Знайсці
26.10.2021 / 15:38РусŁacБел

«На серабрыстай «джылі» супрацоўнікі вывезлі ў Расію». Палітвязень Данііл Чамаданаў расказаў пра сваю дэпартацыю

24-гадовы Данііл Чамаданаў атрымаў год калоніі па брэсцкай «карагоднай справе». Пасля выхаду на волю яго дэпартавалі з Беларусі: перавезлі праз мяжу і выкінулі ў Бранскай вобласці, бо ў юнака расійскі пашпарт. Цяпер яму забаронена вяртацца ў Беларусь на працягу 2 гадоў. Чаму вучыць калонія і як ён будзе жыць далей, Данііл расказаў «Нашай Ніве».

«У 2000 годзе бацькі пераехалі з Варонежа ў Беларусь, тады мне было толькі тры гады, — кажа хлопец. — Чаму пераехалі, я нават і не ведаю: проста вырашылі, што на той момант у Беларусі было камфортней і зручней жыць».

Данііл нарадзіўся ў Варонежы і ўсё жыццё правёў у Беларусі з пашпартам грамадзяніна Расіі.

«Я ўспрымаў сябе як беларуса. Цяпер — ужо не ведаю, — прызнаецца хлопец. — Я адвучыўся ў брэсцкім «палітэху», пасля працаваў майстрам будаўнічых работ на адпрацоўцы і атрымліваў другую вышэйшую адукацыю, перавучваўся на праграміста. 

Планаваў заставацца ў Беларусі і далей. Думаў, калі скончыцца адпрацоўка, уладкавацца ў ІТ, заставацца ў Брэсце або перабрацца ў Мінск.

Раней я не тое каб цікавіўся палітыкай, але недзе з 2017 года пачынаў паціху разумець, што не ўсё правільна ў краіне. Ды і выбары праходзілі так, нібыта нічога не адбываецца. Усё было заўсёды прадказальна.

Але ў 2020 годзе я ўжо сачыў за перадвыбарчай кампаніяй. У маі пачаў пільна цікавіцца падзеямі ў краіне. Трыгерам для выхаду на вуліцу для мяне стала агульная несправядлівасць, якая адбывалася перад выбарамі і пасля іх. Хацеў праявіць пазіцыю, што я не згодны з гэтым. Юрыдычна я расіянін, але 20 гадоў пражыў у Беларусі і лічыў сябе беларусам».

1 кастрычніка 2020 года Чамаданаў стаў падазраваным у той самай крымінальнай справе аб карагодзе ў цэнтры Брэста.

«Мяне выклікалі на размову ў Следчы камітэт, а там ужо паведамілі, што я цяпер у статусе падазраванага. Першыя думкі былі, што нічога ў іх не атрымаецца, бо я не бачыў у сваіх дзеяннях ніякага злачынства, думаў, што максімум — гэта перакваліфікуюць у адміністрацыйку. Не верыў, што давядуць да такога. 

Пра тое, што як грамадзянін Расіі магу проста з’ехаць з Беларусі і мяне не выдадуць, я таксама не думаў: проста не верыў, што наступствы будуць настолькі сур’ёзнымі.

Але з цягам часу прыходзіла паразуменне, што прыйдзецца з’язджаць, вось толькі я зноў не хацеў у гэта верыць.

Спачатку я быў пад падпіскай. 22 студзеня мне змянілі меру стрымання і я трапіў у СІЗА. Не скажу, што там для палітычных былі нейкія асаблівыя ўмовы — банальна гэта было б цяжка стварыць, бо ўсё брэсцкае СІЗА было запоўненае палітзняволенымі. Не было камер без палітычных. 

Мне персанальна не прапаноўвалі запісваць нейкія відэа, але адміністрацыя папраўчых устаноў перыядычна цікавілася, ці не хачу я неяк пакаяцца. Я адказваў: «Не, дзякуй, не зацікаўлены».

Спачатку былі думкі, што зняволенне — гэта іншы свет. Але на справе ўсё было не настолькі страшна, бо сядзелі такія ж звычайныя людзі, як і я, якія трапілі ў нейкія недарэчныя сітуацыі. 

У СІЗА я разумеў, што мяне асудзяць, будзе пазбаўленне волі. Але спадзяваўся, што можа ўсё ж дадуць арышт ці мінімальны тэрмін у паўгода. У брэсцкім ізалятары вельмі любяць перакідваць людзей з камеры ў камеру, таму навіны пра першыя суды да мяне даходзілі. І стала зразумела, што ўсё ж дадуць мне год ці два калоніі.

Ці не шкадаваў я тады, што выйшаў на вуліцу? Я разумеў, што ўсё можа кепска скончыцца, але такая ў мяне была пазіцыя».

На судзе Данііл адзіны з 14 чалавек, якіх судзілі разам з ім, прызнаў віну цалкам.

«Мне далі год калоніі, я быў гатовы да такога прысуду. Шоку не было, хутчэй палёгка, што хоць не далі больш. 

Па дапамогу ў расійскае консульства я не звяртаўся. Ілюзій тут у мяне не было, ведаў, што не дапамогуць, бо ў Беларусі мне нічога ўжо не дапаможа.

Я прызнаў віну, бо, па маіх назіраннях, тым, хто прызнаваў віну, давалі трохі меншы тэрмін.

Сам я не лічу сябе вінаватым. Злачынцам сябе таксама не лічу. І віна ў тым, што я быў асуджаны, у тым, што адбылося, — на ўладзе, якая сёння існуе ў Беларусі.

Я ўбачыў, што ўнутры ўсё трымаецца на вельмі безнадзейных людзях. Гэта людзі вельмі ўпартыя і з абмежаваным кругаглядам, для іх проста не існуе свет па-за межамі Беларусі. Яны не разумеюць, што свет вялікі і што можна жыць лепш, — кажа Чамаданаў. — Пасля мяне этапавалі ў бабруйскую калонію.

У калоніі сапраўды лягчэй, чым у СІЗА, бо больш актыўнасцяў, чытанне, спорт. Я працаваў там апрацоўшчыкам гумы — абцугамі выдзіраў дрот. Праца не цяжкая, але манатонная. За месяц плацяць каля 40 капеек.

У Баранавічах сядзела шмат палітычных: са мною на каранціне было 6 палітычных з 30, у самой калоніі агулам чалавек 60-100, па маіх прыкідках.

Палітычнымі ўсе правілы мусілі выконвацца ідэальна, за любую правіну — ШІЗА ці пазбаўленне спатканняў. Таксама палітычныя носяць жоўтыя біркі, такую насіў і я, бо адразу аўтаматычна быў пастаўлены на ўлік як «схільны да экстрэмізму ці іншай дэструктыўнай дзейнасці».

Блатных парадкаў не было. Зняволеныя — адны з самых адэкватных людзей у калоніі».

Але ці выпраўляе калонія злачынцаў, на думку Данііла?

«Са мною сядзеў чалавек за забойства. Ён адсядзеў большасць свайго тэрміну і ўсё яшчэ думаў, як пакараць тых, праз каго ён сеў, — адказвае юнак. — Таму, баюся, што не».

Данііл кажа, перад выхадам баяўся, што яму працягнуць тэрмін па тых ці іншых прычынах. На шчасце, не працягнулі. Але адзінае, што адчуваў перад выхадам, — эмацыйную спустошанасць. 

«На выхадзе з калоніі мяне адразу сустрэла супрацоўніца аддзела грамадзянства і міграцыі, мяне павезлі ў міліцыю, там я падпісаў дакументы, і мяне на серабрыстай «джылі» супрацоўнікі вывезлі ў Расію. Калі з’явілася шыльда «Бранская вобласць», мяне ля яе высадзілі, сфатаграфавалі і з’ехалі. Я застаўся на дарозе. Злавіў спадарожную машыну, даехаў да найбліжэйшай чыгуначнай станцыі, адтуль з некалькімі перасадкамі дабраўся да сваякоў пад Варонеж, — расказвае Данііл. — Сябры паспелі падвезці ў беларускі аддзел па міграцыі мае рэчы, тэлефон, але з мамай я так і не ўбачыўся. Раней я прасіў яе не ездзіць на спатканні, каб не напружваць, бо мне сядзець было не так шмат, а на мой выхад яна якраз захварэла на каранавірус, на шчасце, няцяжка».

Цяпер хлопец у Варонежскай вобласці: тут у яго хросныя і бабуля з дзядулем па маці.

«Гэта блізкія сваякі, усё нармальна, — кажа ён. — 

Мае сваякі з Расіі раней верылі ў стэрэатып, што ў Беларусі ўсё добра, усіх усё задавальняе. Цяпер — праз маю гісторыю — яны пачалі разумець, што нешта там не тое. Каб не гэта, то, напэўна, яны б нічога і не ведалі».

Цяпер Данііл плануе ўбачыцца з усімі сваякамі, знайсці працу і заняцца самаадукацыяй, каб пасля трапіць у ІТ-сферу. Але галоўнае — пажыць некаторы час без страху.

«Але ў маіх планах не заставацца ў Расіі, — кажа Данііл. — Чаму? Бо абое рабое».

P.S. Удакладнім, што Данііл Чамаданаў не сваяк былой прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай.

«У калоніі шмат хто гэтым цікавіўся, але наколькі мне вядома — не сваяк», — кажа Данііл.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930