Знайсці
15.10.2021 / 14:24РусŁacБел

«Даводзілася выбіраць, аддаць прэпарат пажылому пацыенту ці пакінуць для больш перспектыўнага». Былая доктарка пра жахлівае закуліссе эпідэміі

«Мы заўсёды ведалі: павялічыцца паток пацыентаў — зноў стане не хапаць кіслароду», — кажа Вольга Садоўская. Яна працавала ў 6-й бальніцы Мінска з красавіка 2020 года па жнівень 2021. Дзяўчына была клінічным фармаколагам — у яе абавязкі ўваходзіў кантроль усёй лекавай тэрапіі. Вольга бачыла, што адбываецца па ўсёй бальніцы: з якімі праблемамі дактары сутыкнуліся ў эпідэмію, якая смяротнасць была ў аддзяленнях і як даводзілася вырашаць, каму жыць, а каму не.

Вольга Садоўская. Фота з асабістага архіву

«Перапынак у падачы кіслароду для цяжкага пацыента нават на 10-20 хвілін можа аказацца фатальным»

З пачатку эпідэміі 6-я бальніца была перапрафілявана пад кавідных пацыентаў.

«Тое, што цяпер адбываецца, практычна паўтарае сітуацыю, з якой мы сутыкнуліся на пачатку пандэміі. На жаль. І мяне абурае, чаму дагэтуль не былі зроблены высновы і праца над памылкамі, — заўважае Вольга. — Усе праблемы, якія цяпер агучваюцца, былі і тады.

Акрамя сродкаў індывідуальнай абароны вытворчасць і закупку масак і касцюмаў наладзілі. Але што тычыцца кіслароднага забеспячэння, наяўнасці тэхнікі і медыкаментаў, фінансавання — нічога не змянілася».

Чаму ўзніклі праблемы з кіслародам? Па словах Вольгі, сістэма не была разлічана такую вялікую колькасць пацыентаў. І як толькі павялічваецца колькасць тых, хто мае патрэбу ў кіслародзе, адразу расход расце, ціск у сістэме падае. І адпаведна кожны пацыент не атрымлівае тую канцэнтрацыю, што яму патрэбна. 

«Гэта абмяркоўвалася кожны тыдзень. У рэанімацыі ціск у кіслароднай сістэме часам быў на мяжы ці ніжэйшы за мінімальна дапушчальны. Нешта спрабавалі адрамантаваць, але выніку не было. У нас гэта сістэма сумешчана з усімі карпусамі. Планавалася, што вясной для траўматалагічнага корпуса пабудуюць асобны рэзервуар.

Справа, наколькі ведаю, дагэтуль не зрушылася. Мае калегі расказалі, што ў ноч з панядзелка на аўторак (3 11 на 12 кастрычніка —заўв. «НН») зноў адключыўся кісларод.

Каб вы разумелі: перапынак у падачы кіслароду для цяжкага пацыента нават на 10-20 хвілін можа аказацца фатальным. Гэта недапушчальна. Але такія сітуацыі здараліся. Часам перабоі ліквідавалі на працягу гадзіны-дзвюх. З-за гэтага, на жаль, некаторыя пацыенты не выжылі. Вельмі цяжкім быў перыяд у мінулую восень і зіму».

Вольга расказвае, што пацыентаў у рэанімацыі трэба рэгулярна абследаваць. Ім назначаюць ультрагукавую дыягностыку (УГД) брушной поласці, сасудаў. Паколькі свайго апарату УГД у рэанімацыі няма, патрэбны пераносны. 

«На бальніцу, дзе тысяча ложкаў, ён адзін. Калі мы часткова сталі «чыстымі», гэты апарат насілі з «чыстай» зону ў «брудную». Так не павінна быць», — кажа доктарка.

Па яе словах, былі праблемы з фільтрамі для апаратаў ШВЛ. Сам апарат немагчыма пачысціць ад унутрыбальнічнай флоры, якая агрэсіўная і ўстойлівая да многіх антыбіётыкаў.

Гэта флора з’яўляецца прычынай цяжкіх бактэрыяльных пнеўманій і сепсісаў. Каб новы пацыент, які трапляе на штучную вентыляцыю лёгкіх, не атрымаў гэты букет, існуюць фільтры для ачышчэння паветра — яны зніжаюць рызыку.

«У палове апаратаў у рэанімацыі фільтры не адпавядалі патрабаванням — яны вельмі хутка ўвільгатняліся і закаркоўваліся. Пацыент тады не атрымліваў дастаткова кіслароду, — дзеліцца Вольга. — Каб выратаваць яго жыццё, даводзілася фільтры прыбіраць. Адпаведна верагоднасць, што пацыенту перадасца ўнутрыбальнічная флора, узрастала ў разы».

«Калегі працуюць з поўнай аддачай. Але што тычыцца ўмоў працы і матэрыяльнага забеспячэння — з гэтым праблемы. Калі такое адбываецца ў адной з буйнейшых клінік Мінска, я баюся нават уявіць, што на перыферыі», — гаворыць доктарка.

«Мы ў сітуацыі, калі доктар бярэ на сябе адказнасць вырашаць, каму жыць, а каму не»

Вольга таксама адзначае, што лекаў, якія маюць даказаную эфектыўнасць у лячэнні пацыентаў з каранавірусам (звычайна гэты імпартныя), не заўсёды хапала. 

«Напрыклад, антыкаагулянты. Гэта прэпараты, якія прадухіляюць утварэнне тромбаў, — распавядае Вольга. — Трамбоз — адно з ключавых ускладненняў каранавіруснай інфекцыі, таму антыкаагулянты — абавязковы сродак лячэння ўсіх пацыентаў з кавідам, якія трапляюць у стацыянар.

Больш эфектыўны і бяспечны — нізкамалекулярны гепарын (не звычайны, якія выпускаецца на «Белмедпрэпаратах»). Ён імпартны і дарагі. Пры павелічэнні патоку пацыентаў яго не хапае.

Калі я сыходзіла з працы, палова пацыентаў атрымлівала звычайны гепарын. У нас жа эканоміка дагэтуль планавая, і ў медыцыне таксама. Патрэба ўжо іншая, а аб’ём фінансавання вызначаны год таму».

«Ці вось ёсць расійскі аналаг тацылізумабу, — працягвае медык. — Ён эфектыўна выкарыстоўваецца для лячэння рэўматалагічных хвароб, але менавіта па пацыентах з кавідам даследаванняў, якім мы маглі б давяраць, няма.

Гэты прэпарат унеслі ў расійскія рэкамендацыі, а потым і ў наш клінічны пратакол. Можа, і нічога было б, але ён уводзіцца падскурна (еўрапейскі аналаг — унутрывенна) і працуе павольней: дасягае максімальнай канцэнтрацыі ў крыві недзе праз тыдзень. Да гэтага моманту час упушчаны, нам эфект патрэбны ў бліжэйшыя 12-24 гадзіны».

Праблема была з прэпаратамі біялагічнай тэрапіі. Гэта кропкавы інструмент, які дзейнічае на канкрэтную мэту. Напрыклад, тацылізумаб патрэбны пацыентам, у якіх развіваецца дыхальная недастатковасць пры цяжкай пнеўманіі. Ён вельмі дарагі, як і ўся біялагічная тэрапія, таму яго было мала.

І ў некаторых сітуацыях нам даводзілася выбіраць: ці мы пакінем гэты прэпарат для кагосьці больш перспектыўнага (на жаль, такія фразы даводзілася выкарыстоўваць), ці аддадзім пажылому пацыенту. Часта даводзілася пакідаць для маладых. 

Памятаю, мне ў канцы змены пазваніў загадчык аддзялення. Кажа, што ёсць бабуля, 84 года, цяжкая, усе паказанні для назначэння тэрапіі. Але адзін з адміністратараў не дае дазволу.

А я ўзгадняла назначэнне гэтага прэпарату. Кажу: «Вы ж разумееце, узрост не з’яўляецца супрацьпаказаннем. Мы пасля не зможам патлумачыць, чаму мы не прызначылі гэтаму пацыенту прэпарат». І бабуля выжыла, бо мы ёй дапамаглі.

Памятаю, мы глядзелі кадры з Італіі, калі толькі пачыналася пандэмія і калі медыкам даводзілася выбіраць, каму даць апарат ШВЛ, а каму не. Я вельмі баялася, што мы сутыкнемся з такой жа праблемай. І мы з ёй сутыкнуліся. Мы ў сітуацыі, калі доктар бярэ на сябе адказнасць вырашаць, каму жыць, а каму не». 

«У дзень у бальніцы памірала да 12 чалавек»

Цяпер у шасцёрцы «чысты» толькі траўматалагічны корпус. Дэльта-штам віруса прынёс свае сюрпрызы — цячэнне хваробы больш маланкавае, пакутуе больш маладых людзей. 

«Складана сказаць чаму. Ёсць меркаванне, што ў маладых больш рэцэптараў у сасудах, у лёгкіх, і вірус лягчэй пранікае ў іх арганізм і выклікае разбуральнае дзеянне. Гэта адна з версій», — разважае Вольга.

 «Усё было б нядрэнна, калі б не было такога патоку пацыентаў, — лічыць яна. — Асноўная праблема — фізічная загружанасць дактароў. І адсутнасць магчымасцяў. Ты можаш ведаць, як правільна весці пацыента, але калі ў цябе няма нармальнага кіслароду, дастатковай колькасці эфектыўных прэпаратаў, нічога не зможаш зрабіць».

Доктарка згадвае, што пік смяротнасці ў іх бальніцы прыпаў на мінулы лістапад-снежань. Тады ў дзень у шасцёрцы памірала да 12 чалавек.

«Гэта тыя пацыенты, у якіх у дыягназе стаяла пацверджаная каранавірусная інфекцыя. Дактары ставяць дыягназ так, як ёсць, і падаюць у бальнічную зводку. Але што адбываецца далей з гэтай статыстыкай, невядома. 

У нас, напрыклад, нельга паміраць ад інфаркту міякарда. Бо так сказалі зверху. Таму дыягназ фармулюецца так, што інфаркт міякарда сыходзіць на другі план, на першы выносіцца іншая прычына.

Або пазначаюць іншы стан, які апісвае тое ж самае, але кадзіруецца інакш і адпаведна не ідзе ў статыстыку. Бо кожная смерць у клініцы ад інфаркту міякарда — гэта санкцыі ў адносінах адміністрацыі і дактароў (дэпрэміраванне і іншае)».

«Калі палічыць, колькі ў Мінску клінік перапрафілявана пад кавід, то толькі па сталіцы атрымлівалася 40-50 смерцяў», — гаворыць яна.

«Як многія медыкі, я сышла ў ІТ»

Што да кавідных даплат, то ў шасцёрцы дактарам іх налічалі ў максімальным памеры. А вось прэміяй на апошні Дзень медработнікаў сталі… сухары.

«Не магу сказаць, што гэта было крыўдна — было смешна. Хлебазавод прывёз у клініку сухары і сушкі і паставіў у прыёмнай галоўнага доктара. Хто хацеў, ішоў і браў. А ад адміністрацыі мне падарылі грамату», — усміхаецца Вольга.

У жніўні гэтага года дзяўчына вырашыла сысці з медыцыны. І з верасня яна жыве і працуе ў Варшаве.

«Як многія медыкі, я сышла ў ІТ. Некаторыя перавучваюцца на тэсціроўшчыкаў, а я працую медыцынскім кансультантам у стартапе, які займаецца дадаткам пра надвор’е і сувяззю са здароўем. Яго робіць беларуская каманда, якая пераехала ў Варшаву.

Я яшчэ не пацвярджала дыплом, але планую гэта рабіць. Ёсць закон (кавідная ўстава), па якім можна пайсці працаваць у клініку адразу, а экзамены здаць на працягу пяці год», — заключае Вольга.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930