Знайсці
22.10.2021 / 08:25РусŁacБел

На здымках фільма акцёр Алек Болдуін выпадкова застрэліў аператара і параніў рэжысёра

Аператар Галіна Хатчынс загінула на здымках вестэрна «Раст» каля горада Санта-Фэ (штат Нью-Мексіка), у яе выпадкова стрэліў прадзюсар і выканаўца галоўнай ролі ў стужцы — папулярны галівудскі акцёр Алек Болдуін. Ад яго стрэлаў таксама пацярпеў рэжысёр фільма Джоэл Соўза, які знаходзіцца ў крытычным стане, піша Бі-бі-сі.

AFP via Getty Images

Прадстаўнік кампаніі, якая вядзе здымкі фільма, паведаміў выданню The Hollywood Reporter, што інцыдэнт адбыўся падчас здымак сцэны, у якой Болдуін страляў халастымі патронамі. Зброя выкарыстоўвалася на пляцоўцы як прадмет рэквізіту.

«Як кажуць следчыя, падобна на тое, што ў сцэне, якая ў гэты момант здымалася, павінен быў выкарыстоўвацца пісталет, — цытуе Франс Прэс паведамленне паліцыі. — Дэтэктывы спрабуюць высветліць, якім менавіта паражальным элементам быў зроблены стрэл».

Хатчынс, якой было 42 гады, адправілі ў бальніцу на верталёце, аднак яна памерла. 48-гадовы Соўза дастаўлены ў бальніцу на машыне хуткай дапамогі.

Журналіст Тэса Ментус апублікавала ў сваім «Твітары» фатаграфіі, зробленыя падчас здымак. Інцыдэнт адбыўся на ранча Бананза Крык непадалёк ад Санта-Фэ, дзе часта здымаюцца галівудскія фільмы.

«Болдуін даў паказанні паліцэйскім, — сказаў афіцыйны прадстаўнік шэрыфа Санта-Фэ агенцтву Франс-Прэс. — Ён зрабіў заявы і адказаў на іх пытанні. Ён прыйшоў добраахвотна і пасля дачы паказанняў пакінуў будынак. Якія-небудзь абвінавачванні па гэтай справе не выстаўленыя, ніхто не арыштаваны».

Газета Santa Fe New Mexican апублікавала здымкі відавочна ўзрушанага Болдуіна на паркоўцы адразу пасля трагедыі. Выданне паведамляе, што яго журналіст бачыў акцёра, што той плакаў пасля размовы з паліцыянтамі.

Загінулая аператар — з Украіны. Яе бацька служыў на савецкай ваеннай базе за Палярным кругам. Але яна скончыла Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «міжнародная журналістыка», а затым працавала над дакументальнымі фільмамі ў Вялікабрытаніі.

Пераехала ў ЗША і зрабіла паспяховую кар'еру аператара. У 2019 годзе яе назвалі адной з ўзыходзячых зорак амерыканскага кінематографа. 

Як піша The Hollywood Reporter, Болдуін гуляе ў карціне «Раст» знакамітага злачынцу Харланда Раста. Па сюжэце яго ўнука абвінавачваюць у выпадковым забойстве і асуджаюць да павешання. Тады Раст адпраўляецца ў Канзас, каб вызваліць яго з турмы. Дзеянне вестэрна адбываецца ў XIX стагоддзі.

Адным з самых вядомых выпадкаў, калі падчас здымак сцэны з стрэламі быў забіты адзін з членаў групы, стала гібель акцёра Брэндана Лі ў 1993 годзе. Пры працы над фільмам «Крумкач» у яго выпадкова стрэлілі з няправільна зараджанага пісталета.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера