Знайсці
16.10.2021 / 08:54

Як гэта — упершыню за 13 месяцаў пабачыць жонку ўсяго на гадзіну? Расказвае муж палітзняволенай Марфы Рабковай

Палітзняволенай праваабаронцы Марфе Рабковай далі дазвол на першае за 13 месяцаў зняволення спатканне са сваякамі. Яе муж Вадзім Жаромскі распавёў «Нашай Ніве», як прайшла гэтая каштоўная для абаіх гадзіна і якія галоўныя змены ён адзначыў у блізкім чалавеку.

«За гадзіну імкнешся ахапіць усё, але гэта немагчыма»

Вадзім расказвае, што для Марфы сустрэча стала неспадзяванкай: яна ведала, што дазвол на спатканне ёсць, але было незразумела, у які момант яно адбудзецца. 

«Было бачна, што яе проста вырвалі з камеры, таму яна была крыху шакаваная. Мы спачатку былі так усхваляваныя, што не ведалі, што казаць адно аднаму.

Вельмі цяжка эмацыйна, асабліва напрыканцы, калі канвой кажа: «У вас засталося тры хвіліны». І вось ты думаеш, што ж лепш паспець сказаць за гэты час, як падтрымаць чалавека.

А для Марфы ў той жа момант пачынаецца адлік да вяртання ў рэчаіснасць, якая яе за 13 месяцаў паглынула. Увогуле, усё было вельмі сумбурна, таму што імкнешся за гадзіну ахапіць усё, але гэта немагчыма», — расказвае Вадзім.

Павялічыць

Вадзім Жаромскі

У камеры — восем чалавек, з іх сем — палітычных

Марфу цікавіла збольшага, як яе маці, сваякі, як пажывае сам муж. Мімаходам закранулі тэмы смерці таты і бабулі, пахаванні якіх прайшлі без дзяўчыны. Марфа дагэтуль цяжка перажывае страту: ёй было важна апошні наканаваны блізкім час быць побач з імі. Цікавіла дзяўчыну і тое, што адбываецца ў краіне.

«Зняволеныя жывуць у інфармацыйным вакууме. Тое, што паказваюць па тэлебачанні, іх толькі пужае. Яны не разумеюць, што сапраўды адбываецца на волі. Ці настолькі ўсё страшна, як расказваюць», — каментуе Вадзім. 

Спатканне праходзіла праз шкло з рашоткай: Марфа і Вадзім камунікавалі па тэлефоне. На шкле вісіць пералік забароненых для размовы тэм. Першым пунктам ідзе забарона на згадку ўмоў утрымання і распарадку, другім — абмеркаванне крымінальнай справы.

Але Вадзім ведае, што ў камеры Марфы цяпер знаходзіцца восем чалавек. З іх сем — палітычных, у тым ліку па справе «БелаПАН», «Тутбая» і «Краіны для жыцця».

Павялічыць

 Марфа і Вадзім

«Цяпер я б не паставіў яе стану нават адзнаку «здавальняюча»

Вадзім адзначае, што Марфа вельмі змянілася: колер твару стаў папяліста-бледным, скура — больш тонкай.

«Зразумела, што не апошнюю ролю грае тое, што чалавек 13 месяцаў не бачыў сонца. Хай іх раз на дзень і выводзяць у турэмныя дворыкі 5 на 5 метраў, але яны гуляюць пад кратамі, сонца туды не прабіваецца.

Марфа спрабуе не скардзіцца і трымацца, але яе ўсё адно хвалюе яе фізічны стан. Чаму яна, напрыклад, некалькі разоў летам страчвала прытомнасць (раней такога не было ніколі, яна добра пераносіла спякоту).

Пасля каранавіруса ў яе павялічыліся і баляць лімфатычныя вузлы. Таксама Марфе ўжо паўгода не могуць вылечыць зубы: яна дэманстравала мне сколы на пярэдніх зубах. Жонка спрабуе займацца фізічнай культурай, каб зусім не расклеіцца, але трэба казаць як ёсць: лепш ёй будзе толькі на волі. Цяпер я б не паставіў яе стану нават адзнаку «здавальняюча».

Трымацца псіхалагічна, па словах Вадзіма, жонцы дапамагае разуменне, што яе не кінулі і чакаюць. Падтрымліваюць таксама лісты з волі, калі нават зусім незнаёмыя людзі нешта пішуць.

«Нават два-тры сказы на паштоўцы не даюць скаціцца ў маральную яму. Таму трэба пісаць як мага болей», — заклікае Вадзім.

«Не па-чалавечы — блакаваць перапіску з матуляй»

Што тычыцца асабістай перапіскі, то летам лісты ішлі добра, але напрыканцы жніўня пачаліся перабоі.

«Ад яе мне не дайшло мінімум шэсць лістоў. Незразумелая сітуацыя з ліставаннем з маці. Марфа ўжо казала, што гэта не па-чалавечы — блакаваць перапіску з матуляй. Тая піша па пяць лістоў на тыдзень, а з іх добра калі даходзіць адзін.

Вадзім прызнаецца: штодзённае чаканне даецца яму цяжка, але ён збіраецца чакаць жонку столькі, колькі трэба.

«Марфа казала, што яе жыццё паходзіць на дзень сурка. Дык вось пра сябе я магу сказаць тое самае: я проста чакаю з ранку да вечара, калі гэты жах нарэшце скончыцца. Што тычыцца нашых стасункаў, то тут нічога не змянілася, акрамя таго, што жонка за кратамі».

Адвакатку Марфы Наталлю Мацкевіч (якая таксама абараняла Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага) з 13 кастрычніка адхілілі ад выканання прафесійных абавязкаў. Але ў Марфы ёсць другі адвакат.

Мяркуючы па наяўнай інфармацыі, справа Марфы на фінішная прамой. Напрыканцы месяца ёй мусяць выставіць канчатковае абвінавачванне. У снежні, магчыма, стартуе суд. Сваякі амаль упэўненыя, што ён будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Нагадаем, каардынатарку валанцёрскай службы «Вясна» Марфу Рабкову затрымалі 17 верасня 2020 года. Яна праходзіць падазраванай па трох артыкулах КК: ч. 3 арт. 293 (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках або фінансаванне гэтай дзейнасці), ч. 2 арт. 285 (Удзел у злачыннай арганізацыі), арт. 130 (Распальванне нянавісці).

Адрас для лістоў Марфе: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Чытайце таксама:

«Грошы, падораныя на вяселле, палічылі фінансаваннем пратэстаў». Гутарка з мужам палітзняволенай «вясноўкі» Марфы Рабковай

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31