Знайсці
16.10.2021 / 16:15РусŁacБел

Міністр Сіняўскі: Пры надзвычайным становішчы ратавальнікі будуць са зброяй у руках спыняць беспарадкі

Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі апублікаваў на сайце ведамства зварот да асабовага складу, у якім паведамляе, што ў выпадку надзвычайнага становішча ратавальнікі будуць са зброяй у руках спыняць беспарадкі. Прыводзім частку тэксту. 

«Ратавальнікі — гэта людзі, якія гатовыя ў любую секунду супрацьстаяць разбуральным стыхійным бедствам, тэхнагенным катастрофам, паводкам і пажарам. Рызыкуючы ўласным жыццём, выкарыстоўваючы свой прафесіяналізм і выяўляючы адвагу, мы штодня ліквідуем розныя надзвычайныя сітуацыі, з гонарам выконваем свой абавязак.

Менавіта гэтыя якасці з'яўляюцца нашым дэвізам. Дэвізам ратавальнікаў, якія ў любую хвіліну гатовыя прыйсці на дапамогу нашым людзям і дзяржаве.

Цяпер наша міралюбівая краіна падвяргаецца пастаяннаму ціску звонку з боку розных дэструктыўных сіл. Важнай умовай паспяховай барацьбы з гэтым уплывам з'яўляецца згуртаванасць грамадства, у аснове якой ляжаць патрыятызм і любоў да сваёй Радзімы.

У гэтым кантэксце вялікая роля ў забеспячэнні нацыянальнай бяспекі адводзіцца беларускім ратавальнікам. Наш з вамі абавязак — забяспечыць бяспечныя ўмовы жыццядзейнасці насельніцтва, устойлівае функцыянаванне аб'ектаў эканомікі, аператыўнае рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі прыроднага і тэхнагеннага характару, захаваць унікальную прыроду нашай Радзімы.

Сёння на МНС, у выпадку ўвядзення надзвычайнага становішча, ускладаюцца задачы па ахове важных аб'ектаў і спыненні беспарадкаў, калі трэба, то са зброяй у руках. Пры гэтым дзяржавай гарантуецца прававая, сацыяльная і асабістая абарона работнікаў МНС, а таксама членаў іх сем'яў», — адзначаецца ў звароце ад імя міністра. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера