Знайсці
20.10.2021 / 09:46РусŁacБел

«Дактары сказалі, што я не адна такая». Цяжарная мінчанка захварэла на кавід — і страціла дзіця

Сёння Марыі Мунцян даводзіцца вучыцца жыць з велізарным болем. Праз кавідныя ускладненні жанчына страціла дзіця на 26-м тыдні цяжарнасці. Расказаць гэтую гісторыю Марыя пагадзілася з надзеяй на тое, што яе жудасны досвед дапаможа іншым беларусам не сутыкнуцца з такой сітуацыяй.

Марыя Мунцян. Фота з уласнага архіва

«Часам вяла сябе, быццам я нейкі Дункан Маклаўд бессмяротны»

Марыі 38 гадоў. Яна біёлаг з адукацыі. Разумная, начытаная, прадпрымальная, творчая і актыўная жанчына, маці трох дзяўчынак. А праз тры месяцы на свет павінен быў з’явіцца яе доўгачаканы сыночак.

«Гэта было вельмі чаканае для нашай сям’і дзіця, — кажа Марыя і ледзь стрымліваецца, каб не заплакаць. — Увесь апошні час пракручваю ў галаве тыя жудасныя падзеі і спрабую зразумець, у які момант я зрабіла фатальную памылку. Але ва ўсёй гэтай гісторыі занадта шмат «але».

Марыя расказвае, што за апошнія чатыры гады яна не хварэла: медычная картка мінчанкі была амаль стэрыльнай. Ды і падчас сваёй чацвёртай цяжарнасці жанчына адчувала сябе выдатна.

У апошнія месяцы праз каранавірус Марыя максімальна скараціла ўсе свае кантакты з іншымі людзьмі. Перайшла на аддаленую працу.

«Але дочкі працягвалі хадзіць у школу. Анлайн-навучанне так і не распачалося: дыстанцыйная адукацыйная платформа не запрацавала, нягледзячы на ўсе абяцанні Міністэрства адукацыі, — кажа Марыя. — Пры гэтым 4-я хваля каранавіруса пачалася акурат з надыходам новага навучальнага года. Дзеці, як біялагічная зброя, пераносяць вірус хоць і нашмат лягчэй за дарослых, але самі могуць заразіць блізкіх».

Праўда, цяпер Марыя кажа, што і сама ставілася да «кароны» занадта безадказна. Яна не зрабіла прышчэпку і не заўжды выконвала масачны рэжым.

«Я не катэгарычная антыпрышчэпніца. Але, як біёлаг, я не бачыла ў гэтай меры неабходнасці, як і ў нашэнні маскі паўсюль і заўсёды, — расказвае яна. —

Як і многія беларусы, у крамах магла надзець маску сімвалічна, часам проста прычапіць яе на падбародак. Нацягвала яе, калі побач нехта кашляў. Карысталася грамадскім транспартам…

Думала: мяне гэта дакладна не закране. Увогуле, часам вяла сябе, быццам я нейкі Дункан Маклаўд бессмяротны. Ды і беларускія ўлады бясконца кажуць, што сітуацыя з каранавірусам пад кантролем, медыкам усяго хапае, смяротнасць у параўнанні з многімі краінамі не крытычная…

Ведаеце, цяпер я нават слова патрэбнага падабраць не магу, каб гэта пракаментаваць. Пабачыўшы ўсё гэтае пекла на свае вочы ў бальніцы, магу сказаць: усё зусім не так. Па факце медыкі адчайна змагаюцца з сітуацыяй на мяжы сваіх сілаў і магчымасцяў, дзень і ноч ратуюць жыцці беларусаў. А тым часам чэргі з цяжкіх пацыентаў толькі павялічваюцца».

«Вы павінны разумець: зараз мы будзем ратаваць ваша жыццё»

Марыя паўтарае, цяжарнасць праходзіла добра, адчувала яна сябе нармальна. Быў 26-ты тыдзень ці, прасцей кажучы, шосты месяц. Але 8 кастрычніка сітуацыя змянілася.

«За некалькі дзён да гэтага на выходных я адчула, што крыху прыхварэла. Стан быў падобны да грыпознага — ламала косці, балелі цягліцы. Дома ніхто не хварэў, толькі я, — успамінае мінчанка. — Піла гарбату і морсы — усе тое, што звычайна ад прастуды п'юць цяжарныя жанчыны.

Але за некалькі наступных дзён мой стан настолькі пагоршыўся, што самастойна, без дапамогі блізкіх, я не магла падняцца нават з ложку. Узнялася тэмпература, і збіць яе было амаль немагчыма. Пачалі падцякаць воды.

Я пайшла ў паліклініку. Там у мяне ўзялі ПЛР-мазок. Сказалі, што ён будзе гатовы праз пару дзён. Зварот у бальніцу наўмысна адцягвала: баялася, што там падчаплю каранавірус. Я ж адчувала і пахі, і смакі. То-бок была ўпэўнена, што гэта не карона.

А потым у мяне пачаўся крывацёк. Патэлефанавала ў хуткую дапамогу, каб параіцца з медыкамі і даведацца, куды мяне ўсё ж павязуць, калі раптам прыйдзецца. Расказала пра тэмпературу, крывацёк, боль у касцях».

Фота Паўла Марцінчыка

Але медыкі з хуткай патлумачылі: рашэнне пра далейшую шпіталізацыю будзе прымацца на месцы, у залежнасці ад яе стану. Пачуўшы гэта, Марыя ўсё ж вырашыла застацца дома, каб дачакацца вынікаў ПЛР-мазка з паліклінікі.

«Праз некалькі хвілін мне патэлефанавалі з хуткай. Мужчына-медык вельмі спакойна і пераканаўча пачаў тлумачыць мне, што шпіталь не турма.

Ён казаў: «Не адмаўляйцеся, мы прыедзем вельмі хутка, трымаць вас прымусова ніхто не будзе. Але вам, відавочна, патрэбны сур’ёзны агляд доктара».

Марыя пагадзілася. Кажа, што медыкі прыехалі вельмі хутка. Яе забралі ў «шасцёрку». Там паклалі ў нейтральны бокс для людзей, чый кавідны статус яшчэ не вызначаны.

«Сказалі, што маё дзіця варушыцца, а яго сэрца б’ецца. Потым вырашылі правесці трансвагінальную ультрагукавую дыягностыку, — расказвае жанчына. — І ў гэты момант з мяне літаральна хлынула кроў.

Я ўбачыла спалоханыя вочы дактароў. Памятаю іх словы: «Зараз мы адвязём вас у аперацыйную, у вас выцеклі амаль усе воды, вялікая страта крыві. Без аперацыі нельга». Я ўвесь час пыталася: «Што з маім дзіцем». Адказ быў кароткім: «Вы павінны разумець: зараз мы будзем ратаваць ваша жыццё».

Ужо праз 15 хвілін яна ляжала на аперацыйным стале. Далей для Марыі было ўсё як у тумане.

«На жаль, ваша дзіця загінула ва ўлонні»

«Калі адкрыла вочы, вакол было шмат людзей, побач ляжалі жанчыны з нейкімі трубкамі, многія на вялікіх тэрмінах цяжарнасці. Многія кашлялі і задыхаліся. Вакол было вельмі шмат медыкаў.

Памятаю, як яны казалі адной жанчыне, якая не магла больш дыхаць праз апарат: «Не спыняйся, зараз ты робіш гэта дзеля сябе і дзіцяці», — з болем успамінае той жудасны дзень Марыя. — Мне сказалі: «Вы ў рэанімацыі, на жаль, ваша дзіця загінула ва ўлонні». Гэтак жа мне потым казаў і мой доктар.

Але педыятр чамусьці расказвала, што у майго сына спынілася сэрца і рэанімацыйныя меры не дапамаглі. Я не ведаю дакладна, як гэта адбылося, але немаўля ўжо не вярнуць.

Медыкі патлумачылі: на 26-м тыдні цяжарнасці верагоднасць выжывання дзіцяці ў сітуацыі, якая з намі адбылася, вельмі нізкая. Так, я таксама гэта разумею, але лягчэй ад гэтага не становіцца. Ён быў зусім маленькі, у яго толькі ўсё сфарміравалася».

ПЛР-тэст паказаў: у жанчыны каранавірус і пнеўманія сярэдняй цяжкасці, паражэнне лёгкіх дасягнула 35%. Дактары адзначылі, што праз вірус і высокую тэмпературу пачалося адслаенне плацэнты з вялікай стратай крыві.

«Мне казалі, што праз тэмпературу мог не вытрымаць каляплодны пузыр, казалі, што вірус мог паўплываць на пранікальнасць амніятычнага пузыра… — Марына спрабуе аналізаваць тое, што здарылася. — Варыянтаў шмат, я пакуль не знайшла адназначнага тлумачэння таго, што адбылося. І ці ёсць цяпер у гэтым сэнс».

«Цяпер я ўсё яшчэ ў «шасцёрцы». Палаты поўныя. Праз адну ў жанчын вельмі сур’ёзныя праблемы, — працягвае яна. — Кожны дзень тут плачуць жанчыны: праз страту дзіцяці ці праз тое, што доўга знаходзяцца паасобку. Сёння чула, што ў жанчыны у суседняй палаце таксама памерла дзіця.

Пасля таго, што здарылася з маім сынам, я таксама плакала. Калі на 6-ы дзень мяне перавялі ў іншую палату, я спытала ў сваёй новай суседкі пра яе роды — хто нарадзіўся, з якой вагой… А яна паглядзела на мяне шклянымі вачыма. Такія бываюць толькі ў маці, якія страцілі сваіх дзяцей…

Яе было даношаным, але таксама памерла пасля родаў. Тэст на кавід быў адмоўны, але па крыві вызначылі, што інфекцыя ўсе ж ёсць. Я была ў такім шоку, што нават не змагла выціснуць з сябе фразу: «Мой хлопчык таксама памёр». Мы абняліся і, так стоячы пасярод гэтай палаты, галасілі. Невыносна…»

«Днямі я размаўляла з медыкам з гэтай бальніцы, — расказвае Марыя. — Ён сказаў: «Такога, як цяпер, яшчэ ніколі не было. Толькі за тыдзень у нас памерлі пяць жанчын. Немаўляты засталіся без матуль». А ў такіх, як я, загінула само немаўля. І я тут такая не адна».

Афіцыйнай статыстыкі, якая б пацвярджала словы жанчыны, у адкрытым доступе няма. Медыкі таксама адказваюць нам, што звесткі аб рэальных лічбах смяротнасці парадзіх і немаўлят праз кавідныя ўскладненні ім гаварыць забараняюць.

«Калі б сёння я магла нешта змяніць, я б суперадказна выконвала б правілы абароны»

Марыя кажа, што даваць каму-небудзь парады яна не хоча, бо кожны мусіць прымаць сваё рашэнне. Сёння жанчына можа казаць толькі пра свой асабісты досвед.

«Мне вельмі балюча ад страты. Калі б сёння я магла нешта змяніць, я б скараціла ўсе свае стасункі ды суперадказна выконвала б правілы абароны ад каранавіруса: апрацоўка носа, мыццё рук, масачны рэжым, сацыяльная дыстанцыя.

Я б шмат чаго рабіла інакш. Прышчапілася б яшчэ да цяжарнасці, — кажа яна. — Я б вельмі хацела, каб афіцыйныя ўлады і тэлебачанне агучвалі рэальную сітуацыю ў краіне. Я за дасведчанасць. Людзі маюць права ведаць праўдзівую інфармацыю, каб мець магчымасць адрэагаваць на яе адэкватна.

Я б цяпер хацела, каб беларусы ўсвядомілі: усё, што мы цяпер сапраўды можам зрабіць, — гэта несці адказнасць за сябе і сваіх блізкіх. Яшчэ крыху, і нас проста будзе няма каму лячыць.

У нас не хапае медыкаў, а тыя, хто засталіся, працуюць у вельмі складаных умовах. Мне дактары вельмі дапамаглі. Яны зрабілі ўсё, што ад іх залежала. Таму прэтэнзій да іх я не маю.

Некаторыя не могуць трапіць у бальніцу, а я ўпіралася. Мяне ўгаварылі. Ужо потым мне сказалі: «Калі б вы патрапілі на аперацыйны стол крыху пазней, вас бы таксама ўжо не было».

Знаходзячыся тут, у бальніцы, я бачу, як вельмі стомленыя медыкі робяць для пацыентаў усё магчымае і немагчымае — не проста дапамагаюць, але размаўляюць, супакойваюць, падбадзёрваюць.

Сітуацыя вельмі сур’ёзная! Я бачу, як у чырвонай зоне «шасцёркі» стаіць бясконцая чарга з пацыентаў — старыя, маладыя, усе як кількі ў бляшанках. І гэтаму няма канца».

Напрыканцы нашай гутаркі Марыя папрасіла размясціць яе зварот да сем’яў загінулых пасля нядаўніх родаў жанчын.

«Мой стан цяпер — перарваны палёт. Унутры мяне пустэча… Але я б хацела дапамагчы гэтым сем’ям. Я спрабавала даведацца іх даныя ў медыкаў, але гэта медыцынская таямніца. Зразумела.

Пакуль што ў мяне ёсць магчымасць захаваць грудное малако, і я хацела б дапамагчы ў наглядзе за немаўлятамі хаця б некаторы час. Хачу падарыць хоць крыху матулінай пяшчоты тым дзеткам, да якіх матулі ўжо не прыйдуць», — кажа яна.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930