Чыноўнікі з БРСМ і актывіст фрык-руху: хто пікетуе польскае пасольства ў Мінску
«Каля польскага пасольства збіраюцца патрыёты і неабыякавыя грамадзяне Беларусі на знак пратэсту супраць бесчалавечнага стаўлення польскага ўрада ў дачыненні да мігрантаў», — рапартуюць дзяржаўныя СМІ. Але некаторых «неабыякавых грамадзян» пазнаць даволі лёгка: гэта БРСМаўскія сакратары і прадстаўнік так званага руху «НОД».
«НОД» (нацыянальна-вызваленчы рух) прасоўвае ідэі Рускага свету ўперамешку з тэорыямі сусветнай змовы.
«Нодаўцы» праслаўляюць Сталіна, вераць, што агрэсіўны Захад супрацьстаіць славянскай цывілізацыі, а песні Цоя пісалі ў ЦРУ.
Аляксандр Леонаў (на фота) — адзін з самых «каларытных» адэптаў гэтай ідэалогіі ў Беларусі.
Раней ён хадзіў на нешматлікія пікеты «НОД», але ў 2020 годзе пагаліў вусы і рэгулярна наведвае мітынгі ябацек.
Пасля гэтага відэа Леонаў стаў шырока вядомым у вузкіх колах мемам:
На заднім плане за дзяўчатамі можна заўважыць высокага барадача. Гэта Уладзімір Багданаў, другі сакратар мінскага аддзялення БРСМ.
Яшчэ адзін пратэстовец — таксама чыноўнік з БРСМ, непасрэдны начальнік Багданава. Яго завуць Аляксандр Дзічкоўскі. Ён першы сакратар мінскага БРСМ.
«Малады хлопец, які стаіць з фатаграфіяй дзяцей уцекачоў, сказаў, што ён прыйшоў да польскай амбасады, каб паказаць нашым суседзям тое, што нам неабыякавая ўся гэтая сітуацыя на мяжы. Тут на фотаздымках твары дзяцей, і відавочна яны не заслужылі тое, што з імі такое зараз адбываецца», — пішуць праўладныя каналы.
І Дзічкоўскі, і Багданаў перыядычна выходзяць на такія пікеты ля пасольстваў.
Напрыклад, яны стаялі пад сценамі літоўскай амбасады, калі ў Вільнюсе і Рызе чырвона-зялёны сцяг замянілі на бела-чырвона-белы. Карцінка была такая ж, як і сёння па пасольствам Польшчы: пастаяць са сцягамі, а потым даць асуджальны каментар дзяржаўным СМІ.