Знайсці
15.10.2021 / 10:59РусŁacБел

Як бізнэс у Беларусі і Польшчы перажыў пандэмію

Пандэмія COVID-19 сталася сапраўдным выклікам для бізнэсу: спрычынілася да зніжэння дзелавой актыўнасці і нават банкруцтва фірмаў, паведамляе thinktank.by.

Цяпер для ўласнікаў «свайго дзела» адліга — час нарошчвання прыбыткаў і закрыцця пазыкаў. Мы прааналізавалі, па якіх сферах дзейнасці ў Беларусі і суседняй Польшчы прыйшоўся найбольшы ўдар, хто здолеў утрымацца і якую ролю ў гэтым згулялі антыкрызісныя рашэнні ўрадаў краін.

Эканоміка супраць каранавіруса

Наступствы распаўсюду каранавіруснай інфекцыі закранулі эканоміку як у глабальным, гэтак і ў лакальным маштабах. Прафілактычныя абмежаванні і зачыненыя межы ў 2020-м выклікалі збой у пастаўках, рост коштаў за паслугі і сыравіну на сусветных рынках ды як следства — эканамічныя шокі прапановы і попыту. 

На брак попыту паўплываў і псіхалагічны чыннік. Асцерагаючыся заражэння, людзі скарачалі сацыяльныя кантакты, пераставалі наведваць кафэ, кінатэатры, гандлёвыя цэнтры, спартыўныя клубы. 

«Назіралася карэляцыя з навінамі: як толькі з’яўлялася інфармацыя пра рост захворванняў ці смерцяў, на наступны дзень не было наведнікаў. Па апошняй зводцы навінаў можна было спрагназаваць, якая выручка будзе заўтра», — распавядае ўласніца фітнэс-студыі ў Мінску Аксана (імя змененае). 

У Польшчы наведванне месцаў масавага збору людзей, а адпаведна і іх праца, — у розны час абмяжоўваліся ці забараняліся. Ад 82 да 90 адсоткаў кампаніяў звязвалі перабоі ў продажы і страту ліквіднасці з лакдаўнам і зменай паводзінаў кліентаў, адзначаецца ў справаздачы польскіх даследчых цэнтраў. 

Найбольш у Беларусі пацярпелі сферы турызму, гасцінічна-рэстараннага бізнэсу, бытавых паслугаў насельніцтву (сярод іх — індустрыя прыгажосці), гандаль. У Польшчы гэта яшчэ і пазашкольная адукацыя, паслугі таксі, спорт і фітнэс, стаматалогія, галіна, звязаная з культурай і мастацтвам. 

Вялікія страты зазналі і тыя транспартнікі, што працавалі выключна на тэрыторыі Еўрасаюза. Межы для іх заставаліся адчыненымі, аднак бракавала замоваў.

«Да пандэміі чыстага прыбытку за тры месяцы было больш, чымся за ўвесь год з каранавірусам», — параўноўвае выручку ў крызіс і да яго прадпрымальнік Аляксей Дрык

У Беларусі хоць каранціну не ўводзілі, леташняе падзенне ВУП склала 0,9 адсотка. У Польшчы — 2,8%. 

Беларуская падтрымка

На падтрымку эканомікі ў пандэмію ўрад нашае краіны выдаткаваў каля 1,5% ВУП. Улады ўключылі адтэрміноўку і памяншэнне сумы падаткаў, арэнднай платы за ўчасткі дзяржаўнай формы ўласнасці, памяншэнне сумы арэнднай платы для пэўных катэгорый арандатараў, магчымасць перайсці на спрошчаную сістэму падаткаабкладання для ІП, субсідыі для даплат работнікам, выплат абавязковых страхавых узносаў, на якія міністэрства фінансаў вылучыла 180 мільёнаў рублёў. 

Паводле Міністэрства эканомікі Беларусі, летась у траўні— кастрычніку больш за 50 тысяч прадпрыемстваў атрымалі падтрымку толькі на суму 67 мільёнаў ​​рублёў, што каля 1300 рублёў у пераліку на адзін суб'ект.

Дапамога, аднак, не была своечасовай. Кіраўнік «Юнівэрс-Трэвэл» Мікалай Каяла, расказаў што рэзкае закрыццё межаў прывялі да маментальнага спынення грашовых паступленняў на рахунак яго турыстычнай кампаніі. 

«Мы чакалі дапамогі дзяржавы, некаторыя супрацоўнікі сталі звальняцца», — прызнаецца Мікалай Каяла. 

Пакуль дзяржава рыхтавала пакет захадаў падтрымкі, Мікалай пайшоў да арандатараў прасіць адтэрміноўку плацяжоў за арэнду офісаў. Яму пайшлі насустрач.

«У чэрвені 2020 наш калектыў працаваў на 1/4 стаўкі (каля 125 рублёў), па факце многія атрымалі зарплату менш мінімальнай, якая на той час складала 375 рублёў», — успамінае Мікалай. — «Наша кампанія ўсё ж атрымала субсідыю, якая дазволіла кампенсаваць гэтую розніцу».

Пра несвоечасовасць падтрымкі сведчаць і ў Бізнэс саюзе прадпрымальнікаў і наймальніка ім. Куняўскага. Гэтак палічыла траціна апытаных бізнэсоўцаў. І гэта не адзіная крытыка. 

«Амаль усе паказалі на неабходнасць і патрэбу ў атрыманні дзяржпадтрымкі, але чакалі, што яе віды будуць значна шырэй. Напрыклад, замест адтэрміноўкі плацяжоў бізнэс прапаноўваў вызваленне ад іх; каля 40% апытаных выказваліся за адмену авансавых плацяжоў за энергарэсурсы і адмену штрафных санкцый пры непералічэнні такіх плацяжоў у поўным аб'ёме; арганізацыі турсектара, міжнародных пасажыраперавозак, грамадскага харчавання ўвогуле чакалі прамых датацый. У выніку падтрымка з боку дзяржавы была ўспрынятая прадпрымальнікамі як нязначная», — распавядае дырэктар бізнэс-саюза Жанна Тарасевіч

Паводле ўказаў прэзідэнта № 143 «Аб падтрымцы эканомікі» і №178 «Аб часовых мерах дзяржаўнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян», дапамога прадугледжвалася прадпрыемствам пэўных галінаў эканомікі, што перадусім падпадала пад дзейнасць дзяржаўных прадпрыемстваў. 

Польская падтрымка

Большасць прадпрыемстваў у Польшчы — малыя і сярэднія бізнэсы. Яны генеруюць амаль тры чвэрці ВУП і складаюць 99,8% ад усіх гаспадарчых суб’ектаў. З гэтым разлікам і была выпрацаваная праграма падтрымкі - «Антыкрызісны шчыт». Дапамога каштавала гэтае краіне больш як удвая, чым вылучыла Беларусь, — 3,3 адсотка ВУП. Праграма прадугледжвала выдачу мікракрэдытаў на 74 мільярды злотых. Нацыянальны банк знізіў стаўку рэфінансавання з 1,0% да 0,1%. Яшчэ 100 мільярдаў - на праграму падтрымкі ліквіднасці прадпрыемстваў. Прадугледжвалася звальненне ад сплаты ФСЗН для працаўнікоў на 3 месяцы, фінансаванне на выплату 40 адсоткаў ад мінімальнай зарплаты для працаўнікоў на 3 месяцы. Умоваю было, праўда, каб узровень прыбытку не перавышаў усталяванай у праграме сумы - 40 адсоткаў ад папярэдняга звароту. 

Прадпрымальнік Аляксей Дрык ацаніў атрыманую дапамогу ў крыху больш за 2000 еўра. Гэта крэдыт для мікрафірм, вызваленне ад аплаты падатку ў ФСЗН на тры месяцы. 

«Выратавала толькі тое, што я стаў шукаць крыху іншыя кірункі і атрымліваць падрады ад розных арганізацыяў на выкананне працаў. Напрыклад, пры будаўніцтве гатэляў, — кажа прадпрымальнік. — Калі б я застаўся сядзець толькі на транспартных паслугах, я б не выцягнуў. Мне б не дапамаглі ані гэтыя 5 тысяч злотых крэдыту, ані ўплата дзяржавай ZUS». 

Аб'яднанне «Працадаўцы рэспублікі Польшча» летась у сакавіку (час найбольш складанай эпідэмічнай сітуацыі і найбольшых абмежаванняў) зладзіла апытанне. Згодна з ім 53,8% прадпрымальнікаў далі нізкую ацэнку антыкрызісным захадам уладаў і толькі 7% назвалі яе добрай. Прадпрымальнікі не бачаць рэальнай дапамогі ў так званым «Антыкрызісным шчыце», сітуацыя вымушала некаторых з іх іх звальняць працаўнікоў.

Паводле Польскага агенцтва развіцця прадпрымальніцтва, бягучая падтрымка была прызначаная для асобных галін, а неабходнае для яе вылучэння 40% зніжэнне звароту шмат для якіх кампаніяў азначала б банкруцтва. Прадпрымальнікі намагаліся ўтрымацца на плыву. 

З гэтых жа прычынаў, або таму, што ўласнік проста не падаваў заяўкі на дапамогу, большасць кампаніяў (80%), апытаных Акадэміяй Леона Казьміньскага, не скарысталіся праграмай дапамогі.

«Мы паказалі крыху большы за вызначаны для дапамогі прыбытак, бо ўвесь час ажыццяўлялі дзейнасць — прадавалі касметыку. Улады палічылі, што мы неяк справімся», — распавядаюць Даніла і Аліна Херхель, уладальнікі Beauty clinic у Варшаве. 

Фірма атрымала вызвалення ад сплаты ZUS [аналагічна беларускаму падатку ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва], аднак засталася без кампенсацыі выплаты заробкаў. 

«Мы пераехалі ў новае памяшканне, у нас быў новы калектыў. Гэта не спадабалася ўладам, — удакладняе свой выпадак Даніла Херхель. — Неабходна было прадэманстраваць працу за два апошнія месяцы, а ў нас былі новыя дамовы з новымі працаўнікамі».

Выцягнуць бізнэс у пандэмію атрымалася перадусім уласнымі намаганнямі.

Апытаныя ў даследаваннях працадаўцы адзначылі, што буйным прадпрыемствам гэтаксама была б неабходная падтрымка дзяржавы ў час пандэміі. На першым этапе рэцыпiентамi дапамогi стаў невялікi адсотак буйных кампаній, другі ж раўнд падтрымкі для іх быў недасяжны. 

Выратаванне тапельца — справа тапельца 

Зважаючы на прыклады Беларусі і Польшчы, уліванне бюджэтных грошаў у эканоміку не выратавала яе ад рэцэсіі ні ў воднай краіне. Варта аднак звярнуць увагу, што параўнаць дзве краіны не выпадае магчымым хаця б з прычыны розных эканамічных мадэляў, аб’ёмаў, метадаў дапамогі і фактару таксама палітычнага закрыцця крамаў у 2020, таму варта разгледзець, як спрацавала рашэнне ў кожнай асобнай краіне. 

Падзенне ў Беларусі было меншае, чым у краіны-суседкі. У даследаванні праведзеным цэнтрам BEROC «Малы і сярэдні бізнэс у перыяд пандэміі: эфектыўнасць мер падтрымкі» эканамісты вылучылі некалькі гіпотэз, чаму так адбылося. Паводле адной з іх, выдача крэдытаў у нацыянальнай валюце прадпрыемствам дзяржаўнага сектара станоўча адбілася на даходах малога і сярэдняга бізнэсу. Другая мяркуе, што перыяды эканамічнай нявызначанасці ствараюць новыя магчымасці, а пошук і ўкараненне новых фарматаў дзейнасці (бізнэс-мадэляў) і рынкаў збыту станоўча адбіліся на выручцы МСП. Аднак аналіз паказаў, што палітыка актыўнага крэдытавання дзяржсектара эканомікі аказала станоўчы ўплыў на даходы толькі тых МСП, якія занятыя ў прамысловасці і будаўніцтве і могуць з'яўляцца падрадчыкамі і пастаўшчыкамі дзяржпрадпрыемстваў. 

Эксперты робяць выснову, што падтрымка аказаная бізнэсу дзяржавай была недастатковай, але адсутнасць лакдаўну і іншых абмежавальных мер дазволіла не пайсці на дно бізнэсам у большасці сфер дзейнасці, за выключэннем тых, якія пацярпелі ад добраахвотнай самаізаляцыі насельніцтва.

У Польшчы аб’ём дапамогі быў большы і вылучаны ў адрозненні ад Беларусі на дробны і сярэдні бізнэс перадусім, які апынуўся на мяжы банкруцтва. У Польшчы — большае падзенне ВУП, на што ў тым ліку паўплываў зацяжны лакдаўн. Закрыццё крамаў у гандлёвых цэнтрах на 114 дзён прывяло да страты даходаў галіны ў памеры 30 млрд злотых. А фітнэс-цэнтры пасля 193 дзён прастою апынуліся на мяжы банкруцтва, адзначаецца ў даследаванні Саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў. Па выніках 2020 там зачыніліся або прыпынілі дзейнасць 8,26% фірм, вынікае з дадзеных Цэнтральнага эканамічнага інфармацыйнага цэнтру. Што праўда, варта адзначыць, для некаторых кампаніяў выклікі апынуліся новымі магчымасцямі для развіцця — яны пачалі больш актыўна выкарыстоўваць лічбавыя тэхналогіі, пераходзіць на аддаленую працу. 

***

Гэты артыкул з'яўляецца дыпломнай групавой працай удзельнікаў праекта «Лабараторыя эканамічнай журналістыкі», якую арганізаваў BEROC (Кіеў) у красавіку-верасні 2021 года.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера