Знайсці
15.10.2021 / 17:00РусŁacБел

«Атрымаўся поўны аблом». Палітолаг — пра галоўныя высновы з самітаў у Мінску, якія прайшлі не па сцэнары Лукашэнкі

14 і 15 кастрычніка у Мінску праходзіла адразу два саміты — Еўразійскага эканамічнага саюза і СНД. Яны праходзілі ў анлайн-фармаце. Сабралі самыя характэрныя цытаты адтуль і папрасілі палітолага Валерыя Карбалевіча адзначыць галоўнае з двух дзён пасяджэнняў.

План супрацьстаяння санкцыям

Галоўнай балючай кропкай на абодвух мерапрыемствах для беларускага боку сталі санкцыі, пра гэта выказваўся і Уладзімір Макей, і Аляксандр Лукашэнка.

«Мы паслядоўна адзначаем важнасць згуртаванасці і ўзаемадзеяння ў рамках СНД для эфектыўнага адказу на агульныя для нашых краін выклікі і пагрозы. У гэтым кантэксце мы выказалі сур'ёзную заклапочанасць у сувязі з практыкай неабмежаванага і няпраўнага аднабаковага санкцыйнага прэсінгу на краіны СНД звонку, які пастаянна пашыраецца», — каментаваў Уладзімір Макей.

У сувязі з гэтай заклапочанасцю былі нават распрацаваныя шэсць мер, закліканыя супольна рэагаваць дзяржавы на эканамічны санкцыйны ціск. Плануецца, што, калі адна з дзяржаў-удзельніц саюза паскардзіцца на прыгнёт, адразу будуць праводзіцца ацэнкі шкоды, кансультацыі, перамовы з трэцімі краінамі, якія могуць дапамагчы мінімізаваць патэнцыйную шкоду.

Лукашэнку таксама вельмі хвалявала пытанне падыходаў да кошта- і тарыфаўтварэння на агульным рынку газу саюза і ўсталявання тарыфу на транспарціроўку газу з трэціх краін для ўнутранага спажывання. Аднак ніякіх канкрэтных рашэнняў тут прынята не было.

Беларускі бок адзначыў, што ў ЕАЭС пакуль занадта мала зроблена па імпартазамяшчэнні і шырэйшым выкарыстанні нацыянальных валют. Аднак, зноў жа, усе гэтыя і іншыя недахопы абмяркоўваліся на ўзроўні прапаноў. 

Саміт СНД у анлайн-фармаце

Нуда па СССР

Лукашэнка яшчэ раз адзначыўся ў сваёй нудзе па СССР. Для яго СНД — акурат альтэрнатыва, якая «ахоўвае саюзныя рэспублікі ад хаосу і эканамічнага калапсу».

Нежаданне глядзець на свет шырэй, выходзячы за межы існавання СССР, падкрэслілася і ў чарговым запэўніванні прадстаўнікоў іншых краін: «Нас больш нідзе не чакаюць, рынкі падзеленыя».

Асобна прадстаўнікі дзяржаў абмеркавалі важнасць захавання памяці пра Вялікую айчынную вайну і сышліся ў турботах за Афганістан: краіне будзе накіраваная гуманітарная дапамога ад СНД.

Прапанова стварыць адзіны антытэрарыстычны цэнтр і Раду старшыняў вярхоўных судоў

З навін на саміце — прызначэнне на пасаду кіраўніка Антытэрарыстычнага цэнтра СНД: ім стаў начальнік Акадэміі ФСБ Яўген Сысоеў. З новага года ён узначаліць барацьбу з тэрарызмам у СНД.

Што адметна, акрамя Беларусі, праблема экстрэмізму і тэрарызму ўнутры дзяржавы вельмі хвалюе Таджыкістан. Менавіта Эмамалі Рахмон заявіў, што іх турбуе дзейнасць шэрага забароненых арганізацый, якія выкарыстоўваюць пляцоўкі міжнародных і рэгіянальных структур для апраўдання сваіх незаконных дзеянняў.

Плануецца, што ў СНД з'явіцца адзіны спіс тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый, забароненых на тэрыторыі дзяржаў-удзельніц.

Рэгуляваць пакаранне экстрэмістаў і іншыя судовыя працэсы павінна будзе Рада старшыняў вярхоўных судоў. Менавіта пра яе стварэнне таксама дамовіліся на саміце СНД.

«Паказальна, што ў Мінск ніхто не прыехаў»

Палітолаг Валерый Карбалевіч лічыць, што сённяшнія саміты ў Мінску былі «пустымі» і праводзіліся толькі таму, што былі прызначаныя па плане. Сенсацыйных заяў і рашэнняў, важных і вызначальных для лёсу Беларусі, там прынята не было.

«Цікава тое, што ў Мінск ніхто не прыехаў, на што вельмі разлічваў Аляксандр Лукашэнка. Чаму быў важны візіт лідараў іншых краін жыўцом? Гэта была б моцная дэманстрацыя, што ніякай міжнароднай ізаляцыі і ізгойства няма, замежныя лідары хаця б постсавецкай прасторы прызнаюць Лукашэнку лідарам, існуе нейкая замежнапалітычная легітымнасць.

Можна было б спасылацца на каранавірус, але на саміт АДКБ у Душанбэ ў верасні прыехала шмат палітыкаў. А тут сам Лукашэнка заяўляў, што Пуцін 15-га будзе ў Беларусі, прэс-сакратар Пуціна Пяскоў таксама пацвярджаў гэта.

Яшчэ 27 верасня выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў казаў, што ўсе лідары дзяржаў пацвердзілі свой асабісты прыезд у Мінск, а ў выніку атрымаўся поўны аблом. Мне здаецца, спачатку вырашыў не ехаць Пуцін, і гэта стала адмашкай для ўсіх астатніх.

Валерый Карбалевіч. Фота nv-online.info

Чаму Пуцін усё ж зноў не даехаў да Беларусі з улікам таго, што не быў тут з 2019 года (пры гэтым Лукашэнка наведаўся да яго ўжо шэсць разоў)? Валерый Карбалевіч выказвае некалькі гіпотэз:

«У яго сапраўды могуць быць праблемы са здароўем. Хаця на публіцы ён з’яўляецца і сустракаецца з лідарамі іншых краін. Таму мне падаецца, што гэта пакаранне Лукашэнкі за гісторыю з «Камсамольскай праўдай».

Лукашэнка паставіў Маскву ў вельмі нязручную сітуацыю, і вось такімі дробнымі ўколамі Крэмль помсціць.

Так, у Беларусь учора завітаў міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў, але гэта Пуціну ўсё ж не замена. На мой погляд, назіраецца пахаладанне адносін Беларусі і Расіі».

Варта дадаць, што акурат Сяргей Лаўроў падчас свайго візіту ў Мінск разам з Макеем абмяркоўваў працу беларускіх журналістаў у Расіі і наадварот:

«У нас ёсць агульнае разуменне патрэбы зрабіць усё, каб расійскія СМІ ў Беларусі і беларускія СМІ ў Расіі працавалі ў максімальна камфортных умовах. У нас ёсць некаторыя ідэі, якія мы будзем рэалізоўваць хуткім часам». Праўда, што гэта за ідэі, пакуль незразумела.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера