Знайсці
18.10.2021 / 13:33

Сябраваў з Шапірам і быў звольнены за «абасраных кароў». Расказваем пра экс-міністра сельскай гаспадаркі, які патрапіў у скандальны зліў

На мінулым тыдні аб'яднанне былых сілавікоў апублікавала скандальны зліў, у якім ішло абмеркаванне пра суседа дачкі былога міністра сельскай гаспадаркі, «якога трэба паставіць на месца». «Наша Ніва» высветліла, што гаворка ў зліве ішла пра дачку былога міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца, цяперашняга кіраўніка Магілёўскага аблвыканкама. Гісторыю суседскай спрэчкі мы ўжо падрабязна апісвалі. Але хто такі сам Леанід Заяц? 

Леаніду Зайцу 62 гады. Ён родам з вёскі Гацук Слуцкага раёна. Працаваў трактарыстам, брыгадзірам, спецыялістам па кормавытворчасці.

У 89-м скончыў сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках па спецыяльнасці «Аграномія», пасля чаго працаваў галоўным аграномам у саўгасе «Слуцк». 

Павялічыць

Потым кіраваў суседнім калгасам «Беларусь». З 1998 — дырэктар Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў. З 1999 па 2001 — старшыня Маладзечанскага райвыканкама. Адтуль яго ўжо вынесла ў вышэйшыя эшалоны ўлады: з 2001-а стаў намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама. 

Рассварыўся з лепшым сябрам Сямёнам Шапірам

Крыніцы «Нашай Нівы» кажуць, што ва ўладных колах Заяц запомніўся тым, што рассварыўся са сваім лепшым сябрам — Сямёнам Шапірам, якога сам жа прызначыў генеральным дырэктарам «Агракамбіната Дзяржынскі».

«Шапіра адпрацаваў там да 2008 года, пасля чаго на гэтае месца прыйшоў працаваць сам Заяц. Вось тут сябры і пасварыліся: аказалася, Шапіра панабіраў спрэчных крэдытаў, што дазволіла яму на паперы паказаць добрыя паказчыкі і рвануць на пасаду міністра.

А вось Зайцу давялося з гэтымі пазыкамі разлічвацца, справаздачнасць «Дзяржынскага» стала ўжо не такой салодкай, дапамогі ад сябра ён не дачакаўся. Але, зрэшты, з гэтай пазіцыі і яму ў 2012 годзе ўдалося скочыць у міністэрскае крэсла, патлумачыўшы абставіны, з якімі сутыкнуўся», — расказваюць абазнаныя. 

Адмаўляецца ад алкаголю, кажа, што закадзіраваўся 

На час Зайцавага Міністэрства прыйшліся цяжкія ветэрынарныя войны з Расіяй. Па словах нашых суразмоўцаў, чыноўнік вельмі не любіў ездзіць у Маскву на перамовы. Яго там марынавалі ў прыёмных, з яго там смяяліся за выразны беларускі акцэнт і няўменне пісьменна гаварыць.

Павялічыць

Агулам у работу галіны, кажуць, «не асабліва ўмешваўся, што для галіны вельмі важна».

У адзін з гадоў работы Заяц перанёс цяжкую аперацыю і амаль год нармальна не хадзіў, ледзь перасоўваўся, але адужаў. 

Таксама перастаў піць. Удзельнікі агульных мерапрыемстваў кажуць, што Заяц адмаўляецца ад алкаголю, кажа, што закадзіраваўся, і цяпер п'е толькі «трошку шампанскага». 

Апытаныя «Нашай Нівай» кіраўнікі гаспадарак даюць Зайцу ў большасці негатыўныя характарыстыкі: «Прыязджаў да мяне на ферму, выступаў, як і Лукашэнка: маналог, давядзенне паказчыкаў. Спачатку троху з ім паспрачаўся, але потым мне стала ясна: ён ведае, што карову трэба карміць. А астатняе…

Для слухача збоку мо і здаецца, што ён ва ўсім разбіраецца, але насамрэч веды павярхоўныя або, правільней сказаць, састарэлыя. Актуальныя на дзесяцігоддзі таму. Як нарыхтаваць якасныя кармы, скласці правільны рацыён, пракантраляваць фізіялогію каровы — гэта ўсё яму невядома», — расказаў «НН» адзін з кіраўнікоў гаспадаркі, куды прыязджаў былы міністр. 

Знялі з міністэрскай пасады Леаніда Зайца пасля скандалу з «абасранымі каровамі» на ферме «Сліжы» ў Шклоўскім раёне — ён перастаў быць міністрам на наступны ж дзень. 

Але крыніцы «Нашай Нівы» лічаць, што гэта ўсё было тэатральнай пастаноўкай, арганізаванай прэс-службай Лукашэнкі. У рэальнасці ж Зайца знялі за правалены сельскагаспадарчы сезон 2018-га. 

Як аказалася, тады сабралі толькі трохі больш за 6 мільёнаў тон зерневых і зернебабовых на фоне амаль 8 мільёнаў тон у 2017.

«Але знялі нават не за сам неўраджай, а за тое, што схаваў маштаб, і калі глянулі ў запасы — аказалася, што няма. А сама схема зняцця «праз абасраных кароў» — не новая. Так міністраў здымалі і да Зайца», — адзначаюць нашы крыніцы. 

Ужо на наступны дзень, 27 сакавіка 2019-га, Заяц з міністра стаў губернатарам Магілёўскай вобласці.

Павялічыць

«Як губернатар — нічога ў ім не назіраю, як высакакласны выканаўца — тут трапна»

На пасадзе губернатара даваў інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлебачанню, большая частка яго — расказ пра сельскую гаспадарку. З улікам прафесійнай дэфармацыі, Заяц вельмі спецыфічна бачыць інструменты эканамічнага росту. 

«Мы плануем павялічыць у 1,8 разу заробкі людзям. […] Для гэтага распрацаваны комплексны план развіцця з мэтай выхаду на зададзеныя параметры. Для гэтага неабходна выйсці на мільён тон малака! Трэба павышаць удоі, паляпшаць тэхналогію!» — гаварыў ён.

Як губернатар ён выступае перад працоўнымі калектывамі. Можна знайсці шэдэўральнае відэа, як ён расказвае рабочым з Касцюковіцкага цэментнага завода, што «валавы ўнутраны прадукт вырас на 21%, […] а праз пяць год будуць ездзіць электрычныя аўтобусы па краіне». 

«Бываюць кіраўнікі горшыя, што маем. Як губернатар — нічога ў ім не назіраю, як высакакласны выканаўца — тут трапна», — кажа адзін з яго цяперашніх падначаленых.

Але чаму гэты, нічым не адметны, выканальны і не ініцыятыўны чыноўнік вырашыў такім арыгінальным чынам «пакараць» суседа дачкі? Спыталі ў блізкага да Зайца чалавека. 

«Калі б не зліў аўдыё, то я б ніколі не паверыў бы, што Заяц можа такое зрабіць, як чалавек ён не самы кепскі, — лічыць суразмоўца. — Я думаю, тлумачэнне тут такое: ён, як бацька, лічыць сябе вінаватым, што ўздымаўся па дзяржаўнай службе цаной сям'і. Ну і цяпер вось паспрабаваў зрабіць прыемнае дачцэ, абараніць яе па-бацькоўску. А выйшла так, што самому ад сораму няма куды дзявацца, і дачцэ ўсё сапсаваў — ёй жа там далей жыць».

Чытайце таксама:

«Сусед адной з дачок міністра сельскай гаспадаркі. Задача — яго на месца паставіць». З'явіўся новы зліў ад былых сілавікоў

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31