Знайсці
09.11.2021 / 12:55РусŁacБел

Палітычны аналітык пра выклік для Беларусі: «Моўны пройгрыш прывядзе да аднаго: беларусы стануць рускімі»

Інтэлектуальны клуб Святланы Алексіевіч працягвае дыскусійныя сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі і навукоўцамі. Гэтым разам амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр і ўкраінскі палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў абмяркоўвалі шляхі да несвабоды, па якіх пайшлі постсавецкія краіны, найперш Расія, Украіна і Беларусь. 

Віталь Портнікаў. Фота apostrophe.ua

«У канцы 80-х і пачатку 90-х мы жылі ва ўмовах перамен. Пасля сітуацыя пачала змяняцца, і стала відавочным, што гэтыя перамены мы зможам убачыць выключна на асобных участках постсавецкай прасторы, не на ўсёй тэрыторыі, — заявіў Портнікаў. — Я разумеў, што жыву сярод людзей, якія перажылі катастрофу 1917-1922 гадоў і наступныя рэпрэсіі.

Гэта катастрофа была настолькі сур’ёзнай, што ў яе жаху практычна забылася Першая сусветная вайна. І гэтым мы адрозніваемся ад еўрапейскіх краін, там Першая сусветная вайна — адна з найбольшых трагедый, разам з Другой сусветнай.

А ў нас пра Першую сусветную ніхто ніколі не памятаў не толькі на дзяржаўным узроўні, але і ў сем’ях, таму што ўсе наступныя жахі — грамадзянская вайна, рэпрэсіі, голад і амаль адразу ж новая вайна засланілі тую Першую.

І хто мог застацца ў такой дзяржаве? Засталіся пераможцы, якіх таксама пасля расстрэльвалі, знішчылі, і засталіся запалоханыя людзі, якія стараліся не дзяліцца са сваімі дзецьмі і ўнукамі сваім досведам, нават калі ён быў станоўчым.

Што мы атрымалі ў выніку? У Расіі значна горшую сітуацыю, чым у краінах, куды прыходзілі бальшавікі. Калі ў Расіі была паўнавартасная грамадзянская вайна, то ў тых краінах, якія былі акупаваныя і далучаныя да Савецкага саюза, сітуацыя склалася іншая.

Там грамадства было больш маналітным, менш падзеленым, і, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, заставалася частка людзей, якія валодалі або пачуццём свабоды, або пачуццём ідэнтычнасці, гэта не заўсёды супадала».

Аналітык прыгадаў, што калі ў савецкі час ездзіў у краіны Балтыі, то бачыў, што там не перарваная сувязь паміж ідэнтычнасцю, свабодай і здольнасцю да самавыражэння. 

«Дастаткова было пераехаць мяжу паміж Літвой і Беларуссю, як змяняўся свет, таму што Беларусь на некалькі гадоў даўжэй была ў складзе СССР.

Дастаткова было пераехаць мяжу паміж Беларуссю і Расіяй, як свет яшчэ раз змяняўся, таму што Беларусь была арэнай акупацыі расійскага войска (так, пад чырвонымі сцягамі, але гэта было ўсё тое ж расійскае войска), а ў Расіі яны ўжо ваявалі паміж сабой. 

Таму я заўсёды лічыў, што, па-першае, у Латвіі, Літвы і Эстоніі, а па-другое, ва Украіны, у меншай ступені ў Беларусі, больш шанцаў прарвацца, чым у Расіі, якая была раздаўленая грамадзянскай вайной.

Таму што, нягледзячы ні на якое імкненне да пераменаў, само грамадства, заснаванае на амаральнасці перамогі ў пачатку ХХ стагоддзя, не здольнае да развіцця.

Гэта было зразумела ўжо ў 1990-я гады, калі расіяне пачалі высвятляць адносіны паміж сабой. І мы ўбачылі ў ельцынскую эпоху, што ўвесь дэмакратызм новай улады — гэта ўсяго толькі шыльда для ўзбагачэння і ўстанаўлення новага аўтарытарнага рэжыму». 

Узнікае пытанне: а які выбар? 

Портнікаў мяркуе, што «мы наўрад ці можам выратавацца разам».

«Кожная краіна з постсавецкай прасторы можа разлічваць на пераход да іншай цывілізацыі, толькі калі вырашыць два пытанні.

Пытанне знешняй дэакупацыі, гэта, вядома, разрыў з імперскім мінулым, — заявіў эксперт. — І мы ва Украіне прыкладаем да гэтага значныя намаганні, асабліва пасля перамогі Майдана ў 2013-2014 годзе.

Не сказаць, што гэта заўсёды атрымлівацца, таму што ў нас вельмі шмат людзей, якія не хочуць гэтага разрыву, і ў 2019-м яны, па вялікім рахунку, узялі рэванш. Але мы працуем.

Сёння нават наша грамадская і медыйная прастора — гэта не перайменаваная прастора савецкай Украіны ці нейкай Курскай вобласці, як гэта было яшчэ дзесяцігоддзе таму.

Я заўсёды казаў, што поспех прыйдзе з фарміраваннем украінскай ідэнтычнасці ад Львова да Данецка. Калі Адэса, Дняпро, Харкаў — нашы гарады-мільённікі — загавораць па-ўкраінску.

Калі ў нашых школах будуць вучыць Байрана і Пушкіна ў перакладзе на ўкраінскую, тады Украіна будзе такой жа натуральна культурна гамагеннай краінай, як Польшча». 

Але гэтага недастаткова, кажа Портнікаў: «Важна яшчэ, што будуць гаварыць па-ўкраінску, важна, каб не гаварылі на савецкі лад. І гэта наступны этап, неабходная ўмова для выздараўлення».

Магчыма, у будучыні гэта будзе тычыцца і Беларусі, лічыць палітычны аглядальнік. 

«Пакуль у Беларусі па-беларуску будзе гаварыць 3%, а не 93% насельніцтва, ні пра якую будучыню краіны не можа ісці гаворкі. Моўны пройгрыш для ўкраінцаў і беларусаў прывядзе да таго, што яны стануць рускімі, трэба сказаць гэта шчыра і назаўсёды. Прыбіраеце моўныя і культурныя адрозненні — становіцеся вы проста заходняй часткай рускага народа». 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930