Знайсці
09.11.2021 / 20:14РусŁacБел

«Поўная дэвальвацыя законаў і прысягі». Дзейны пагранічнік пра сітуацыю на беларуска-польскай мяжы

Крызіс на граніцы Беларусі і Польшчы працягваецца. Каля кропкі канфлікту ўжо тысячы польскіх салдат, надзвычайнае становішча ўвяла не толькі Польшча, але і Літва, занепакоенасць ужо выказала нават NATO. Мы спыталі ў дзейных пагранічнікаў, як трэба ацэньваць гэтую сітуацыю з пункту гледжання законаў, якімі кіруецца Дзяржпагранкамітэт. Усе гэтыя законы пералічаны на адпаведнай старонцы ведамства.

«Яшчэ з паўгода таму супрацоўнікам выдаваліся прэміі ў памеры 200 рублёў за спынены канал незаконнай міграцыі»

Асноўныя дакументы, якімі рэгулюецца ахова граніцы, гэта Закон аб пагранічнай службе, Закон аб дзяржаўнай граніцы, Канцэпцыя забеспячэння пагранічнай бяспекі на 2018-2022 год і інш.

Так, згодна з Законам аб пагранічнай службе, асноўнымі задачамі службы, апроч іншых, з'яўляюцца:

— ахова дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь,

— забеспячэнне пагранічнай бяспекі,

— папярэджанне, выяўленне і спыненне злачынстваў і адміністратыўных правапарушэнняў, якія ствараюць пагрозу пагранічнай бяспецы.

Чацвёрты артыкул гэтага ж закона «Прынцыпы дзейнасці органаў пагранічнай службы» гаворыць нам, што дзейнасць органаў пагранічнай службы сярод іншага ажыццяўляецца на прынцыпах законнасці і непахіснасці дзяржаўнай граніцы.

Пагранічнікі абавязаны ў тым ліку:

  • спыняць спробы незаконнага праходжання дзяржаўнай граніцы на мясцовасці,

  • рабіць захады па барацьбе з незаконнай міграцыяй, арганізаванай злачыннасцю і тэрарызмам,

  • удзельнічаць разам з упаўнаважанымі органамі ў межах пагранічнай зоны і пагранічнай паласы ў ажыццяўленні кантролю ў вобласці аховы навакольнага асяроддзя.

Галоўны ж абавязак асобных супрацоўнікаў органаў пагранічнай службы такі: «Супрацоўнік органаў пагранічнай службы […] у выпадку звароту да яго грамадзян з заявай або паведамленнем аб падзеях, якія пагражаюць пагранічнай бяспецы, або ў выпадку іх непасрэднага выяўлення, абавязаны прыняць магчымыя захады па спыненні правапарушэння […]».

«То-бок тое, што мы бачым — гэта чысты бандытызм і выкручванне сэнсу існавання і абавязкаў пагранічнікаў, — каментуе сітуацыю афіцэр-пагранічнік, які зараз служыць на мяжы. — Прынамсі яшчэ з паўгода таму супрацоўнікам выдаваліся прэміі ў памеры 200 рублёў за спынены канал незаконнай міграцыі, многія атрымлівалі датэрмінова званні за групы злоўленых афрыканцаў і іракцаў.

Штраф, дэпартацыя, ІЧУ. Як раней абыходзіліся з тымі, хто спрабаваў прарвацца праз мяжу

Група з 10 чалавек на граніцы лічылася надзвычайным здарэннем, пра якое інфармавалі кіраўніцтва Дзяржпагранкамітэта. Крый божа, нехта з іх праскочыць — патрэбны імгненны званок палякам, каб яны перахоплівалі на сваім баку і вярталі, іначай можа дайсці да вымовы, паніжэння, пераводу. Тое што адбываецца — поўная дэвальвацыя законаў і прысягі».

«Дзяржаўнае тэлебачанне, паказваючы, як ломяць нашы і польскія агароджы, наўпрост прапагандуе парушэнне законаў»

Пагранічнік дадае, што згодна з законам аб дзяржаўнай граніцы, «перасячэнне дзяржаўнай граніцы ажыццяўляецца на шляхах міжнароднага чыгуначнага, аўтамабільнага […] злучэння, або ў іншых месцах, вызначаных міжнароднымі дамовамі», а «пропуск фізічных асоб […] уключае ў сябе ажыццяўленне пагранічнага кантролю і правядзенне мытнага кантролю […]».

«Парушальнікамі дзяржаўнай граніцы з'яўляюцца фізічныя асобы, якія перасеклі ці імкнуцца перасекчы дзяржаўную граніцу па-за вызначанымі месцамі яе перасячэння ці з парушэннем правілаў перасячэння», — кажа закон.

То бок усе тыя мігранты, што зараз разбілі палатачны лагер на беларускай мяжы, парушальнікі. Па законе іх трэба затрымліваць і судзіць.

Таксама ў прыгранічнай зоне і паласе «забараняецца знішчаць, выводзіць з ладу, перасоўваць папярэджвальныя знакі, […], аб'екты інфраструктуры прыгранічнай тэрыторыі; размаўляць з фізічнымі асобамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі сумежнай дзяржавы, прымаць ад іх ці перадаваць ім якія небудзь тавары, або падаваць сігналы; аказваць уздзеянне і пераадольваць інжынерныя пабудовы і агароджы, іншыя аб'екты, узведзеныя ў мэтах забеспячэння аховы дзяржаўнай граніцы».

«Дзяржаўнае тэлебачанне, паказваючы, як ломяць нашы і польскія агароджы, наўпрост прапагандуе парушэнне законаў», — каментуе гэты пункт пагранічнік.

«Беларускае заканадаўства дапускае пераход граніцы толькі ў вызначаных месцах. Адпаведна, людзі, якія цяпер стаяць за спінамі парушальнікаў, якіх вайскоўцы паміж сабой заўсёды называюць «бандытамі», павінны іх адтуль прыбіраць, а таксама аштрафаваць за знаходжанне ў прыгранічнай зоне без дазволу.

Таксама іх трэба праверыць на датычнасць да злачынстваў па другой частцы артыкула 371-1 Крымінальнага кодэкса «Арганізацыя незаконнай міграцыі, учыненая спосабам, які ўяўляе небяспеку для жыцця ці здароўя замежных грамадзян […] адказнай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў».

За гэта закон прадугледжвае ад трох да сямі год пазбаўлення волі. Вось што павінна быць зроблена», — кажа вайсковец і дадае, што амаль увесь ланцужок падзей на мяжы з ЕС можна трактаваць як асобнае крымінальнае злачынства, за якое павінна быць адказнасць.

«Што называецца, адкрываю законы, чытаю і раблю наадварот»

Існуе яшчэ адзін адметны дакумент, які называецца «Канцэпцыя забеспячэння пагранічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2018-2022 гады».

У ім гаворыцца, што асноўнымі пагранічнымі небяспекамі для Беларусі з'яўляюцца (апроч іншага):

— узмацненне міграцыйных плыняў і павелічэнне колькасці каналаў незаконнай міграцыі праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь,

— распаўсюджванне інфармацыі (поглядаў, меркавання), якая ставіць пад сумнеў законнасць (правільнасць) праходжання Дзяржаўнай граніцы і дыскрэдытуючай дзейнасць па яе ахове,

— парушэнне функцыянавання пунктаў пропуска сумежных дзяржаў на дзяржаўнай граніцы з Рэспублікай Беларусь,

— мілітарызацыя прыгранічных тэрыторый сумежных дзяржаў,

— узнікненне […] канфліктаў, а таксама павышэнне пратэстнай актыўнасці насельніцтва на прыгранічнай тэрыторыі да крайняй формы — масавых беспарадкаў, якія пацягнулі незаконнае парушэнне дзяржаўнай граніцы,

— абвастрэнне санітарна-эпідэміялагічнай і экалагічнай абстаноўкі на прыгранічнай тэрыторыі, выкліканае трансгранічнымі працэсамі,

— спыненне кантактаў па рашэнні пагранічных пытанняў з сумежнымі дзяржавамі, ажыццяўленне правакацый, у тым ліку ўзброеных, на дзяржаўнай граніцы.

«Такім чынам, тое, што адбываецца, згодна з Канцэпцыяй, нясе пагрозу нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь — я не ведаю, ці ўсе выканаўцы разумеюць тое, што мы дакаціліся да таго, што органы пачалі несці пагрозу нацыянальнай бяспецы.

Адносіны з суседзямі зруйнаваныя, нацыянальнае заканадаўства парушаецца, санітарная сітуацыя жахлівая, у сумежнікаў стаяць танкі насупраць нашых хлопцаў.

Што называецца, адкрываю законы, чытаю і раблю наадварот, гэта сорам і ганьба. Але, што самае жудаснае, выглядае, што справа можа дайсці да крыві», — лічыць афіцэр.

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера