Знайсці
12.11.2021 / 14:49РусŁacБел

На беразе ля Новай Зеландыі знайшлі знясіленае пінгвіняня — за тры тысячы кіламетраў ад дома. Як яно туды трапіла?

Жыхары ўзбярэжжа Новай Зеландыі выявілі на адным з пляжаў рэдкага госця — пінгвінятка віду Адэлі. Гэты від гняздуецца выключна ля берагоў Антарктыды і на найбліжэйшых да мацерыка выспах, і ўбачыць яго дзе-небудзь яшчэ амаль немагчыма, піша Бі-бі-сі.

Пінгвіняня выглядае вельмі разгубленым, Harry Singh

Гэта ўсяго толькі трэці зарэгістраваны выпадак, калі прадстаўнік віду Адэлі заўважаны ў Новай Зеландыі — за тры тысячы кіламетраў ад месца пражывання. Першыя два адбыліся ў 1962 і 1993 гадах.

Першым пінгвіняня на новазеландскім пляжы заўважыў мясцовы жыхар Гары Сінгх, але спачатку падумаў, што гэта забытая на беразе вялікая мяккая цацка. «Ён не рухаўся на працягу цэлай гадзіны і выглядаў змучаным і разгубленым», — кажа Сінгх.

Паводле яго слоў, пакуль ён чакаў прыбыцця спецыяльнай групы ратавальнікаў, ён больш за ўсё хваляваўся, каб пінгвін не пайшоў зноў у ваду, бо ў яго стане ён стаў бы лёгкай здабычай марскіх драпежнікаў, якіх багата ля берагоў Новай Зеландыі.

Акрамя таго, на пляжы, куды прыбіла пінгвіняня, часта выгульваюць сабак без павадкоў. Лячэннем пінгвіна, якога новазеландцы ўжо паспелі назваць Пінгу, заняўся спецыяліст па выратаванні пінгвінаў з дзесяцігадовым стажам, біёлаг Томас Стрэкл разам з камандай ветэрынараў.

Паводле яго слоў, за доўгія гады працы яму трапляліся асобіны розных відаў, але ніколі ён не бачыў у гэтых краях пінгвіна Адэлі.

Аналізы Пінгу паказалі, што жывёла знясілена і абязводжана. Ужо некалькі дзён пінгвін атрымлівае харчаванне праз спецыяльную трубачку.

Калі ён цалкам акрыяе, яго выпусцяць ля вады, але ці захоча ён прарабіць зваротны шлях у Антарктыду, навукоўцы не ведаюць.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930