Знайсці
05.11.2021 / 14:32РусŁacБел

«Расія дабіваецца ўсяго, чаго хацела». Эксперты, чыноўнік і сілавік каментуюць падпісанне інтэграцыйных праграм

Лукашэнка сёння ў анлайн фармаце сустрэўся з Пуціным. Яны падпісалі 28 інтэграцыйных карт, якія цяпер называюцца «праграмамі». Што там — ніхто не ведае і пакуль каментаваць не бярэцца. Але як увогуле ацэньваць вынікі самой сустрэчы? 

«Гэта саступка Лукашэнкі, які яшчэ два гады таму не хацеў падпісваць карт»

«Што падпісалі, мы так і не ведаем, мяркуючы па злітай транспартнай саюзнай карце — там збольшага тэхнічныя дакументы з масай дэталяў аб будучай гарманізацыі і ўніфікацыі, — адзначыла акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова. — Агулам, да публікацыі дакументаў гаварыць складана, але цырыманіяльнае падпісанне адбылося.

Гэта саступка Лукашэнкі, які яшчэ два гады таму не хацеў падпісваць карт. Але і з расійскага боку, мяркуючы па сціслым змесце карт, шмат саступак — ніякіх наднацыянальных органаў не плануецца. Пры гэтым дыстанцыйны характар падпісання не дазволіў дамовіцца аб новым крэдыце». 

«Расія дабіваецца ад беларускіх уладаў усяго, чаго яна хацела, невялікай цаной»

«Расія дамагаецца ўсяго, чаго яна хоча ў рэалізацыі сваіх інтарэсаў у Беларусі. Гэта транзіт Беларусі ў Расію, паступовы, але транзіт, — сказаў былы дыпламат Павел Мацукевіч. 

— Падпісанне не значыць, што заўтра ўжо мы станем часткай Расіі — гэта не ў яе інтарэсах.

Расію задавальняе, што фармальна гэта незалежная дзяржава, суб’ект міжнародных адносін з голасам у ААН. Але яна кантралюе тут ужо шмат чаго. Па факце мы замыкаем ключавыя экспартныя пазіцыі, якімі, заўважу, гандлюем з трэцімі краінамі, на Расіі.

У нас ужо два вучэбна-баявыя цэнтры, Лукашэнка працягнуў дамовы арэнды па ваенных аб’ектах. Расія дабіваецца ад беларускіх уладаў усяго, чаго яго яна хацела — прычым невялікая цаной. 

Што ад гэтага Беларусі? Я б паставіў пытанне інакш: што ад гэтага Лукашэнку. Гэта трэба яму, каб дзякуючы расійскай падтрымцы ўтрымалася яго ўлада».

«Гэтыя дакументы не прызнаюцца цывілізаванымі краінамі»

«Беларусы не ініцыявалі гэты працэс, беларусы не прымалі ўдзелу ў абмеркаванні, не ацэньвалі гэтую авантуру і не давалі Лукашэнку паўнамоцтваў займацца перамовамі за сваёй спінай, — лічыць дарадца Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі. — Таму падпісанне гэтых дакументаў — яго прыватная ініцыятыва.

Гэтыя дакументы не прызнаюцца цывілізаванымі краінамі, іх прызнае толькі Расія. Але любая падтрымка нелегітымнай улады будзе каштаваць тым, хто яе падтрымлівае».

«Выглядае як здрада рэшце сваіх прыхільнікаў»

На ўмовах ананімнасці наконт сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна «Нашай Ніве» выказаліся таксама дзейны дыпламат і высокапастаўлены сілавік з сістэмы МУС.

«Нахілілі…. І як цяпер сваім у вочы глядзець? Тым, каму Качанава ды Сяргеенка яшчэ з чэрвеня 2020 расказвалі, як нас цісне Расія і як толькі Лукашэнка можа гэтаму супрацьстаяць. Гэта перад выбарамі яны казалі абмежаванаму колу кіраўнікоў сілавых органаў», — выказаўся дзейны сілавік з сістэмы МУС.

«Фактычна, Расія падтрымала аслаблены мінскі рэжым, каб узмацніць геапалітычны кантроль над Беларуссю, — сказаў «Нашай Ніве» дзейны дыпламат. — У той жа час падпісаныя 28 праграм ахопліваюць толькі эканамічныя пытанні, дзе Беларусь вызначыла свае інтарэсы задоўга да 2020 года.

Варта чакаць, што прадпрыемствы дзвюх краін у выніку будуць працаваць у аднолькавых падатковых і юрыдычных умовах. Выключэннем з эканамічнай часткі з’яўляецца прыняцце Вайсковай дактрыны гэтак званай «Саюзнай дзяржавы». 

Беларускіх вайскоўцаў можна павіншаваць: яны цяпер фактычна ў адзінай вайскова-стратэгічнай прасторы з Расіяй, чаго так не хацелі сярэднія афіцэры.

Акрамя таго, на пасяджэнні прагучала прызнанне з боку Лукашэнкі Крыма як часткі Расіі: папрасіцца ў Крым — гэта дэ-факта прызнанне. 

Час задаць пытанне: улады пачалі ў краіне пагром, каб у сухім астатку аддацца Расіі? Гэта выглядае як здрада рэшце сваіх прыхільнікаў».

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера