacБел

З галамі гэтага футбаліста звязваюць праклён. У суботу ён двойчы забіў беларусам 

Кажуць, што калі Ааран Рэмзі забівае галы, памірае нехта вядомы. У спісе «ахвяраў» валійца — больш за 20 імён, у тым ліку Уітні Х'юстан і Ўсама бен Ладэн. Зборнай Беларусі 13 лістапада Рэмзі забіў двойчы. 

Фота manunitedcore.com.

13 лістапада беларуская футбольная зборная выйшла на двубой супраць нацыянальнай каманды Ўэльса. То была апошняя гульня адбора на чэмпіянат свету-2022 у Катары, і, здаецца, вынікі адбора можна назваць бясслаўнымі для беларусаў. Глядзіце самі — 8 паразаў, 1 перамога (у матчы з Эстоніяй) і апошняе месца ў групе.

Канчатковы лік гульні - 5:1. Два з забітых галоў належаць паўабаронцу італьянскага «Ювентуса» Аарану Рэмзі, гульцу, што мае цікавую гісторыю.

 Рэмзі ўзялі ў дзіцячую каманду найлепшага валійскага клуба «Кардыф Сіці», і пазней, ва ўзросце 16 гадоў, ён зрабіўся самым маладым гульцом у дарослай камандзе клуба.

З 2008 да 2019 года Рэмзі выступаў за лонданскі «Арсенал». У гэты час з ім здарылася сур’ёзная траўма, пасля якой гулец аднаўляўся некалькі гадоў і быў накіраваны гуляць у іншых камандах, у тым ліку у родным «Кардыф Сіці».

Усё атрымалася, і праз некалькі гадоў Рэмзі ўжо лічылі адным з найлепшых паўабаронцаў Еўропы. 

Фота: Інстаграм Аарана Рэмзі.

Праклён

Але тым, хто мала цікавіцца спортам, Рэмзі больш вядомы праз іншае. Кажуць, што калі Ааран забівае гол, памірае нехта вядомы. І такіх прыкладаў ужо каля двух дзесяткаў.

Гэта пачалося ў 2009 годзе. Рэмзі адзначыўся голам у матчы з «Портсмутам», а праз тры дні памёр вядомы амерыканскі сенатар Эдвард Кенэдзі, малодшы брат амерыканскага прэзідэнта Джона Кенэдзі.

Праз два гады Рэмзі забіў «Манчэстэр Юнайтэд», а на наступны дзень стала вядома пра забойства, як тады казалі, тэрарыста №1 — Усамы бен Ладэна.

Праз тры дні пасля голу «Тотэнхэму» з'явілася навіна пра смерць Стыва Джобса, а на наступны дзень — пасля голу ў вароты «Марсэлю» — быў забіты Муамар Кадафі.

Вось толькі некаторыя з імёнаў знакамітасцей, што паміралі пасля галоў Рэмзі: спявачка Уітні Х’юстан, акцёры Робін Уільямс, Алан Рыкман і Пол Уокер, пісьменнік Гюнтэр Грас, навуковец Стывен Хокінг і былая першая лэдзі ЗША Нэнсі Рэйган.

Тым не менш, зусім не заўсёды пасля голу Рэмзі з’яўляецца навіна пра смерць знакамітасці.

Пару гадоў таму журналісты падлічылі, што такое адбываецца прыкладна пасля 25% галоў валійца. Аднак фанаты ўсё роўна ўспамінаюць пра праклён пасля кожнага гола Рэмзі.

Здаецца, апошні раз праклён «спрацаваў» гэтым летам. 16 чэрвеня валійцы выйгралі ў Турцыі з лікам 2:0 на чэмпіянаце Еўропы. Рэмзі забіў тады першы гол той гульні, а на наступны дзень стала вядома пра смерць першага прэзідэнта Замбіі Кенэта Каўнды. 

Сам Ааран ставіцца да гісторыі з праклёнам з гумарам і кажа, што ён усё ж такі «забіў» некаторых «дрэнных хлопцаў», маючы на ўвазе бен Ладэна і Кадафі.

У яго добры імідж, і лягчэй пачуць пра дабрачынныя акцыі з удзелам Рэмзі, чым пра скандалы. У мінулым годзе, напрыклад, валіец пералічыў 10 тысяч фунтаў брытанскай Нацыянальнай службе аховы здароўя, а праз нейкі час падтрымаў цэнтр дапамогі бяздомным у валійскім Ньюпарце.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930