Знайсці
14.10.2021 / 08:37РусŁacБел

«Матулька, самая любая, вярніся, я сумую». Паглядзіце, якія кранальныя лісты дзеці дасылаюць палітзняволеным маці (і наадварот)

14 кастрычніка адным жанчынам у Беларусі уручаюць ордэны Маці, а іншым — не факт, што перададуць перадачу з цёплымі рэчамі і сродкамі гігіены. У афіцыйны Дзень маці згадваем частку жанчын-палітвязняў, якіх разлучылі з іх маленькімі дзецьмі. Цяпер выхоўваць іх і перадаваць словы любові яны могуць толькі праз лісты і малюнкі.

«Лісты ад мамы захоўваюць пад падушкай як скарб»

На маці двух непаўналетніх дзяцей, ютуб-блогерку і дызайнерку Вольгу Такарчук завялі справу па трох крымінальных артыкулах: 391-м (абраза суддзі або народнага засядацеля), 188-м (паклёп) і 342-м (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). У турме жанчына з траўня, і пакуль ёй проста працягваюць тэрмін утрымання пад вартай.

«Дзеткі цяпер з татам. На ім і свацці ляжаць штодзённыя клопаты. А вось у школу і садок ужо збіралі мы з жонкай», — расказвае Андрэй Такарчук, тата Волі.

Вольга Такарчук з сям'ёй.

Для сына і дачкі Вольга пакуль у камандзіроўцы, а там — каранцін, таму сувязі з ёй няма. Дзеці вельмі сумуюць без маці, рыхтуюць ёй малюнкі і паштоўкі з прызнаннямі ў любові. Усе лісты ад мамы захоўваюць пад падушкай, як галоўныя скарбы.

Адзін з малюнкаў Вольгі для Ганны і Мацвея.

Сама Вольга вельмі цяжка перажывае расстанне, пра што нястомна паўтарае маці Ірыне ў лістах.

«Яна перажывае, што дзеці растуць без яе, што падраслі нават за лета, а яна іх не ўбачыла, што не правяла і не сабрала ў школу… Яна піша, што памятае кожны іх пальчык на ручках, — расказваюць родныя. 

— Таксама піша, што стамілася выдумляць пра сваю хваробу і, самае горкае, хлусіць, што хутка вернецца. З чатырохгадовай Ганулькай мы адправілі Волі паштоўку-віншаванне з днём Маці.

Дзяўчынка як магла малявала, а я з яе словаў запісала: «Матулька, самая любая, вярніся, я сумую. Мы туды ўклалі таксама жоўты кляновы ліст: наша мама так даўно ў турме…».

Малюнак Вольгі Такарчук.

«Не плач, мы будзем змагацца за маці і тату!»

Дзеці Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча ўжо больш за год не бачылі сваіх бацькоў. Тых асудзілі па так званай справе тэлеграм-канала «Армія з народам». Абодва атрымалі па 5,5 год пазбаўлення волі ў калоніі (Антаніна — агульнага рэжыму, Сяргей — узмоцненага).

Маці Антаніны Ганна разам з унукамі была вымушаная пакінуць Беларусь, асцерагаючыся, што малых могуць забраць. Спачатку яны жылі ва Украіне, цяпер — у Польшчы.

У гэтым годзе старэйшы Ваня пайшоў у першы клас варшаўскай спартовай школы. Яго сястра ходзіць у мясцовы садок. Працэс адаптацыі даецца няпроста: школа — польскамоўная, з гадзінамі англійскай, і ўрокі робяцца выклікам не толькі для Вані, але і бабулі. Але Ганна ўпэўненая, што гэта часовыя складанасці, якім яны дадуць рады.

Дачка і сын Антаніны.

«Дачка расстроеная, што яна столькі ўсяго прапусціла ў жыцці малых. Што яна Ваню не змагла правесці ў першы клас. Я разумею, якая ў яе нуда па дзецях, як ёй хочацца ведаць пра іх кожны пражыты дзень, таму стараюся ёй усё ў лістах максімальна распісваць.

У дзяцей у жніўні быў дзень народзінаў — напісала, як мы іх адзначалі, як з’ездзілі ў госці ў Гданьск, пра наш першы дзень у школе ўсё падрабязна распавяла. На ліставанне ў мяне вельмі шмат часу па гэтай прычыне сыходзіць», — расказвае Ганна.

У апошніх лістах Антаніна паведаміла бацькам, што ў няволі ў яе моцна сеў зрок. Пры гэтым у калоніі прыходзіцца працаваць на швейнай вытворчасці. Цяпер бацька дабіваецца, каб дачка трапіла да акулістаў.

Ліст ад Антаніны на дзень народзінаў сыну.

Самі дзеці перадаюць прывітанні маці і бацьку ў малюнках. Галоўны мэсэдж пад імі: мы вас вельмі моцна любім і чакаем.

«Ваня неяк спытаў мяне: «Бабуля, а пяць год — гэта шмат?» Я адказала, што шмат. А ён перапытвае: «А колькі гэта дзён?» Насамрэч, я сама не ведаю, калі іх тэрмін скончыцца дакладна. Мне цяжка пра гэта думаць, таму я нават не пераходжу да падліку. Проста спадзяюся, што яны выйдуць хутка».

Ганна расказвае, што дзецям часта сняцца страшныя сны, і тады яны ноччу прыходзяць туліцца да яе, але агулам трымаюцца малайцом і на нядзельныя акцыі дыяспары ходзяць разам з бабуляй, як на працу.

«Дзеці самі хочуць на акцыі, бо там іншыя дзеці з Беларусі, па-першае. А па-другое — для іх гэта змаганне за тату і маму.

Не так даўно Насця нешта перад сном шморгала, і Ваня спытаў, чаму яна плача. Тая адказала: «Плачу за маці і тату». А ён кажа: «Не плач, мы ж за іх будзем змагацца!»

І вось для іх выхады з плакатам, на якім напісана «Войска прусака забрала маці і тату» — гэта змаганне.

Прычым гэта не мой выраз, а менавіта Настассі. Пасля таго, як у доме прайшроў ператрус і яны пабачылі ўзброеных сілавікоў, то называюць іх менавіта так. Я лічу, што ўвесь свет павінен ведаць, што ёсць такія дзеці, у якіх маці і тата сядзяць у турме ні за што», — лічыць суразмоўца.

Для самой Ганны выхад на акцыі — гэта ў тым ліку спроба згасіць пачуццё віны:

«Тое, што цяпер адбываецца — віна нашага пакалення 40+, мы ўсё гэта дапусцілі. У тым ліку тое, што маладыя, разумныя людзі, якія маглі прынесці нешта краіне, удыхнуць у яе новае жыццё, сядзяць за кратамі. На месцы маёй дачкі павінна была быць я…».

Ганна з унукамі жыве ў Варшаве адна. Яе муж застаўся на радзіме, і амаль увесь яго заробак сыходзіць на адвакатаў і перадачы для дачкі і зяця. Калі вы хочаце неяк дапамагчы жанчыне, напішыце ёй у фэйсбук.

«Славамір разумее, што маці вельмі цяжка, таму стараецца вучыцца лепш»

Берасцейку Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі да двух год калоніі агульнага рэжыму. На ёй тры крымінальныя справы па артыкулах 364 КК (гвалт або яго пагроза ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 368 (абраза прэзідэнта) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Муж Паліны Андрэй таксама стаў фігурантам некалькіх крымінальных спраў і, не чакаючы суда, пакінуў Беларусь.

На радзіме разам з бабулямі ў пары засталіся двое маленькіх сыноў.

Паліна і Андрэй з сынамі.

«Я планую перавозіць іх у Варшаву, калі сам там уладкуюся і ў малодшага сына дома скончацца маўленчыя курсы.

Кожны дзень мы размаўляем з дзецьмі па некалькі гадзін праз тэлеграм, так што пакуль адлегласці не адчуваецца. Але я ўяўляю, якую адказнасць мы ўзвалілі на нашых бабуль — Ніну Васільеўну і Веру Фёдараўну. Яны, так атрымалася, ужо некалькі месяцаў замяняюць маім дзецям і маці, і бацьку. Гэта сапраўды мужныя жанчыны, хочацца выказаць ім словы ўдзячнасці за іх падтрымку», — кажа Андрэй.

12-гадовы Славамір вельмі цяжка перажываў, калі маці не стала побач. Але цяпер, па словах Андрэя, ён нават стаў лепш, у параўнанні з мінулым годам, вучыцца, пачаў больш адказна ставіцца да хатніх абавязкаў.

Ліст да маці.

«Ëн чытае навіны, у тым ліку пра тое, як Паліну змяшчаюць у карцар, разумее, што там вільготна, халадно, што маці цяжка, усім нам цяжка. Таму сын дапамагае нам хаця б такім чынам. Стах таксама ўсвядоміў ужо, што маці ў турме і яны няхутка пабачацца.

Ëн спрабуе маляваць ёй сонейкі, сэрцайкі. Піша: «Мама, я цябе люблю». Любоў дзяцей да мам не губляецца з часам, наадварот умацоўваецца. Тое самае і з маімі пачуццямі да Паліны, і з яе — да мяне. Яны толькі мацнеюць з часам, як віно. Сцены турмы гэтаму, вядома, не перашкода».

Вытрымка з аднаго з лістоў ад Паліны. Прама цяпер, як стала вядома мужу, Паліна чацвёрты раз за два месяцы знаходжання ў гомельскай калоніі накіравана ў ШІЗА. На днях сабраная сваякамі 50-кілаграмовая рэжымная пасылка з рэчамі першай неабходнасці — абуткам, цёплым адзеннем на зіму, гігіенічнымі сродкамі — вярнулася назад без тлумачэння прычын. Андрэй знаходзіць гэта трывожным званочкам і патэнцыйным новым ціскам на актывістку. Цяпер яны спрабуюць разабрацца ў акалічнасцях праз адваката.

Андрэй адзначае: тое, што дзяцей пазбаўляюць бацькоў, а бацькоў — дзяцей — гэта трагедыя, і сёння яна мае ў Беларусі катастрафічны маштаб: сотні сем’яў жывуць у расстанні.

«Усё, гэта, вядома, не пройдзе бясследна. Але я ўпэўнены, што мы гэта перажывем, хутка ўсе будуць на волі», — рэзюмуе Андрэй.

«Ягор чакае, калі мама вернецца з працы»

Экс-супрацоўніцу Лідскага райвыканкама Таццяну Звярко адправілі на 1,5 гады ў калонію за два каменты: у адным яна рэзка выказалася пра Лукашэнку, у другім — пра знаёмага міліцыянта.

На рашэнне суддзі не паўплывала тое, што Таццяна была ў дэкрэце і яшчэ карміла маленькага сына Ягора грудзямі. Не паўплываў гэты факт і на вышэйшую інстанцыю падчас апеляцыі: 5-га кастрычніка прысуд пакінулі ў сіле.

Таццяна з дачкой.

«Тое, што маці знікла, першы час для брата было стрэсам, але паціху мы яго прывучылі есці звычайную ежу. Цяпер Ягор у Лідзе з бацькам (у Таццяны гэта другі шлюб — Заўв.рэд.). І відавочна, што яму не хапае жаночай увагі і цеплыні: калі я прыязджаю да брата, ён вельмі моцна да мяне прытуляецца», — расказвае старэйшая дачка Таццяны Ганна.

Таццяна дасылае Ягору асобныя лісты з малюнкамі. У сям’і легенда: маці працуе. І хлопчык проста чакае, калі яна вернецца з працы.

Жырафа для сына.

Шостага кастрычніка напярэдадні этапа ў калонію Ганна разам з бабуляй змагла пабачыць маці на спатканні.

«Адчувала яна сябе добра, у яе больш-менш баявы настрой, але за маленькага сына яна перажывае моцна. На жаль, муж не піша ёй і на спатканне не прыйшоў… Мабыць, у яго не было часу».

«Хай сынок павітаецца з маці». Малюнак Таццяны Звярко

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930