Знайсці
12.11.2021 / 15:52РусŁacБел

Ірак — гарачы пункт планеты і адзін з галоўных пастаўшчыкоў бежанцаў у іншыя краіны? Лічбы гавораць, што гэта не так

Вось ужо некалькі месяцаў на мяжы Беларусі з еўрапейскімі суседзямі адбываецца маштабны міграцыйны крызіс. Абсалютная большасць мігрантаў на беларуска-польскай мяжы — курды з Ірака. І на гэта ў беларускіх уладаў ёсць сваё тлумачэнне. Маўляў, міграцыйны крызіс узнік праз тое, што Ірак нібыта быў зруйнаваны ў выніку ваеннай інтэрвенцыі заходніх краін, і, адпаведна, гэтая блізкаўсходняя краіна стала нібыта адным з галоўных пастаўшчыкоў бежанцаў. Але ці праўда, што ў свеце цяпер шмат іракскіх бежанцаў, і ці можна назваць сучасны Ірак гарачым пунктам? Разбіраемся з аргументамі лукашэнкаўцаў.

Кожны дзень прапаганда ў сваіх шматлікіх заявах, як пад капірку, абвінавачвае ў міграцыйным крызісе так званы «калектыўны Захад». Праўладны саюз пісьменнікаў заклікае ўспомніць аперацыі ў рэгіёне Персідскага заліва армій ЗША, Польшчы і іншых дзяржаў НАТА.

«Дзякуючы намаганням калектыўнага Захаду, Ірак, а таксама Афганістан па-ранейшаму з'яўляюцца аднымі з самых гарачых пунктаў планеты, дзе людзі ўшчэмленыя ў правах, не выконваецца базавае становішча — права на жыццё. Цяпер ад наступстваў ваеннай авантуры НАТА пакутуем мы, беларусы. Даведзеныя да адчаю ўцекачы шукаюць любы шлях, каб патрапіць у ЕС дзеля «шчаслівага жыцця», дзе іх дзеці не будуць гінуць пад кулямі і бомбамі», — адзначаецца ў заяве саюза пісьменнікаў.

У аснове міграцыйнага крызісу — неабдуманая і блізарукая палітыка калектыўнага Захаду, кажа дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзяніс Карась.

«Еўропу накрыла хваля міграцыі. Прычыны гэтага крызісу ў разбурэнні парадку ў Лівіі, Сірыі, Іраку, Афганістане краінамі калектыўнага Захаду, якія і нясуць за гэта адказнасць. Нядзіўна, што гэтыя дзяржавы сталі асноўнымі пастаўшчыкамі бежанцаў», — сцвярджае дэпутат.

Прапаганда свядома змешвае ў адну кучу войны ў Лівіі, Сірыі, Іраку і Афганістане, хаця прычыны, час і наступствы гэтых войнаў былі зусім розныя. А таксама сцвярджае, што цяперашні крызіс на мяжы ёсць працяг міграцыйнага крызісу 2015-2016 гадоў, калі Еўропа прыняла больш за мільён бежанцаў і нелегальных мігрантаў.

Але цяперашні крызіс на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай мяжы не мае ніякага дачынення да крызісу 2015-2016 гадоў, выкліканага вайной у Сірыі. 

Падзеі 2015-2016 гадоў былі беспрэцэдэнтнымі. Тады ў выніку кровапралітнай вайны свае дамы страцілі каля 13 мільёнаў сірыйцаў, палова з якіх выехалі за межы краіны і сталі бежанцамі.

Большасць сірыйскіх бежанцаў прынялі ў сябе Турцыя, Ліван і Іарданія. Частка з іх (каля 1 мільёна) тады адправілася ў Еўропу.

ЕС тады сутыкнуўся з велізарнай напружанасцю на сваіх знешніх межах, краіны-члены па-рознаму глядзелі на крызіс і яго вырашэнне.

Некаторыя краіны выступалі за прыняцце ў ЕС большай колькасці бежанцаў і салідарную адказнасць. Некаторыя краіны (у першую чаргу краіны Усходняй Еўропы) былі супраць такога падыходу і не гатовыя былі прымаць у сябе вялікую колькасць бежанцаў-сірыйцаў.

Адказнасць за вырашэнне гэтага крызісу тады ўзяла на сябе канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель, і яе краіна прыняла большую частку сірыйцаў, што прыбылі ў ЕС са зруйнаванай вайной краіны. Той крызіс меў каласальныя палітычныя наступствы для Еўропы, але Еўрасаюз тады даў рады ім, няхай і з цяжкасцямі.

Фота БелТА

Але цяперашняя сітуацыя 2021 года істотна адрозніваецца ад 2015-га. У свеце цяпер проста няма такога глабальнага міграцыйнага крызісу, які быў бы параўнальны з сітуацыяй у Сірыі ў 2015 годзе, тым больш у Іраку.

Ірак, які падчас садамаўскага тэрору, амерыканскай інтэрвенцыі, грамадзянскіх войнаў і з’яўлення «Ісламскай дзяржавы» быў гарачым пунктам планеты і не сыходзіў з загалоўкаў газет, апошнія гады перастаў такім быць.

Насуперак стэрэатыпам і прапагандысцкім наратывам, сітуацыя ў гэтай краіне апошнія гады паступова стабілізавалася, колькасць бежанцаў і ўнутраных прымусовых перасяленцаў паслядоўна скарачалася.

Больш за тое, сам Ірак прымаў да сябе бежанцаў з Сірыі. Паводле справаздачы Агенцтва ААН па справах бежанцаў за 2020 год, грамадзяне Ірака не ўваходзілі нават у топ-10 нацыянальнасцяў з найбольшай колькасцю бежанцаў.

Вось так выглядае спіс топ-10 краін, адкуль было больш за ўсіх бежанцаў станам на канец 2020 года.

На першым месцы прадказальна была Сірыя, што перажыла крывавую грамадзянскую вайну, у якую ўмяшалася вялікая колькасць знешніх актараў. 6,7 млн грамадзян гэтай краіны цяпер з’яўляюцца бежанцамі, яшчэ прыкладна столькі ж з’яўляюцца ўнутранымі прымусовымі перасяленцамі.

На другім месцы, нечакана для многіх, венесуэльцы. За апошнія гады кіравання Нікаласам Мадурам краіну, што мае найбагацейшыя запасы нафты ў свеце, пакінулі амаль 5 мільёнаў чалавек (большая частка збегла ад сацыялістычнага раю ў капіталістычную Калумбію).

У дзясятцы таксама прысутнічае М’янма: больш за мільён мусульман-рахінья з гэтай краіны не маюць пашпартоў і вымушаныя шукаць прытулку ў суседніх краінах.

Таксама ў гэтым сумным спісе Афганістан, Паўднёвы Судан, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Самалі, Судан, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Эрытрэя.

Чаму Ірак, які ў 2020 годзе амаль не «генераваў» новых бежанцаў і нават не фігураваў у такіх справаздачах, знянацку ў 2021 годзе стаў такім жахлівым і небяспечным, як гэта сцвярджае беларуская дзяржаўная прапаганда?

Няўжо ў першай палове 2021 года ў Іраку здарылася нешта такое, што б істотна змяніла там гуманітарную сітуацыю і што засталося б незаўважным для сусветных СМІ?

Фота: БелТА

На жаль, сённяшні Ірак нельга назваць заможнай і стабільнай краінай. Паводле Агенцтва ААН па справах бежанцаў, усяго ў свеце было каля 330 тысяч бежанцаў з Ірака.

Але гэта нашмат менш, чым было, напрыклад, у 2007 годзе, калі ў разгар вайны ў свеце было больш за 2 мільёны бежанцаў з гэтай краіны. Апошнія гады колькасць іракскіх бежанцаў змяншалася.

Зараз у Іраку жыве амаль 5 мільёнаў чалавек, якія раней былі альбо бежанцамі, альбо вымушанымі ўнутранымі перасяленцамі, а цяпер вярнуліся дадому. 

На жаль, у Іраку застаюцца крыху больш за 1 млн унутраных вымушаных перасяленцаў, але і іх колькасць імкліва падае. У 2015 годзе такіх было больш за 4 мільёны, такім чынам назіраецца змяншэнне ў разы.

Адзін з любімых аргументаў прапагандыстаў — ды і самога Лукашэнкі — за апошнія месяцы, якімі яны тлумачаць міграцыйны крызіс: маўляў, Захад, вы самі вінаватыя ў тым, што развалілі стабільны і квітнеючы Ірак, самі асудзілі мільёны людзей на бежанства і няшчасце.

«Давайце ўспомнім: яшчэ 10-20 гадоў таму Лівія, Сірыя, Ірак — тыя дзяржавы, якія цяпер з'яўляюцца крыніцамі нелегальнай міграцыі — былі цалкам стабільнымі краінамі. Такой праблемы не існавала», — сцвярджае адзін праўладны каментатар.

«Яны знішчылі Муамара Кадафі, Садама Хусейна. Я быў у гэтых краінах. Гэта былі багатыя дзяржавы, што развіваліся. Своеасаблівыя, як і ўсе іншыя дзяржавы. Разбілі Блізкі Усход, вайна да гэтага часу ідзе ў Лівіі і Сірыі. Знішчылі Ірак — багатую краіну. У імя чаго? Дэмакратыю прынеслі пад крылом знішчальнікаў? Ніякай дэмакратыі», — выказваўся сам Лукашэнка. 

Фота: БелТА

Гэты ж самы аргумент часам можна пачуць і ад некаторых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія лічыць людзей на беларуска-польскай мяжы бежанцамі, якіх прымусова трэба пусціць у ЕС, бо ў ЕС перад гэтымі людзьмі нібыта ёсць нейкая віна.

Але наколькі справядліва сцвярджаць, што хусейнаўскі Ірак быў квітнеючай і бяспечнай дзяржавай? У «квітнеючым» Іраку Хусейн развязаў паўнавартасную вайну супраць сваіх суайчыннікаў — шыітаў і курдаў. У пачатку 1990-х гадоў у выніку дзеянняў гэтага дыктатара бежанцамі сталі 1,3 млн іракцаў (пераважна курдаў, якіх Хусейн труціў газам). Няўжо так выглядае «цалкам стабільная» і «квітнеючая» краіна?

Для параўнання: зараз у Іраку, пасля ўсіх замежных інтэрвенцый і грамадзянскіх войнаў, каля 330 тысяч бежанцаў. Іх колькасць паступова змяншаецца, мільёны людзей за апошнія гады вярнуліся ў свае дамы.

Сама заява лукашэнкаўцаў пра тое, што так званы «калектыўны Захад» нібыта зруйнаваў Ірак сваёй вайсковай інтэрвенцыяй, выглядае недарэчнай. У «калектыўнага Захаду» не было ніякай адзінай пазіцыі па іракскім пытанні.

Нагадаем, Францыя, Германія, Канада і многія іншыя партнёры ЗША выступілі ў 2003 годзе катэгарычна супраць ваеннага ўварвання ў гэтую краіну.

Сённяшні Ірак не проста перастаў быць вялікім пастаўшчыком новых бежанцам, але і ператварыўся ў краіну, дзе знайшлі свой прытулак каля 300 тысяч грамадзян іншых краін (у першую чаргу сірыйцаў).

Калі паглядзець агульную колькасць людзей, што жывуць у Іраку ў цяжкім становішчы, і ўключыць сюды ўнутраных прымусовых перасяленцаў, бежанцаў, людзей, якія нядаўна вярнуліся ў свае дамы, людзей без грамадзянства, мы пабачым, што іхняя колькасць імкліва зменшылася з 3,1 млн чалавек у 2018 годзе да 1,8 млн чалавек у 2020 годзе.

Нарвежская рада па пытаннях бежанцаў у сваёй справаздачы за 2020 год апісала самыя крывавыя канфлікты ў свеце за папярэдні год, якія выклікалі рост колькасці бежанцаў і ўнутраных прымусовых перасяленцаў. 

  • У Буркіна-Фасо за 2020 год з'явіўся 1 мільён унутраных перасяленцаў у выніку крывавага канфлікту.
  • Мільён чалавек пакінулі свае дамы ў выніку канфлікту ў эфіопскім рэгіёне Тыграй.
  • У Мазамбіку ў выніку аднаго толькі нападзення на горад Пальма свае дамы пакінулі 60 тысяч чалавек. А агулам за год у краіне вымушанымі перасяленцамі сталі 750 тысяч чалавек.
  • Стабільна жахлівая сітуацыя ў Конга. Кожны дзень свой дом вымушаныя пакідаць 6 тысяч грамадзян гэтай дзяржавы.
  • Працягвае заставацца нестабільнай Сірыя: 900 тысяч новых перасяленцаў за адзін толькі 2020 год.
  • Катастрафічны выбух у порце Бейрута пакінуў без жытла 200 тысяч чалавек, 70 тысяч чалавек страцілі працу.
  • 90 тысяч армян вымушаныя былі пакінуць Нагорны Карабах у выніку вайны з Азербайджанам.
  • Пажар у лагеры бежанцаў у Бангладэшы пакінуў без даха над галавой 50 тысяч бежанцаў рахінья з М'янмы.
  • Больш за 5 мільёнаў венесуэльцаў, зазнаўшы ўсю прывабнасць сацыялізму, вымушаныя былі з'ехаць з краіны за апошнія 2 гады.

Ніякага падобнага ліха і гора параўнальных маштабаў у 2020-2021 годзе ў Іраку і блізка не адбывалася.

Там не было нічога такога, што магло б выклікаць такі рост колькасці «бежанцаў» праз Беларусь пры амаль поўнай адсутнасці ў нас бежанцаў рахінья, армян, ліванцаў, сірыйцаў, кангалезцаў і іншых.

Ніякіх звышдраматычных падзей у іракскім Курдыстане цяпер не адбываецца, няма вайны ці масавага этнічнага пераследу, якімі можна было б патлумачыць такія міграцыйныя патокі «бежанцаў» праз Беларусь.

Хаця да абсалютнага спакою і бяспекі гэтаму рэгіёну, і праўда, яшчэ далёка. Эканамічная сітуацыя ў рэгіёне, дзякуючы нафтавым даходам, не самая кепская ў параўнанні з суседзямі. Паводле цяперашняга міжнароднага заканадаўства, іракскія курды маюць мала шанцаў атрымаць палітычны прытулак у Еўропе.

Цяперашні міграцыйны крызіс проста немагчыма патлумачыць нейкім ліхам ці горам у Іраку, якія маглі б выклікаць такі рост колькасці «бежанцаў» праз Беларусь. Таму адзінае магчымае адэкватнае тлумачэнне цяперашняга міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы — разгортванне ў Іраку спецыяльнай інфармацыйнай кампаніі, што Беларусь — ледзь не легальны шлях на Захад. Гэтая кампанія ніяк не звязана з нейкімі падзеямі ў Іраку. 

У шматлікіх расследаваннях журналістаў, у тым ліку і іракскіх, маюцца сведчанні, што беларускі бок іграе ў гэтай гісторыі далёка не другасную ролю. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930