Знайсці
21.10.2021 / 14:13РусŁacБел

ГУБАЗіК прапанаваў пазбаўляць грамадзянства апанентаў рэжыму. Што пра гэта кажа закон?

Прадстаўнік ГУБАЗіК выказаў прапанову пазбаўляць грамадзянства тых, хто «збег з нашай краіны, ненавідзіць яе і працуе ў інтарэсах заходніх краінах». Аператыўнік лічыць, што яны «не павінны мець права называцца беларусамі». Але па дзейным заканадаўстве зрабіць гэта немагчыма: грамадзянства могуць пазбавіць толькі асуджанага за экстрэмізм ці тэрарызм, і тое, калі чалавек грамадзянін Беларусі па нараджэнні, забраць у яго грамадзянства немагчыма. Няма такой практыкі і ў іншых краінах. Але ў гісторыі такія прыклады былі — Германія часоў праўлення нацыстаў. Іронія ў тым, што менавіта ГУБАЗіК гучней за ўсіх выступае супраць злачынстваў нацыстаў.

Ці могуць ужо зараз пазбаўляць грамадзянства?

Па Канстытуцыі, ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства. Набыццё і страта грамадзянства ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам (арт. 10). 

Сёлета закон «Аб грамадзянстве» быў зменены. Самая адметная папраўка тычыцца магчымасці пазбаўлення беларускага грамадзянства — за экстрэмізм, тэрарызм, прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам дзяржавы (арт. 124-126, 130-133, 287, 289-290.5, 293, 356, 357, 359-361.3 КК незалежна ад месца здзяйснення злачынства). Падставай для пазбаўлення грамадзянства з’яўляецца прысуд, рашэнне міжнароднага трыбунала або змешанага суда, які пацвярджае ўдзел чалавека ў тэрарыстычнай дзейнасці.

У законе дакладна вызначана, што пазбавіць грамадзянства нельга тых, хто набыў яго па нараджэнні і ніколі не выходзіў з яго. То-бок пазбавіць грамадзянства могуць чалавека, асуджанага па вышэй згаданых артыкулах, калі ён мае беларускае грамадзянства не па нараджэнні, а набыў яго пасля (напрыклад, быў грамадзянінам Расіі, пасля пераехаў у Беларусь і атрымаў тут грамадзянства). Тыя, хто нарадзіліся ў СССР, але пасля распаду саюза жылі ў Беларусі і атрымалі тут грамадзянства, прыраўноўваюцца да грамадзян па нараджэнні. Папраўкі ўступілі ў сілу 18 чэрвеня 2021 года.

Па законе рашэнне аб пазбаўленні грамадзянства прымаецца не судом, а спецыяльнай камісіяй пры прэзідэнце па хадайніцтву зацікаўленага дзяржоргана. «Але ў аснове павінна ляжаць судовае рашэнне, якое ўступіла ў сілу, — кажа юрыст праваабарончай кампаніі Human Constanta Алёна Чаховіч. 

Завочных судоў, калі абвінавачанага няма на працэсе, у Беларусі пакуль няма. 

Гэта законна па міжнародных стандартах? І як у іншых краінах?

Многія краіны могуць пазбавіць грамадзянства, калі чалавек пры атрыманні дакументаў, наўмысна ўказаў непраўдзівыя звесткі. Пазбаўленне грамадзянства за ўдзел у экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці таксама звычайная практыка для многіх краін. У Расіі, напрыклад, такая норма з’явілася яшчэ ў 2017 годзе. Тады ж папраўкі прынялі ў заканадаўстве Казахстана, у Азербайджане — у 2015. Вядомыя факты пазбаўлення грамадзянства ў Брытаніі, краінах ЕС, часцей за ўсё гаворка ідзе пра наймітаў з ІГІЛ і іншых тэрарыстычных груповак. Але пазбаўляюць грамадзянства тых, хто яго набыў або мае другое грамадзянства, а не атрымаў першае пры нараджэнні. І ў аснове ляжыць прысуд, а не адвольная трактоўка сілавікоў, хто і якую шкоду з-за мяжы нясе краіне.

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ААН вызначае, што ніхто не можа быць самавольна пазбаўлены свайго грамадзянства або права змяніць яго. Пры гэтым, нават у Канвенцыі ААН аб скарачэнні безграмадзянства адзначаецца, што дзяржавы могуць пазбаўляць сваіх грамадзян грамадзянства, калі тыя прычыняюць сур'ёзную шкоду інтарэсам дзяржавы. 

Юрысты праваабарончай кампаніі Human Constanta звяртаюць увагу, што на практыцы паняцце экстрэмісцкай дзейнасці ў Беларусі апісана і трактуецца празмерна шырока, таму эксперты дапускаюць, што папраўкі могуць быць выкарыстаныя дзяржаўнымі органамі для злоўжыванняў і пазбаўлення грамадзянства па палітычна матываваных прычынах.

«Пры гэтым, у адрозненне ад міжнародна-прававых актаў новая рэдакцыя Закона не ўтрымлівае ўмоваў, калі пазбаўленне грамадзянства немагчыма і лічыцца адвольным, — кажуць у Human Constanta. — Напрыклад, калі пазбаўленне грамадзянства не суразмерна прычыненню шкоды або грамадзянін ператвараецца ў чалавека без грамадзянства».

Цікава, што ў Расіі перыядычна гучаць заклікі, падобныя да заяваў ГУБАЗіК, аб пазбаўленні грамадзянства апанентаў дзейнай улады. З такой ініцыятывай выступаў, напрыклад, Мікіта Міхалкоў, абураны, што апазіцыйныя палітыкі заклікаюць увесці санкцыі супраць рэжыму Пуціна. Яму адказаў старшыня камітэта па дзяржбудаўніцтве і заканадаўстве Дзярждумы Павел Крашэннікаў: ініцыятыва Міхалкова супрярэчыць Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі, грамадзяне Расіі не могуць быць пазбаўленыя свайго грамадзянства.

«Міжнародныя стандарты заклікаюць краіны не пазбаўляць грамадзянства адвольна і не павялічваць выпадкі безграмадзянства, — адзначае юрыст Алёна Чаховіч. — Гэта значыць, што заканадаўства краінаў могуць утрымліваць працэдуры пазбаўлення грамадзянства, але яно не павінна быць беспадстаўным, працэдура павінна быць прапісана і павінна быць прадугледжаная магчымасць абскардзіць рашэнне». 

А якія наступствы могуць быць?

У выпадку, калі Беларусь пачне пазбаўляць грамадзянства за погляды (а ў заяве прадстаўніка ГУБАЗіК мы нічога не чуем пра спасылку на рашэнне суда), гэта непазбежна выкліча асацыяцыі з дзеяннямі нацысцкага рэжыму ў Германіі. 

Нацысты прыйшлі да ўлады ў 1933 годзе, i ў гэтым жа годзе ўвялі закон аб адмене натуралізацыі і пазбаўленні нямецкага грамадзянства. Тады ж быў апублікаваны першы спіс пазбаўленых грамадзянства людзей.

Пазбаўлялі грамадзянства за дзеянні, «якія супярэчылі доўгу вернасці рэйху, і народу», або проста за адмову вярнуцца ў Нямеччыну з замежжа. Адначасова канфіскоўвалі маёмасць. Так былі пакараныя пісьменнікі Томас Ман, Генрых Ман, Бертольд Брэхт, Эрых Марыя Рэмарк, Стэфан Цвайг. Фізік Альберт Эйнштэйн сам адмовіўся ад нямецкага грамадзянства.

Праз два гады нацысты пазбавілі грамадзянства ўсіх нямецкіх габрэяў — яны сталі асобамі без грамадзянства і фактычна апынуліся па-за законам, што пазней прывяло да Халакосту.

Пасля вайны нямецкае грамадзянства вярнулі ўсім, хто захацеў вярнуцца ў Германію, адвольнае пазбаўленне грамадзянства было забаронена законам (у ФРГ, бо ГДР тады яшчэ была пад кантролем саветаў, якія і самі практыкавалі адвольнае пазбаўленне грамадзянства за погляды).

Паводле ацэнак гісторыкаў, закон выкарыстоўваўся, у першую чаргу, для надання легітымнасці канфіскацыі маёмасці спачатку палітычных апанентаў, а потым — нямецкіх габрэяў. 

Савецкая ўлада пазбаўляла грамадзянства людзей за погляды і пасля вайны. У 1948 годзе ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека было замацавана, што «ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены свайго грамадзянства». Аднак СССР у асобе Украінскай і Беларускай ССР адмовіўся падтрымаць дакумент. Больш за тое, савецкія ўлады назвалі яго падрыўным і забаранялі распаўсюджваць тэкст дэкларацыі пад пагрозай крымінальнага пераследу за антысавецкую агітацыю і прапаганду. Адзін з самых вядомых выпадкаў пазбаўлення савецкага грамадзянства — гісторыя пісьменніка Аляксандра Салжаніцына. Так савецкая ўлада ацаніла ягоны «Архіпелаг ГУЛАГ»: Салжаніцына арыштавалі, абвінавацілі ў здрадзе Радзіме і выслалі ў Германію. У часы перабудовы грамадзянства яму вярнулі, а кніга атрымала дзяржаўную прэмію РСФСР. 

Калі Беларусь пойдзе на радыкальныя змены закона аб грамадзянстве, тэма парушэння правоў чалавека ў нашай краіне ізноў стане галоўнай на міжнародных пляцоўках, у тым ліку ААН. Немагчыма будзе пазбегнуць асацыяцый з таталітарнымі рэжымамі нацысцкай Германіі і СССР. 

Застаецца незразумелым механізм, хто і як будзе складаць спісы «намінантаў» на пазбаўленне грамадзянства, ці трапяць у спісы тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі, ці будуць іх высылаць у іншыя краіны і як пра гэта будуць дамаўляцца з тымі самымі краінамі. Апроч таго, незразумела, як гэта спыніць апазіцыю, калі нават абвінавачванні ў асабліва цяжкіх злачынствах і абвяшчэнне ў вышук не паўплывалі на іх дзейнасць.

Пакуль заява прадстаўніка ГУБАЗіК выглядае як эмацыйны выпад, параўнаць які можна з ідэяй будаваць лагеры для апанентаў рэжыму, гэта мы таксама ўжо чулі ад прадстаўніка ГУБАЗіК. Але як аформленая ідэя гэта пакуль не выглядае. Больш за тое, дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі выказаў зусім адваротнае меркаванне: Ціханоўская і Латушка, па словах Аляксандра Вальфовіча, павінныя вярнуцца ў Беларусь, панесці пакаранне з улікам пакаяння і жыць далей, як звычайныя людзі. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930