Знайсці
13.11.2021 / 14:48РусŁacБел

Што будзе з беларускай эканомікай, калі Польшча закрые мяжу, а Лукашэнка — транзіт газу?

Міністр унутраных спраў Польшчы Марыуш Каміньскі сёння заявіў, што наша суседка можа перакрыць наземныя памежныя пераходы і нават чыгуначны рух праз свае межы. Яшчэ раней Лукашэнка пагражаў у адказ на санкцыі перакрыць транзіт газа па тэрыторыі Беларусі. Наколькі верагодныя гэтыя пагрозы і якія наступствы могуць быць для айчыннай эканомікі?

Як на нас адаб'ецца перакрыццё польскай граніцы?

«Беларусь заўжды выкарыстоўвала сваё геаграфічнае становішча і пазіцыянавала сябе як зручную транзітную краіну, — кажа акадэмічны дырэктар цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC (Кіеў) Кацярына Барнукова. — У нас актыўна развіваўся і транспарт, і лагістыка.

Мы нават у крызісны мінулы год, калі з-за каранавіруса шмат траспартных плыняў спынілася, зарабілі 1,8 мільярды даляраў на чыстым экспарце транспартных паслуг (экспарт мінус імпарт). Гэта істотная сума, параўнальная з той жа нафтаперапрацоўкай. А ў плане ВУП, так і больш, бо гаворка ідзе і пра трубапровадны транспарт таксама. Гэта 4-5% ВУП (ад 2,4 мільярдаў даляраў). 

Калі перакрыта будзе транспартнае злучэнне, то нас чакаюць яшчэ і іміджавыя страты, калі яшчэ пра гэта можна казаць для Беларусі.

Узяць сітуацыю з тым жа Кітаем. Мы заўжды пераконвалі кітайскіх партнераў: прадукцыю прадпрыемстваў, якія вы пабудуеце ў Беларусі, будзе заўжды зручна прадаваць і ў Еўропу, і ў Расію.

Таксама пазіцыянавалі сябе як краіну, якая якраз аказвае лагістычныя паслугі. Той жа «Вялікі Камень» будаваўся з гэтым уяўленнем. І агулам Беларусь прэтэндавала на вялікую істотную роль у кітайскай ініцыятыве «Адзін пояс — адзін шлях».

З-за сітуацыі ў Беларусі мы і так ужо бачым зніжэнне ініцыятывы ад Кітая. І даўгі яны перасталі рэфінансаваць, і прыток інвестыцый не такі, як мы разлічвалі. Таму што раней заўжды быў рост.

Тым не менш, калі зараз здарыцца яшчэ вось такая сітуацыя, калі мы перакрыем патокі кітайскіх і расійскіх тавараў у ЕС і, наадварот, тавараў з ЕС у Расію і Кітай, калі праз нас будзе больш складаны транзітны шлях, то гэта сапсуе нам і з Кітаем узаемаадносіны.

А ў нас, калі вы памятаеце, ледзь не ўся эканамічная стратэгія завязаная на том, што мы больш будзем сябраваць з Кітаем і іншымі «краінамі дальняй дугі». Яны там і тэхналогіі дадуць, і экспартныя рынкі, і ўсё ў нас будзе добра і цудоўна без гэтых еўрапейцаў.

Фота: biznespolsha.com

Таму, калі мяжа з Польшчай закрыецца, то і ў кароткачасовай перспектыве гэта страты вялізнай колькасці экспартнай выручкі і ВУП, працы для многіх беларускіх кампаній. Сярод іх вельмі шмат і прыватных, і іх праблемы ўрад не настолькі напрамую адчувае. Ён любіць прыватнікаў ігнараваць. З іншага боку і дзяржаўныя кампаніі таксама будуць несці страты. Гэта досыць сур’ёзная пагроза.

Сітуацыя і для Польшчы не будзе вельмі прыемнай, але ўлічваючы абставіны, рэальнасць гэтага рашэння не падаецца такой ужо неверагоднай, як падавалася некалькі месяцаў таму».

«Для Беларусі важна і пастаўка беларускіх тавараў у саму Польшчу, так важны і транзіт, — адзначае старшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

— Калі казаць пра транзіт, то ўсяго на транспартных паслугах Беларусь зарабіла больш за 3 мільярды даляраў.

Пры чым большая частка транспартных паслуг — гэта транзіт з Еўропы ў Расію і Кітай, і ў зваротным кірунку. Адпаведна, тут можа ісці гаворка пра страты, якія можна ацаніць у 1-2 мільярды даляраў на працягу года.

Фота: delfi.lt

Праз мяжу ЕС і Беларусі ідзе велізарны транзіт, вялізная плынь з усходу на захад. Улічваючы прапускную здольнасць гэтага кірунка, альтэрнатыў не так шмат. Гэты грузапаток, як аўтамабільны, так і чыгуначны, цяжка пусціць праз Украіну ці краіны Балтыі.

Калі ўявіць, што Польшча выканае сваё абяцанне, то гэта страты не толькі для Беларусі. Гэта будуць велізарныя страты для ЕС, Расіі і Кітая. Таму закрыццё межаў не выглядае досыць верагодным.

Тэарэтычна Расія будзе ціснуць на Беларусь, калі гэтыя меры будуць уведзены. Але, калі ўсе будуць зыходзіць з таго, што гэта малаверагодны сцэнар і нічога ў рэальнасці не адбудзецца, то не факт, што Расія будзе на нешта ціснуць».

Што будзе, калі ў адказ Лукашэнка перакрые транзіт газа?

У адказ на санкцыі з боку ЕС Аляксандр Лукашэнка ў чацвер заявіў, што таксама можа перакрыць грузапаток. Больш за тое, ён прыгразіў, што перакрые транзіт газа праз газаправод «Ямал-Еўропа». Нагадаем, беларускі ўчастак газаправода належыць расійскаму «Газпраму». Кампанія ўжо заявіла, што гарантуе выкананне сваіх абавязкаў перад краінамі, якія заключылі з ёй дамову.

Уладзімір Пуцін заявіў, што ўпершыню чуе пра такія настроі Лукашэнкі. Ён дадаў, што Лукашэнка ні разу не ўпамінаў у размовах пра гэта. «Хаця ён можа», — ацаніў верагоднасць такога сцэнару Пуцін і адзначыў: тэхнічна Беларусь мае такую магчымасць.

Між тым па ўмовах кантракта ад 2012 года, згодна з якім «Газпрам» набыў «Белтрансгаз», які валодае беларускім участкам газаправода «Ямал-Еўропа», беларускі бок абавязаны забяспечыць бесперапынную і бесперашкодную транспарціроўку расійскага газа па тэрыторыі краіны.

Калі ж гэтая ўмова не будзе выкананая, то беларускі бок павінен па патрабаванні «Газпрама» выкупіць усе раней перададзеныя акцыі ААТ «Белтрансгаз» за 5 мільярдаў даляраў і кампенсаваць «Газпраму» выдаткі, якія ў яго могуць узнікнуць у сувязі з гэтым.

Пуцін дадаў, што перакрыццё транзіту газа не паспрыяе беларуска-расійскім адносінам.

Фота: belarus-tr.gazprom.ru.

«Заява пра перакрыццё газа выглядае досыць смешна, улічваючы, што 30 кастрычніка транзіт газа па гэтаму газапроваду быў спынены, — лічыць Кацярына Барнукова. — Яго толькі нядаўна на днях узнавілі ў невялікім аб’ёме. І наколькі ён будзе патрэбны, асабліва, калі канчаткова запрацуе «Паўночны паток — 2», абсалютна незразумела.

Той жа «Газпрам» цяпер усімі сіламі спрабуе даказаць еўрапейскім партнёрам, што гэта не ён стаіць за газавым крызісам у Еўропе, наадварот, спрабуе гэты крызіс вырашыць. І тут такія заявы.

Мы ўжо бачылі ў мінулым годзе, як Беларусь самавольна распараджалася ўласнасцю «Газпрама» — «Белгазпрамбанкам». Таму я б не выключала верагоднасці, што трубу могуць перакрыць нават без узгаднення з «Газпрамам». Але іронія ў тым, што для Еўропы зараз у гэтым няма нічога страшнага.

Транзіт, які ідзе праз беларускую трубу, цяпер больш значыць для самой Беларусі як крыніца дахода ў бюджэт: Расія плаціць за тое, што газ перамяшчаецца па нашай тэрыторыі.

«Калі ўспомніць, што гаворка ідзе пра расійскі газ і расійскую трубу, то перакрыццё транзіту ў такім выпадку выглядае як абвяшчэнне эканамічнай вайны Расіі, — адзначае Вадзім Іосуб. — Мне падаецца гэта малаверагодным, улічваючы, што Расія — гэта зараз адзіны саюзнік».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930