Знайсці
18.10.2021 / 08:23

Сусветныя цэны на прадукты харчавання цяпер самыя высокія за апошнія 46 гадоў. Што адбываецца?

Не паспеў свет звыкнуцца з пандэміяй, недахопам камп’ютарных чыпаў, рэкорднымі цэнамі на нафту і газ у Еўропе, як падкралася іншая напасць — цэны на прадукты харчавання дасягнулі 10-гадовага максімуму, за год яны выраслі прыкладна на 33%. Індэкс цэн на прадукты Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (FAO) у верасні склаў у сярэднім 130 пунктаў, што з'яўляецца самым высокім паказчыкам з 2011 года. Непагадзь, недахоп працоўнай сілы і абсталявання, энергетычны крызіс, чума свіней у Кітаі, а таксама праблемы ў ланцугах паставак, звязаныя з кавідам, выклікалі няўхільны рост цэн ва ўсім свеце на асноўныя прадукты: ялавічыну, пшаніцу, цукар, алей. Разбіраемся, што стала прычынай такога росту цэн і чаго чакаць далей.

Павялічыць

Як выраслі цэны?

Індэкс цэн на прадукты харчавання ў верасні склаў у сярэднім 130 пунктаў, што на 1,2% больш, чым у жніўні, і на 32,8% вышэй, чым у верасні 2020 года.

Гэты індэкс разлічваецца штомесячна, ён дапамагае адсочваць змены міжнародных цэн на самыя папулярныя харчовыя тавары (цукар, алей, збожжа, мяса і малако).

Індэкс разлічваецца на аснове параўнання цяперашніх фактычных цэн з сярэднімі цэнамі на прадукты харчавання ў перыяд з 2002 па 2004 год. Ён дазваляе ацаніць, наколькі прадукты харчавання даступныя для людзей.

Сённяшні індэкс паказвае, што цэны на прадукты пабілі рэкорды 2011 года, калі ланцужок праблем з прадуктамі харчавання ў выніку прывёў да беспарадкаў і Арабскай вясны.

Гэта азначае, што цяпер складаней за ўсё купіць прадукты харчавання на міжнародным рынку за ўвесь час уліку гэтых цэн (з 1961 года).

Адзінымі выключэннямі з'яўляюцца хіба што 1974 і 1975 гады. Тады прадукты падаражэлі на фоне нафтавага крызісу 1973 года, калі арабскія краіны ўвялі эмбарга на пастаўкі нафты заходнім краінам, што падтрымалі Ізраіль у вайне Суднага дня.

Вераснёўскі рост цэн на прадукты харчавання абумоўлены пераважна збожжам і алеямі, пры гэтым цэны на малочныя прадукты і цукар таксама выраслі, а вось цэны на мяса засталіся стабільнымі.

Павялічыць

Фота Надзеі Бужан.

Адна з прычын росту цэн на збожжа — аднаўленне Кітая пасля афрыканскай чумы свіней

Індэкс цэн на збожжавыя складае 132,5 пункта, гэта самы высокі паказчык з 2011 года. У верасні ён павялічыўся на 2% у параўнанні са жніўнем. 

Цэны на кукурузу падняліся за год на 38%. За апошні месяц яны амаль прыпынілі свой рост: добры ўраджай у ЗША і Украіне дадаў упэўненасці рынку.

Сусветныя цэны на пшаніцу выраслі амаль на 4% за месяц і на 41% за год.

На рост цэн паўплывалі абмежаванні на экспарт пшаніцы галоўнымі экспарцёрамі, а таксама высокі попыт. Паводле FAO, вытворчасць збожжавых будзе адставаць ад попыту.

Сусветная вытворчасць збожжавых у 2021 годзе, як чакаецца, дасягне рэкорднага ўзроўню 2,8 мільярда тон, але гэта менш, чым патрабуе рынак.

Адна з прычын такога попыту на збожжа — аднаўленне Кітая пасля афрыканскай чумы свіней. У 2018 годзе эпідэмія знішчыла палову 440-мільённага статка, які меўся ў краіне. Цяпер жа Кітай аднаўляе сваё пагалоўе шалёнымі тэмпамі, імпартуючы велізарную колькасць збожжа на камбікорм свіням.

Цукар і алеі падаражалі з-за росту цэн на этанол і нафту

Індэкс раслінных алеяў вырас да 168,6 пункта, што з'яўляецца самым высокім паказчыкам з 2003 года. Індэкс цэн на раслінны алей вырас на 1,7% за месяц, і прыкладна на 60% за год.

Міжнародныя цэны на пальмавы алей растуць трэці месяц запар, дасягнуўшы 10-гадовага максімуму. Устойлівы попыт супаў са слабай вытворчасцю ў Малайзіі з-за недахопу працоўнай сілы.

Цэны на пальмавы алей яшчэ больш выраслі ў пачатку кастрычніка з-за рэкордных за апошнія гады цэн на сырую нафту. Раслінны алей выкарыстоўваецца ў біядызельным паліве, таму яго кошт звязаны з коштам нафты.

Сусветныя цэны на рапсавы алей таксама прыкметна выраслі, у той час як каціроўкі соевага і сланечнікавага алею знізіліся.

Павялічыць

Цукровы індэкс стаў самым высокім з 2012 года з-за працяглых засух і маразоў у Бразіліі — найбуйнейшым экспарцёры цукру. Індэкс цэн на цукар вырас на 0,5% за месяц і на 53,5% за год.

Рост цэн на цукар выкліканы яшчэ і высокімі цэнамі на этанол у Бразіліі: з цукровага трыснягу робяць не толькі цукар, але і біяпаліва. Вытворцам цяпер выгадна адпраўляць трыснёг на перапрацоўку ў этанол, а не на цукровыя заводы.

Кошты на сухое малако выраслі таксама з-за попыту Кітая

Індэкс цэн на малочныя прадукты вырас на 1,5% у параўнанні са жніўнем. Асабліва моцна выраслі цэны на сметанковае масла.

Цэны на сухое малако ў Новай Зеландыі дасягалі 4364 даляраў за тону, гэта самы высокі ўзровень з 2014 года.

Павялічыць

Фота Надзеі Бужан.

Адна з прычын такой сітуацыі — высокі попыт Кітая. Кітай што ёсць моцы спрабуе павялічыць ўнутраную вытворчасць малака, але гэта цяжка зрабіць на фоне высокіх цэн на соевыя бабы і кукурузу, якімі кормяць жывёл.

Індэкс цэн на мяса ў верасні практычна не змяніўся ў параўнанні з папярэднім месяцам і вырас на 26,3% за год. Цэны на бараніну і ялавічыну выраслі, у той час як цэны на мяса птушкі і свініну знізіліся.

Павялічыць

Фота Надзеі Бужан.

Важна, што сельскагаспадарчыя расліны выкарыстоўваюцца не толькі для ежы. Высокія цэны на прадукты — глабальная праблема, якая ўплывае не толькі на ваш рацыён у талерцы.

Напрыклад, у ЗША толькі каля чвэрці ўраджаю кукурузы ператвараецца ў ежу для людзей. Каля 40% ператвараецца ў этанол для змешвання з бензінам, а яшчэ траціна выкарыстоўваецца для корму жывёл. 

Аналагічна ў якасці паліва могуць выкарыстоўвацца цукровы трыснёг, раслінныя алеі і іншыя культуры.

Як цэны на газ звязаныя з цэнамі на ежу?

Цяпер імкліва растуць цэны не толькі на прадукты харчавання. Свет сутыкнуўся таксама з недахопам камп’ютарных чыпаў, энергетычным крызісам у Кітаі і рэкорднымі цэнамі на газ у Еўропе. І вось гэты энергетычны крызіс уплывае не толькі на рахункі за ацяпленне. Рост коштаў на газ і электраэнергію азначае і падаражанне ежы.

Завоблачныя цэны на прыродны газ павялічваюць цану на ўгнаенні, і гэта павелічэнне ляжа на плечы спажыўцоў.

Прыродны газ з'яўляецца ключавой сыравінай для вытворчасці некаторых найбольш распаўсюджаных штучных угнаенняў, такіх як карбамід і нітрат амонію. Фермеры выкарыстоўваюць іх для павелічэння ўраджайнасці.

Павялічыць

Фота Надзеі Бужан.

Цэны на ўгнаенні выраслі амаль удвая за год. Цяпер з-за рэзкага росту кошту газа траціна еўрапейскіх заводаў па вытворчасці ўгнаенняў і аміяку альбо зачынілася, альбо часова скараціла вытворчасць.

Сапраўдны рост цэн на прадукты, магчыма, яшчэ нават не пачаўся, паколькі фермеры ў асноўным выкарыстоўваюць угнаенні вясной, а не ўвосень.

Але ў росце цэн на ўгнаенні вінаваты не толькі дарагі газ. З-за штармоў у канцы лета на ўзбярэжжы Мексіканскага заліва ЗША закрыліся некаторыя заводы, у тым ліку найбуйнейшы ў свеце азотны комплекс кампаніі CF Industries Holdings Inc.

Даражэйшая дастаўка

Даражэюць прадукты і праз павелічэнне транспартных выдаткаў. За апошні год тарыфы на марскія перавозкі павялічыліся ў разы.

Павелічэнне транспартных выдаткаў уплывае на тое, колькі мы плацім за ежу ў крамах і рэстаранах.

І тут вінаваты кавід

Недахоп працоўнай сілы ў выніку пандэміі прывёў да скарачэння колькасці работнікаў, занятых вырошчваннем, зборам ураджаю, перапрацоўкай і размеркаваннем прадуктаў харчавання. Гэта таксама цісне на цэны. 

Кавідныя лакдаўны прывялі да хаосу ў ланцужках паставак, павышаючы цэны. Кантэйнераў для паставак не стае, і многія самалёты і караблі застаюцца ў аэрапортах і партах, што запавольвае перавозку свежых прадуктаў. 

Сітуацыя адметная тым, што нейкага істотнага дэфіцыту прадуктаў не існуе. Галоўная праблема ў тым, што многія з гэтых прадуктаў знаходзяцца не на сваім месцы, у партах.

Разваленыя ланцужкі паставак павялічылі кошт перамяшчэння збожжа паміж асноўнымі рынкамі больш чым удвая ў параўнанні з дакавіднымі часамі. Некаторыя буйныя эканомікі пачынаюць ажываць па меры барацьбы з кавідам, але ў перавозках дагэтуль пануе хаос.

Павялічыць

Фота Надзеі Бужан.

Па меры таго, як пачала аднаўляцца постлакдаўная эканоміка, пачалі ажываць і транспартныя перавозкі. Кіроўцы вярнуліся на дарогі ЗША і Еўропы, што рэзка павялічыла попыт на біяпаліва. Гэтаму росту асабліва спрыялі нізкія запасы пальмавага алею, з якога робяць біяпаліва.

І клімат

Надвор'е, падобна, было сёлета найбольшым чыннікам павышэння цэн.

Гарачае і сухое надвор'е ў Паўночнай Амерыцы, маразы і моцная засуха ў Бразіліі (асноўным пастаўшчыку цукру, кавы і кармоў для жывёл ва ўсім свеце), засуха ў Кітаі — усё гэта паўплывала на цэны.

Чалавецтва ўсё яшчэ вельмі моцна залежыць ад надвор’я і не заўсёды можа спраўляцца з непрадказальнай і неспрыяльнай непагаддзю.

Засухі ў Лацінскай Амерыцы былі асабліва моцныя. Бразілія перажывала самую моцную засуху за 91 год. Страты нясе не толькі сельская гаспадарка, але і гідраэнергетыка. Вытворчасць гідраэлектраэнергіі скарацілася на 35% у краіне, дзе 70% электраэнергіі генеруецца на ГЭС. Цэны на ялавічыну ў Бразіліі выраслі на 43%.

У Аргенціне — найбуйнейшым вытворцы соевых бабоў — ураджай знізіўся на 10%. Кармоў для жывёлы ў дэфіцыце, што спрыяе росту цэн на ялавічыну. 

У Парагваі рака Парана знаходзіцца на 3 метры ніжэй свайго нармальнага ўзроўню. Гэта велізарная праблема для краіны, таму што рака з'яўляецца асноўным транспартным каналам у краіне, якая не мае выхаду да мора: 85% знешняга гандлю ажыццяўляецца па рацэ.

У Мексіцы 70% тэрыторыі краіны пакутуе ад засухі, і Мехіка пагражае недахоп водазабеспячэння.

У Злучаных Штатах Паўночная і Паўднёвая Дакота перажылі рэкордна высокія тэмпературы і засуху.

Вытворчасць пшаніцы сёлета ўпала на 40 працэнтаў у паўночных раўнінах і на паўночным захадзе. Ураджай цвёрдай пшаніцы (якая звычайна выкарыстоўваецца ў макаронных вырабах) у Злучаных Штатах скараціўся амаль у 2 разы.

Ад рэкордных халадоў у Тэхасе пацярпелі як харчовыя культуры, так і быдла. Непагадзь знішчыла прадуктаў на 600 мільёнаў даляраў, у тым ліку зеляніну, цыбулю і цытрусавыя (лімоны, лаймы і грэйпфруты).

Цярпяць у першую чаргу бедныя

Для еўрапейцаў і амерыканцаў павышэнне цэн на прадукты азначае тое, што іхняя ўлюбёная паста ці стронга будуць каштаваць больш у магазіне ці рэстаране. А вось для жыхароў слабаразвітых краін наступствы будуць сур’ёзнейшыя.

Ад цяперашняй сітуацыі пацярпяць у першую чаргу бедныя краіны, грамадзяне якіх аддаюць на ежу значную частку свайго даходу. Бедныя краіны мацней пацярпелі ад пандэміі кавіду, якая ўскладніла мабільнасць насельніцтва і пагоршыла сітуацыю на рынку працы. Людзі сталі бяднейшымі, а цяпер яшчэ і прадукты сталі даражэйшымі.

Павялічыць

Фота Flickr.

Кошык з дзесяці асноўных прадуктаў харчавання абыходзіцца сярэднестатыстычнаму аўстралійцу прыкладна ў адну гадзіну працы. А вось у Сірыі цана такога кошыку эквівалентна трохдзённай працы. У Паўднёвым Судане для аплаты гэтага кошыка сярэднестатыстычнаму работніку патрабуецца восем дзён працы.

Праблема не толькі ў тым, што ежа стане яшчэ больш недаступнай жыхарам бедных краін. Падаражанне будзе мець каласальныя палітычныя і сацыяльныя наступствы. Нагадаем, што менавіта рост цэн на хлеб стаў адной з галоўных прычын Арабскай вясны ў 2011 годзе.

Існуе рызыка беспарадкаў, паўстанняў, рэвалюцый і войнаў. Прынамсі 155 мільёнаў чалавек сутыкнуліся з вострым голадам летась — на 20 мільёнаў больш, чым у 2019 годзе.

Людзі не проста бунтуюць з-за ежы, яны паўстаюць супраць несправядлівасці, якая абмяжоўвае іх права на даступнае харчаванне. Злыя, галодныя грамадзяне, як правіла, не сядзяць спакойна, так было і ў Старажытным Рыме, і ў Петраградзе ў 1917 годзе, і на нядаўніх пратэстах на Кубе.

Высокія цэны на прадукты харчавання гэта не толькі эканамічная, але і сацыяльная праблема. Самая складаная сітуацыя будзе ў Афрыцы і Блізкім Усходзе. Гэтыя рэгіёны могуць сутыкнуцца з найбольшымі цяжкасцямі з-за высокай долі імпартаванага харчавання. Пад пагрозай сітуацыя ў Егіпце, Пакістане і Нігерыі — вялікіх краінах, якія імпартуюць значную частку прадуктаў харчавання.

Цярпяць людзі не толькі ад вострага недаядання, але і ад пагаршэння рацыёну, калі свежыя гародніна і садавіна замяняюцца на танную ежу з крухмалам, з-за чаго пагаршаецца кагнітыўнае развіццё.

У некаторых краінах цэны на прадукты харчавання выраслі ў разы. Напрыклад, у Ліване інфляцыя дасягнула 400 працэнтаў. У Сірыі сёлета цэны на прадукты харчавання падвоіліся, а алей у Сірыі падаражэў у чатыры разы.

Сітуацыя асабліва дрэнная ў Афрыцы, дзе многія краіны ахоплены войнамі і канфліктамі, а таксама сутыкнуліся з паводкамі, засухамі і нашэсцямі саранчы.

У адрозненне ад 2011 года, калі рэзкі рост цэн на прадукты харчавання быў галоўным фактарам сацыяльнай незадаволенасці, цяпер да гэтага чынніку дадалася і пандэмія.

Багатыя краіны павінны рыхтавацца да праблем у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Азіі, бо праблемы ў бедных краінах негатыўна паўплываюць і на краіны першага свету. Напрыклад, на фоне голаду можа ўзнікнуць новы міграцыйны крызіс, і тады Еўропа і ЗША не змогуць абстрагавацца ад праблемы.

Прывыкайце

Пасля пандэміі цэны на прадукты непазбежна вырастуць і людзям прыйдзецца прывыкнуць больш траціць на ежу, сказаў кіраўнік аднаго з найбуйнейшых вытворцаў прадуктаў харчавання ў свеце, вядомага сваім кетчупам Heinz.

Па словах кіраўніка Kraft Heinz Мігеля Патрысіу, яго кампанія была вымушана падняць цэны ў некалькіх краінах з-за росту інфляцыі практычна ва ўсім свеце.

Павялічыць

Фота Надзеі Бужан.

Kraft Heinz павысіла цэны больш чым на палову сваёй прадукцыі на ўнутраным рынку ў ЗША, і Патрысіу прызнаў, што цэны растуць і ў іншых краінах.

Патрысіу лічыць, што спажыўцам прыйдзецца прывыкнуць да больш высокіх цэн на прадукты харчавання, улічваючы, што насельніцтва свету расце, а колькасць зямель, на якіх можна вырошчваць прадукты харчавання, — не.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30