Знайсці
26.10.2021 / 14:15РусŁacБел

Суд у Амстэрдаме абавязаў крымскія музеі вярнуць Украіне золата скіфаў

Апеляцыйны суд Амстэрдама пастанавіў вярнуць Украіне калекцыю золата скіфаў з музеяў анексаванага Крыма, якое цяпер знаходзіцца ў Нідэрландах.

Такім чынам, суд пацвердзіў папярэдняе рашэнне Акруговага адміністрацыйнага суда сталіцы Нідэрландаў ад 14 снежня 2016 года, піша Бі-бі-сі.

Выстава «Крым. Залаты востраў у Чорным моры» праходзіла ў музеі Аларда Пірсана ў Амстэрдаме з 7 лютага па 31 жніўня 2014 года і складалася з экспанатаў чатырох крымскіх музеяў і аднаго кіеўскага.

Пасля анексіі паўвострава Расіяй паўстала спрэчка наконт таго, ці вяртаць экспанаты ў Крым альбо ж на падкантрольныя ўкраінскім уладам тэрыторыі. Украіна выйграла працэс у першай інстанцыі. Тады Нідэрландскі суд пастанавіў, што Кіеву павінны вярнуць каштоўнасці на падставе Канвенцыі ЮНЕСКА ад 1970 года, якая падкрэслівае, што культурная спадчына належыць суверэннай дзяржаве.

У 2017 годзе крымскія музеі падалі апеляцыю на гэтае рашэнне.

Падчас папярэдняга працэсу суд кіраваўся тым, што Крым не з'яўляецца суверэннай дзяржавай і не можа заяўляць аб сваім праве на аб'екты мастацтва. Такім чынам, рашэнне аб тым, каму павінны быць вернутыя артэфакты, павінен прыняць украінскі суд пасля таго, як яны апынуцца на тэрыторыі Украіны. У 2019 годзе, перад пачаткам слуханняў у амстэрдамскім судзе, Міністэрства юстыцыі Украіны заявіла, што зарэгістраваныя паводле расійскага заканадаўства крымскія музеі не маюць дачынення да тых дамоўленасцяў, на аснове якіх каштоўнасці выстаўляліся ў Нідэрландах.

«Гэта, у нашым разуменні, неналежны пазоўшчык, на што мы адразу звярнулі ўвагу суда. Асаблівая цынічнасць пазіцыі прадстаўнікоў так званых крымскіх музеяў заключаецца ў тым, што яны ў сваіх довадах абапіраюцца на ўкраінскае заканадаўства і лічаць, што менавіта па ўкраінскім заканадаўстве яны маюць права на захоўванне гэтых аб'ектаў», — тлумачыў тагачасны намеснік міністра Сяргей Петухоў.

Музеі Крыма, у сваю чаргу, распаўсюдзілі заяву, у якой адзначалася, што ў судовым працэсе павінна адсутнічаць палітычная падаплёка.

«Мы лічым, што экспанаты, якія з'яўляюцца неад'емнай часткай нашых калекцый, павінны вярнуцца да свайго першапачатковага месца знаходжання — Крымскага паўвострава. Іх статус і правы абаронены законам», — казалася ў сумеснай заяве музеяў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера