Знайсці
12.11.2021 / 14:21РусŁacБел

«Падумваем падаць у суд на журналіста БТ». Бацька Міколы Дзядка расказаў пра спатканне з сынам

10 лістапада анархіст Мікола Дзядок атрымаў 5 гадоў калоніі, яго прызналі вінаватым па трох артыкулах. Пасля прысуду бацьку Міколы далі спатканне з сынам. Ён расказаў «Нашай Ніве», як Мікола трымаецца, пра што думае і пра што яны паспелі пагаварыць.

«Спатканне прайшло на Валадарскага ў СІЗА: там адмысловыя кабінкі, восем штук, куды прыводзяць зняволеных. Міколу прывялі апошнім, бо ён жа стаіць на прафілактычным уліку, таму яго вядуць «пад асобым наглядам» і ў кайданках.

Размова ідзе праз шкло, «па тэлефоне», — кажа Аляксандр Дзядок. — Мы змаглі пагаварыць з сынам нават трохі больш за гадзіну. 

У такіх сустрэчах заўсёды намагаешся пагаварыць пра ўсё адразу, распавесці ўсё, што накапілася, пачуць меркаванне сына. Са здароўем у яго ў цэлым нармальна. Выглядае добра, не бледны, бадзёры. Аптымістычны, пасміхаецца. 

Кажа, абстаноўка ў камеры нармальная, праблем няма. Але камера ў яго «транзітная», праз яе праходзяць тыя, каго пераводзяць аднекуль, таму кантынгент пастаянна мяняецца. Я сам мяркую, гэта робіцца, каб Мікола не змог наладзіць сувязі з людзьмі, бо ён гэта ўмее, знаходзіць агульную мову з людзьмі лёгка.

Але сын кажа, што намагаецца неяк дапамагаць сукамернікам. Расказваў, што часам людзей прыводзяць у камеру ўвогуле без абутку ці нармальнага адзення, нямытыя… Але палітзняволеных у яго не бывае, толькі тыя, каго прыцягваюць за «звычайную» крыміналку.

Сын кажа, што ціску на яго няма. Камера, праўда, загружаная моцна, дастаткова цесна. Але канфліктаў няма.

Лісты да яго даходзяць, але не ўсе. Мае ён атрымлівае адносна рэгулярна. Лісты ад сястры з Германіі — чамусьці не. Пры гэтым лісты з Італіі ён таксама атрымлівае.

Мікола ў камеры сур’ёзна займаецца ёгай, адціскаецца ўжо больш за 100 разоў за адзін падыход. Чытае сур’ёзныя кнігі, напрыклад Іосіфа Флавія «Іўдзейская вайна» [Іосіф Флавій — гісторык і военачальнік І стагоддзя н. э. — НН].

Ну і глядзіць беларускае тэлебачанне — 8 каналаў. Аналізуе. Да Азаронка і іншых ставіцца з гумарам, для Міколы дзіўна, што няўжо ж яны не разумеюць, што прыйдзецца адказваць? Калі не перад судом, то перад Богам, ці Сусветам, ці сваім сумленнем, напрыканцы. Але ж тут я яму сказаў, што для іх паняцця «сумленне», на маю думку, не існуе. Для іх існуюць толькі амбіцыі ці грошы. Тут сын пагадзіўся.

Дарэчы ў сувязі з яго працэсам нейкі журналіст казаў па ТБ, што Мікола быў асуджаны за парушэнне прэвентыўнага нагляду, за падпалы… Такога ніколі не было. Таму цяпер мы падумваем, а ці не падаць на гэтага журналіста грамадзянскі пазоў? Бо дэ-факта гэта ж паклёп. Імя журналіста зараз не згадаю: выступаў па БТ днямі, з такой дзіўнай бародкай.

Навіны пра мігрантаў сын бачыў, БТ ж паказвае. Мікола лічыць, што гэта гібрыдная вайна з Захадам, з ЕС. Так успрымае гэта. І я з ім згодны, дадам яшчэ, што гэта вайна не столькі Лукашэнкі, колькі нашага ўсходняга суседа.

Увогуле, Мікола ні на што не скардзіцца. Ён усё ўспрымае абсалютна свядома, разумее, што можа быць усё, але ён да гэтага гатовы. Бо гэта яго выбар.

Ён не зрабіў памылак, ён усё рабіў свядома. Вярнуўся ў краіну, бо лічыў гэта правільным. Таму ў Міколы няма шкадаванняў і не было раней.

Іншай пазіцыі ён не прымае: сын лічыць, што за справядлівасць і дабро трэба змагацца. І ён такі выбар зрабіў. Ён застаецца ўпэўненым у сваіх поглядах і сёння. Ахвярай сябе таксама не лічыць, для Міколы ахвяры — тыя, хто яго катаваў, хто яго прэсаваў. Гэта яны ахвяры сваіх памылак, ахвяры ўлады і гэтак далей. І з цягам часу яны атрымаюць тое, што ім накавана.

Свой прысуд Мікола ўспрыняў спакойна. Гэта было чакана. Мы пра гэта і не гаварылі амаль, калі шчыра. Але да 5 гадоў ён гатовы. Пры гэтым і ён, і я лічым, што сітуацыя ў Беларусі сёння вельмі складаная. І мы не думаем, што за 5 гадоў нічога не зменіцца. Таму і сын, і я лічым, што і Мікола, і Бабарыка, і Калеснікава цалкам не адбудуць свае тэрміны: усё скончыцца раней. Нашмат раней».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера