Знайсці
06.11.2021 / 21:14РусŁacБел

«Лепшае, што можа адбыцца — гэта абняць матулю». Дачка Марыны Золатавай дала пранікнёнае інтэрв'ю пра яе

Галоўная рэдактарка Тутбай Марына Золатава сёння святкуе дзень народзінаў. Яго яна адзначае за кратамі, у СІЗА № 1. Тут яна знаходзіцца амаль паўгады. Яе дачка, Надзея Кішкурна, студэнтка Акадэміі мастацтва, дала «Радыё Свабода» інтэрв'ю, у якім расказала пра сваё маленства, выпускны без маці і сілы трымацца. Публікуем вытрымкі з яго.

«Хтосьці кажа, што сапраўднага каханьня не існуе. Хто гэтыя людзі, якія так кажуць?»

Мама заўсёды на тэлефоне, заўсёды думкамі на працы. Мы гэта разумелі з маленства — такая ў яе праца. Але я памятаю маму пяшчотную, добрую, ласкавую, яна пастаянна гатавала нам смачную ежу, дазваляла і паленавацца. Маці заўсёды нас шкадавала, казала, што мы з братам яшчэ маленькія. Бабуля спрачалася: «Марына, яны ўжо не маленькія!»

Тут і далей фота з асабістага архіву спецыяльна для «Радыё Свабода».

Матуля з такой пяшчотай ставілася і да мяне, і да брата, і да бацькі! «Хтосьці кажа, што сапраўднага каханьня не існуе. Хто гэтыя людзі, якія так кажуць?» — жартавала маці. У мяне ёсьць цудоўны прыклад такога каханьня перад вачыма.

Гэта ня проста маці, якая падыдзе, абдыме, але гэта і прыклад — як трэба ставіцца да працы.

Калі я пачала чытаць пасьля затрыманьня артыкулы, пасты, якія пісалі яе калегі, я пачала ўсьведамляць, якая яна неверагодная! Які яна клясны прафэсіянал! Я вельмі шчасьлівая, што я дачка такога крутога чалавека! Але я ніколі не хвалілася перад сябрамі, аднаклясьнікамі, што мая маці — галоўная рэдактарка самага папулярнага парталу. Цяпер я вельмі ганаруся сваёй матуляй.

Калі я нечага не разумела, што адбывалася ў сьвеце, мне ня трэба было глядзець «Эўраньюз» ці чытаць нейкія каналы. Мне можна было зьвярнуцца наўпрост да маці і да бацькі. І яны дасьціпна мне ўсё растлумачаць.

Я да апошняга ня верыла. Мне чамусьці здавалася, што ўсё абыдзецца. Калі перад выбарамі затрымалі Віктара Бабарыку, мне таксама да апошняга ня верылася, што ўлады на гэта здатныя. Мне заўсёды здавалася, што людзі так ня робяць. Мне заўсёды здавалася, што я жыву ў сьвеце, дзе жывуць людзі, а ня нейкія зьвяры (плача).

Мае бацькі (і асабліва маці) заўсёды штурхалі мяне: трэба паступіць у гімназію, потым у Ліцэй БДУ. Маці за гэтым сачыла, натхняла, ну і кантралявала, канечне.

А тут яе не аказалася побач, яна не магла фізычна быць са мною, абняць, падтрымаць. Але яна рабіла гэта празь лісты, словы, і ўсё адно я адчувала яе прысутнасьць побач. Нібыта рабіла ўсё сама, але зь яе дапамогай, пад яе аховай, абаронай. І зьявілася такое адчуваньне самастойнасьці — я магу і без кантролю, без падштурхоўваньня ўсё зрабіць сама. Я зразумела, што ня трэба чакаць дэдлайну, трэба плянаваць час, рабіць штосьці загадзя…

Калі ўзгадваць першыя месяцы бяз мамы, то адчувалася вялікая падтрымка людзей, якія былі вакол. Я ня ведаю, што адчуваў бацька, брат. Але тата мяне вельмі моцна падтрымліваў. Узгадваю, калі я рыхтавалася да іспытаў, а тата прыходзіў да мяне ў пакой з маленькім кубачкам капучына. У яго сапраўды вельмі цудоўная кава атрымліваецца. Ён вельмі доўга і скрупулёзна выбіраў кава-машыну, знайшоў, і я разумею, чаму маці так падабаецца кава, якую гатуе тата.

«Мая маці скончыла Ліцэй БДУ ў 1994 годзе, і яна заразіла гэтай ідэяй, натхніла мяне таксама паступаць туды ж»

У дзяцінстве я наагул хацела быць мушкетэрам, глядзела фільмы пра мушкетэраў. А мама кажа: «Не, Надзя, мушкетэраў цяпер няма». Я пытаюся: «А хто гэтыя людзі? Веніямін Сьмехаў — проста цудоўны Атос!» Мама адказвае: «Гэта ўсё акторы». Тады я кажу: «Добра, я таксама хачу быць акторкай».

І зь сёмай клясы я марыла стаць актрысай. А потым неяк расчаравалася і вырашыла, што пайду на філфак, буду настаўніцай: выкладаць рускую мову і літаратуру. Бо школа — гэта такі маленькі тэатар, а выкладчык — гэта таксама актор.

Ад пасьпяховасьці спэктакля і настаўніка залежыць тое, як яго маленькія гледачы засвояць тэму. А потым я трапіла ў Ліцэй БДУ, і мне там проста раскрылі вочы на гэты цудоўны беларускі сьвет. І цяпер, калі я стасуюся са сваімі старымі сябрамі, зь якімі вучылася да ліцэю ў гімназіі, — яны не разумеюць, да прыкладу, а хто такі Дубоўка!

Мая маці скончыла Ліцэй БДУ ў 1994 годзе, і яна заразіла гэтай ідэяй, натхніла мяне таксама паступаць туды ж. Увесь 9 кляс я трэслася: толькі б паступіць! І калі паступіла, была вельмі шчасьлівая! Ліцэй — гэта такая другая сям’я, калі ты там знаходзісься, ты не да канца гэта ўсьведамляеш. Толькі потым, калі ты выходзіш зь ліцэю, разумееш, як было клясна!

Але ў ліцэі я зразумела, што нават калі пайду працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, у мяне не атрымаецца расказаць настолькі вялікай колькасьці людзей пра гэты цудоўны сьвет, пра нашу культуру, літаратуру, мову, гісторыю. І вырашыла, што добра будзе пайсьці вучыцца на рэжысэра кіно і тэлебачаньня.

«Лепшае, што можа адбыцца — гэта абняць матулю»

Што да строю, мы з мамай пасьпелі яшчэ да яе затрыманьня выбраць касьцюм, бабуля крыху яго падкараціла, мы набылі туфлікі з абцасамі. І мама да выпускнога ўвесь час пыталася ня толькі пра іспыты, але ці навучылася я хадзіць на абцасах. Хоць яны былі і ня вельмі высокія.

Калега з бацькавай працы дапамагла знайсьці візажыста, мне зрабілі вельмі стылёвую фрызуру, такія «барашачкі-кучарашачкі», пра якія я ўвесь час марыла.

Бо ў мяне любімы мультфільм пра прынцэс «Храбрае сэрца», яго гераіня — цудоўная прынцэса Мэрыда, з лукам і стрэламі, у якой даўгія вогненныя кучаравыя валасы. І на выпускным я сябе адчувала Мэрыдай.

Да мяне падыходзілі аднаклясьнікі і жартавалі: «Ну, ты як сапраўдная прынцэса з мульціку». Тату, напэўна, ня вельмі спадабаўся мой макіяж, бо ён наагул ня любіць макіяж.

Мы даслалі маме фота з выпускнога, дзе я нібыта прынцэса Мэрыда, а яна нам — прыгожы малюнак. І наагул яна шле нам шмат цудоўных малюнкаў.

Калі я думаю пра маму, лепшае, што можа адбыцца — гэта абняць матулю. І я проста ў думках абдымаю яе…

***

Напісаць Марыне Золатавай можна па адрасу: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930