Знайсці
02.11.2021 / 16:27РусŁacБел

«Падселі на беларускую арахісавую пасту». Пара з Мінска аб’яднала фермераў і расказвае пра іх усім беларусам

Кацярына Баравікова і Анатоль Каралькоў — маладая сям’я з Мінска. Аднойчы яны адкрылі для сябе арахісавую пасту, якую робіць адзін беларускі фермер. І панеслася. Свет беларускіх лакальных прадуктаў аказаўся нечакана шырокім. Пара вырашыла: трэба аб’яднаць у адным месцы фермераў, так нарадзіўся праект «Валока».

Фота: уласны архіў.

«Мы самі вельмі любім паесці, — смяецца Анатоль. — І так атрымалася, што аднойчы выпадкова адкрылі для сябе беларускія фермерскія прадукты».

«У Толіка выявілася непрыманне глютэну, — удакладняе Кацярына. — Сталі шукаць прысмакі без мукі і клейкавіны. І знайшлі. Аказваецца, у нас ёсць фермеры, якія робяць і шыкоўную халву, і нават арахісавую пасту з самымі рознымі смакамі. Заказалі. А калі паспрабавалі — за вушы нас было ўжо не адцягнуць».

«У цяжкія часы трэба падтрымліваць свае лакальныя прадукты»

Маладыя людзі зацікавіліся фермерскай тэмай і сталі дэталёва яе вывучаць. Так яны даведаліся, што беларускія фермеры робяць нават сырацісканы алей у драўляных бочках. Да прыкладу, алей чорнага кмену, які шмат хто імкнецца прывезці ў Беларусь з-за мяжы.

Прытым у Беларусі гэта безадходная вытворчасць — з макухі фермеры навучыліся рабіць халву і ўрбечы. Ёсць фермеры, што прафесійна вырошчваюць слімакоў, арганічныя клубніцы і брокалі. Гатуюць мексіканскія соусы, вырошчваюць лаванду…

Тая самая арахісавая паста, з якой усё пачалося. Фота: уласны архіў.

«Мы і ўявіць не маглі, што беларускія фермеры здольныя рабіць столькі натуральных смачных і неверагодна карысных прадуктаў, за якімі, мы ўпэўненыя, маглі б выстраіцца чэргі пакупнікоў, і не толькі з Беларусі», — з захапленнем гаворыць Кацярына. Замовілі яшчэ некалькі фермерскіх прадуктаў — і яны таксама аказаліся вельмі смачнымі і якаснымі.

Стала крыўдна, што пра гэтых фермераў і іх прадукты ў Беларусі ведае так мала людзей. Гэта няправільна. У цяжкія часы трэба падтрымліваць свае лакальныя прадукты, развіваць эканоміку фармату р2р. Мы вырашылі не чакаць, пакуль гэта прыйдзе камусьці ў галаву, а зрабіць для гэтага нешта самім».

У Кацярыны і Анатоля з’явілася ідэя аб’яднаць у адным месцы фермераў, каб іншыя беларусы маглі лёгка іх знаходзіць, купляць натуральныя прадукты і падтрымліваць лакальных вытворцаў. Так нарадзіўся праект «Валока».

«Шмат хто будзе казаць: можна ж пайсці на Камароўку, але там шмат перакупшчыкаў»

«Шмат хто будзе казаць: можна ж пайсці на Камароўку і набыць там фермерскае малако і тварог, — кажа Анатоль. — Але не, як мы высветлілі, на Камароўцы гандлюе шмат перакупшчыкаў, а мы хацелі дапамагаць развівацца менавіта самім фермерам.

У мяне быў і асабісты інтарэс. Нядаўна мой бацька пачаў захапляцца пчалярствам. Пакуль што ў добраахвотна-прымусовым парадку ён забяспечвае мёдам усіх родных.

Я падумаў: калі ў яго будзе магчымасць рэалізоўваць свой мёд праз падобны сэрвіс, магчыма, у хуткім часе ён зможа сысці з працы, якая не прыносіць яму асаблівага задавальнення, і займацца сапраўды тым, што яму падабаецца.

Пагадзіцеся, гэта добрая ідэя. І для многіх беларусаў, якія жывуць у сельскай мясцовасці, гэта таксама магло б стаць штуршком да развіцця».

«Ёсць яшчэ адна праблема, якой мы вырашылі пазбавіцца з дапамогай нашага сэрвісу, — гаворыць Кацярына. — Мы вырашылі сістэматызаваць інфармацыю.

Бо, калі мы самі займаліся пошукам фермерскіх прадуктаў, на гэта не заўсёды хапала цярпення. У некаторых фермераў на старонках у сацсетках інфармацыя часам падаецца так, што не заўсёды нават зразумела, дзе гэты фермер знаходзіцца.

Мы ж сістэматызавалі ўсё па катэгорыях. Малочная прадукцыя, веганская прадукцыя, яйкі курачак на вольным выгуле, мяса, хлеб, прысмакі. Праз нашу «Валоку» кожны можа выбраць для сябе патрэбную катэгорыю прадуктаў, адразу звязацца з фермерам і дамовіцца пра дастаўку і аплату».

«Вельмі б хацелі, каб у Беларусі развівалася фермерства»

У той жа час Анатоль і Кацярына даведаліся, што хутка скончыцца падача заявак на конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend. Яны вырашылі рызыкнуць і ўзяць удзел у конкурсе. А пасля прайшлі адбор.

Анатоль па адукацыі інжынер-праграміст. Кацярына — акадэмічны музыка, але працуе маркетолагам. Анатоль узяў на сябе распрацоўку сайта, а Кацярына стала шукаць фермераў, уносіць іх у спісы і думаць пра развіццё праекта.

«Спачатку стварылі сайт-візітоўку, потым працавалі над яго напаўненнем. Перад кожным чарговым турам конкурсу былі блізкія да стану разводу, — жартуе Толік. — Утрырую, вядома, але давялося папацець.

Каці прыйшлося ў максімальна скарочаныя тэрміны шукаць фермераў, дамаўляцца з імі, збіраць усе неабходныя даныя. Я ў гэты момант дакручваў сайт. Каця ўвесь гэты час стаяла над душой (смяюцца абое). З дызайнам сайта нам дапамаглі валанцёры, вялікі ім за гэта дзякуй. А з астатнім спраўляліся самастойна».

«Першымі да нашага каталога далучыліся фермеры, у якіх мы самі калісьці куплялі прадукты, потым падцягнуліся іншыя, — успамінае Кацярына. — Аказалася, што ў некаторых ёсць нават еўрапейскія сертыфікаты якасці на прадукцыю. І гэта велізарны плюс, які, я ўпэўнена, улічаць многія пакупнікі».

У дадатак да ўсяго Кацярына і Анатоль прыдумалі размясціць на сваім сэрвісе мапу фермераў Беларусі. Як яны самі тлумачаць, гэта яны зрабілі дзеля таго, каб і пакупнікі, і самі фермеры маглі ведаць пра сваіх найбліжэйшых суседзяў-фермераў і, да прыкладу, кааперавацца разам, ствараць новыя праекты, наладжваць сумесную дастаўку кліентам.

«Ёсць нават сыр з цвіллю ад беларускіх фермераў. Мяса перапёлак, і арганічныя клубніцы, і брокалі»

Праект «Валока» не толькі заўважылі на конкурсе сацыяльных праектаў. Ён стаў лаўрэатам гэтага конкурсу. Мецэнаты падарылі пары пуцёўку ў жыццё, навучылі Кацю і Толіка развіваць сваю справу і выдзелілі дапамогу на 10 тысяч рублёў.

«Да гэтых грошай мы вырашылі падысці максімальна адказна, — кажуць абое. — Сёння наша галоўная мэта — зрабіць так, каб пра наш каталог даведалася як мага больш беларусаў. Плануем укласціся ў рэкламу, рыхтуем сацыяльны ролік.

Вырашылі: калі падораныя грошы застануцца, мецэнат зможа дапамагчы імі рабятам з іншых цікавых і важных, на наш погляд, сацыяльных праектаў».

Цяпер на беларускай мапе фермераў праекта valoka.by 88 кропак.

«Сярод іх шмат крутых вытворцаў сыроў. Такога асартыменту няма ні на Камароўцы, ні нават у «Кароне», — гаворыць Кацярына. — Ёсць нават сыр з цвіллю ад беларускіх фермераў. Ёсць і мяса перапёлак, і арганічныя клубніцы, і брокалі.

Даходзіць часам да смешнага. Неяк спытала адну дзяўчыну, якая рэгістравалася на нашым сэрвісе, наколькі экалагічная ў яе прадукцыя. Дык тая не згубілася. Гаворыць: «У нас у вёсцы нават асфальту няма, куды ўжо экалагічней».

Мы б вельмі хацелі, каб у тым ліку пры дапамозе нашага сэрвісу ў вёсках развіваліся фермерства, а людзі там змаглі б жыць і зарабляць сваёй гаспадаркай.

Каталог valoka.by — цалкам валанцёрскі некамерцыйны праект. Як кажуць яго стваральнікі Кацярына і Анатоль — гэта іх асабісты ўнёсак у развіццё фермерства ў Беларусі і прасоўванне лакальных брэндаў.

Пра навінкі і акцыі фермераў, якія ўдзельнічаюць у праекце «Валока», абое распавядаюць у тэлеграм-канале. Сэрвісам valoka.by ужо можна карыстацца і расказваць пра яго іншым беларусам.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера