Знайсці
12.11.2021 / 09:58РусŁacБел

«Развучыцца жартаваць або паціснуць руку Лукашэнку?» — «Развучыцца жартаваць». Комік Слава Камісаранка даў інтэрв'ю Дудзю

Слава Камісаранка — беларускі комік, які з 2008 года жыве ў Расеі. Пасля пратэсных падзей 2020-га ён публічна выступаў з крытыкай уладаў Беларусі, у стэндапах парадзіраваў Лукашэнку, за што быў пазбаўлены ўсіх канцэртных пасведчанняў у Беларусі і магчымасці прыехаць на радзіму. Сёння на ютуб-канале Юрыя Дудзя выйшла вялікае інтэрв'ю з комікам.

Слава Камісаранка распавёў, з якімі цяжкасцямі ён сутыкнуўся, калі з'явіўся папулярны мем пра «Чык-Чырык» і комік адкрыта загаварыў пра палітыку.

«Калі я выпусціў працяг [гісторыі пра «Чык-чырыка»], здарыўся самы моцны ўсплёск. Мне вельмі шмат пісалі: і розныя людзі, і амапаўцы. Рэакцыя была такая моцная… Мне было неспакойна ад таго, што гэта выклікала такую хвалю. Але пры гэтым гэтыя жарты неяк разраджалі напружанне. Яны як быццам дазвалялі крыху расслабіцца ў атмасферы гэтага жаху».

Папулярны блогер пацікавіўся, што ж яму пісалі амапаўцы.

«Пісалі: «Цікава, с*ка, ты б у мяне адразу ў аўтазаку абасцаўся ці не?» Пісалі і жонкі амапаўцаў. Тыя, што больш адэкватныя, казалі, маўляў, вы не разумееце ўсёй сітуацыі: «Калі ты не разбіраешся ў палітыцы, не лезь сюды». Хтосьці пісаў: «Ты — клоўн, што ты ў гэтым разумееш?!» — «Згодны».

А вось сілавікоў, хто пісаў бы, што сам усё разумее, але нічога зрабіць не можа, Слава не сустракаў.

Каб растлумачыць, у якім эмацыйным стане комік знаходзіўся падчас пратэсных месяцаў, ён распавёў адну гісторыю, за якую, прызнаецца, яму няёмка дагэтуль: «У нейкі момант гвалт перайшоў усе межы, якія былі магчымыя ў галаве. Узровень нянавісці, таго, што ты абсалютна нічога не можаш зрабіць…

Пікавая эмоцыя. І ў нейкі момант, здаецца, супрацоўнікі аб'яднання былых сілавікоў пачалі распрацоўваць праграмы і дадаткі па дэананімізацыі. Яны вылічылі некаторых амапаўцаў і злілі іх нумары. Я патэлефанаваў ім усім. Не ведаю, навошта гэта зрабіў, мяне проста трэсла.

Слухаўку падняў толькі адзін, я яму сказаў: «Ну што, с*ка?» — быў проста не ў сабе. І ён мне адказаў: «Вы, напэўна, Паўлу тэлефануйце — я яго брат». У той сітуацыі эмоцыі апярэджвалі твой розум. Калі быць сумленным, гэта настолькі цяжка выносіць — не ўяўляю, як гэта выносілі людзі ў Беларусі». 

Бацькі Славы пераехалі ў Маскву яшчэ да яго палітычных выступаў. Але да яго дайшла інфармацыя, што імі таксама цікавіліся: «Бацькоў жа шукалі ў Беларусі — на іх быў запыт. Наогул, у Беларусі цяпер усе разумеюць, што спадзявацца ні на каго нельга: ні на суды, ні на ўладу.

Таму ўзаемадапамога на вельмі высокім узроўні, людзі адзін аднаму дапамагаюць. Мне сталі пісаць: «Прывітанне, Слава. Ты мяне не ведаеш, у мяне мама працуе там і там, і сёння быў запыт на цябе, тваю маму, тату. Проста ведай».

Юрыю Дудзю не дае спакою пытанне жорсткасці сілавікоў: як гэта магчыма ў краіне, дзе жыве дзевяць мільёнаў чалавек? У краіне, дзе дубінкай ты можаш трапіць па суседу ці нават па сваяку? Вось як гэта для сябе тлумачыць Слава Камісаранка:

«Напэўна, яны вельмі ізаляваныя, адасобленыя ад астатняй часткі грамадства. У іх свая каста: сілавікі і дзяржслужачыя асацыююць сябе з рэжымам, а не з народам. Паглядзі на рыторыку Лукашэнкі. Ён кажа: «народзец» і «вы маліць будзеце, каб я застаўся». Ён лічыць, што ён бог для гэтых людзей, што яны абавязаны яму тым, што наогул жывыя. Прадстаўнікі рэжыму, напэўна, пераймаюць частку гэтай філасофіі».

Спытаў журналіст, ці не змянілася стаўленне коміка да Макса Каржа пасля яго выказвання падчас пратэстаў. Нагадаем, 11 жніўня, у самы разгар пратэстаў, рэпер напісаў у сябе ў Instagram: «Пацаны. Вы перамаглі. Тармазніце сёння. Вы паказалі, што можаце даць адпор. Паказалі варушняк на ўвесь свет. Відосаў хопіць на месяц наперад. Гэтая тэма (прамыя сутыкненні) ужо не будзе працаваць у плюс. Сілавікі такім спосабам на бок людзей не пераходзяць. Тую «перамогу са дня на дзень», пра якую вам пішуць у тэлеграме, цяпер атрымаць проста нерэальна». Яго словы выклікалі хвалю хейту.

«Не. Больш за тое, мне хацелася яго падтрымаць. Хацелася сказаць, маўляў, хлопцы, вы там не шукайце ворагаў. Не трэба асуджаць нікога са сваіх. Корж — годны сын Беларусі. Магчыма, ён выказаў свае думкі неяк няправільна, коснаязыка, але ён дакладна перажывае за ўсё — я ўпэўнены, хоць мы і не знаёмыя. Проста ён штосьці можа сказаць, а іншае — не».

Наконт будучыні Беларусі ў Славы такія прагнозы: «Я аптымістычна настроены. Усё гэта скончыцца. Не ведаю, наколькі хутка, але тое, што адбываецца — ненатуральна. Як быццам супярэчыць самому жыццю. Калі хтосьці кажа, што беларускі пратэст загнуўся ці не прынёс выніку — ён памыляецца. Усе ўбачылі, што адбываецца ў Беларусі — хто дабро, а хто — зло. Гэта не пройдзе бясследна».

Комік таксама распавёў пра свае планы змяніць грамадзянства: прыклад Анжалікі Агурбаш, грамадзянкі Расеі, наштурхнуў яго на ідэю атрымаць расейскі пашпарт. Да таго ж у беларускім дакуменце ў яго заканчваюцца старонкі для віз, а як змяніць пашпарт, не трапляючы ў Беларусь або ў яе консульства, пакуль Слава не прыдумаў.

На пытанне бліца: «Развучыцца жартаваць або паціснуць руку Лукашэнку?» — стэндапер, не разважаючы, адказаў: «Развучыцца жартаваць».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930