Знайсці
03.11.2021 / 15:17РусŁacБел

«Белсат» — экстрэмісцкае фарміраванне. Што гэта значыць для іх аўдыторыі?

Сёння ў Беларусі стала на адно экстрэмісцкае фарміраванне больш: МУС прызнала такім інтэрнэт-рэсурсы «Белсат». Папрасілі юрыстаў патлумачыць, што гэта значыць для аўдыторыі тэлеканала.

Экстрэмісты пачалі расці ў Беларусі як грыбы па восені пасля змен у заканадаўстве, набыўшых моц летам бягучага года. Згодна з імі быў пашыраны сам панятак экстрэмізму, канчаткова размыліся межы паміж яго гвалтоўнымі рысамі і непажаданай для ўладаў праявай грамадзянскай пазіцыі.

Якраз у новым законе прапісаны і панятак экстрэмісцкага фарміравання. Адказнасць прадугледжаная не толькі за стварэнне і кіраўніцтва такім, але і за членства.

Наўздагон закону з’явілася пастанова Саўміна «Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму», згодна з якой права на прызнанне экстрэмістамі надаецца КДБ і МУС наўпрост (чым яны і карыстаюцца).

Што гэта значыць для чытачоў і гледачоў Белсата?

У заяве МУС прапісана, што цяпер «дзеянні стваральнікаў, кіраўнікоў экстрэмісцкага фарміравання, а таксама яго удзельнікаў утвараюць склад злачынства ў межах артыкула 361-1 КК Беларусі». Апроч сайта «Белсата», гаворка ў дадзеным выпадку ідзе і пра іх ютуб-канал, тэлеграм-акаўнт, а таксама ўсе дзейсныя сацсеткі. А што значыць «удзельнік фарміравання»? Ці з’яўляецца ім просты чытач і падпісчык тэлеграм-канала?

«Па фармулёўцы артыкула 361-1 адказнасць за членства ў экстрэмісцкім фарміраванні прадугледжаная толькі тады, калі была мэта здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці. Калі ад чалавека няма актыўных дзеянняў, ніяк не парушаецца цяперашні правапарадак, то за падпіскі самі па сабе нельга пераследаваць у крымінальным парадку», — каментуе юрыст Павел Сапелка.

Разам з тым эксперт адзначае, што ў сённяшняй рэальнасці, калі ў міліцыі развязаныя рукі і існуюць такія размытыя паняткі ў заканадаўстве, ад увагі органаў не застрахаваны ніхто. 

«На сёння ў Беларусі не можа быць гарантый, што па цябе не прыйдуць. Калі чалавек не здзяйсняе ніякіх дзеянняў, якія прыцягваюць гнеў сілавікоў цяпер, то, магчыма, ён здзяйсняў іх раней. І звычайная падпіска на канал можа быць выкарыстаная, каб правесці чарговы ператрус ці праверку ў дачыненні да пэўнай асобы. Не факт, што за гэтым рушыць крымінальная адказнасць, але праводзіць аператыўныя і працэсуальныя дзеянні можна цалкам спакойна. Са спакойным пасляжнівеньскім міліцэйскім сэрцам», — дадае Павел Сапелка. 

Але відавочна, што учыніць праверкі над тысячамі падпісантаў медыя немагчыма. МУС зноў робіць усё, каб проста запужаць людзей — лічыць яшчэ адзін юрыст Міхаіл Баднарчук:

«Шляхам крыміналізацыі самога факта атрымання інфармацыі з прызнаных экстрэмісцкімі крыніц, дзяржава спрабуе кампенсаваць тэхнічную немагчымасць (ці прынамсі крайнюю працаёмістасць) поўнага блакавання гэтых крыніц. Напэўна, мэтай гэтых дзеянняў з'яўляецца істотнае зніжэнне ліку падпісантаў, якое, па іх думцы, павінна адбыцца з прычыны страху грамадзян перад крымінальнай адказнасцю.

Але ўсё ж патрэбна ацэньваць рэальныя магчымасці сістэмы праваахоўных органаў. Проста фізічна ўчыніць ператрус у кожнага падпісанта нават аднаго тэлеграм-канала «Белсат» будзе практычна немагчыма, нават калі дапусціць, што сам спіс гэтых падпісантаў нейкім неверагодным чынам стане ім даступны. Усю праваахоўную сістэму пагалоўна прыйшлося б задзейнічаць толькі ў адной гэтай справе. Але ўсё адно чытачам і падпісантам «Белсата» хацелася б парэкамендаваць больш сур'ёзна ставіцца да пытанняў кібер-бяспекі, ацэньваць кожнае сваё дзеянне ў сеціве з пункту гледжання магчымых наступстваў у новых рэаліях».

Таксама эксперт звяртае ўвагу на тое, што прызнанне часткай экстрэмісцкага фарміравання акаўнтаў пэўнага выдання ў сацыяльных сетках і на ютубе, пакуль, на шчасце, не азначае забароны саміх сацыяльных сетак і платформаў.

«Ідзе вынішчэнне іншадумства»

Выкарыстанне абазначэнняў «экстрэміст» і «тэрарыст» для пераследу людзей за ажыццяўленне імі сваіх правоў (на тое ж свабоднае атрыманне інфармацыі) спецыялісты называюць глабальным трэндам на постсавецкай прасторы. 

«Агулам барацьба з гвалтоўным тэрарызмам і экстрэмізмам — гэта тое, што заўсёды падтрымліваецца і заахвочваецца — у тым жа ААН. І калі б у нас сапраўды змагаліся з экстрэмізмам, гэта было б ганарова. Але ў дадзеным выпадку ідзе вынішчэнне іншадумства. Гэта вяртае нас як мінімум у 70-80-я гады», — канстатуе Павел Сапелка.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930