Знайсці
12.10.2021 / 17:29

Дэмбель распавёў, як служыцца ў беларускай ІТ-роце: ніякай дзядухі і 21 даляр заробку 

У Беларусі вось ужо больш за тры гады ў праграмістаў, якіх прызналі прыдатнымі для службы ў арміі, ёсць шанец паслужыць радзіме, седзячы за клавіятурай і маніторам. У Вайсковай акадэміі Мінабароны Беларусі служыць так званая «ІТ-рота», у якую рэгулярна набіраюць прызыўнікоў на конкурснай аснове. Ахвотных прамяняць суровыя вайсковыя будні на напісанне кода — вельмі шмат. Сваім досведам дзеліцца адзін з прызыўнікоў.

Павялічыць

«Калі роту толькі анансавалі, то казалі пра карысць для прызыўнікоў і ваеннага ведамства. Прызыўнікі за год службы не моцна адрываліся ад ведаў і кода або нават вырасталі, а ваеннае ведамства магло зэканоміць бюджэтныя грошы на распрацоўку патрэбных дадаткаў і рашэнняў. Менавіта таму адмыслова для распрацоўшчыкаў была створана асобная рота, у якой замест традыцыйнага вайсковага побыту і навучання арганізавана распрацоўка праграмнага забеспячэння (ПЗ).

Прызываўся я восенню 2019 года, а вярнуўся — у лістападзе 2020-га. Прайшло крыху менш за год, як я на грамадзянцы. Пра ІТ-роту я даведаўся з навін на інфармацыйных сайтах. Тады пра роту шмат пісалі, казалі, што гэта элітнае падраздзяленне, у якое вельмі складана патрапіць. Але я адважыўся, і калі мяне выклікалі на медыцынскую камісію ў ваенкамат, папрасіўся менавіта туды.

Ваенкам паабяцаў адправіць патрэбныя дакументы, каб мяне выклікалі на сумоўе. Прайшло некалькі дзён, і мне патэлефанавалі з Вайсковай акадэміі Беларусі, дзе адбываўся набор у ІТ-роту. Запрасілі на сумоўе, якое праводзілася па кожнай спецыяльнасці асобна: Java,.net, Frontend development, Python, DevOps.

Адборам і сумоўем займаюцца салдаты і афіцэры з ІТ-роты. Кандыдаты запаўняюць анкету, дзе паказваюць свой прафесійны профіль, досвед камерцыйнай распрацоўкі. А затым усіх суіскальнікаў інтэрв'юіруюць прадстаўнікі ІТ-роты згодна з профілямі.

Па выніках гутаркі выносіцца рашэнне — адмовіць, залічыць у рэзерв або адразу выклікаць у ІТ-роту. Мне абвясцілі, што, хутчэй за ўсё, варта чакаць прызыву, мяне прымаюць. Але былі людзі, якім адразу сказалі «не». Гэта былі ў асноўным маладыя распрацоўшчыкі, без досведу працы на камерцыйных праектах. Ну і многае залежала ад сумоўя, адмовілі суіскальнікам, якія дрэнна адказвалі на пытанні.

Каб вы разумелі ўзровень сумоўя, то мяне апытвалі спецыялісты з двума-трыма гадамі досведу камерцыйнай распрацоўкі. Яны прыйшлі з такім досведам з грамадзянкі, то-бок гэта былі салдаты тэрміновай службы ІТ-роты, якія падбіралі сабе змену.

За некалькі дзён да ўрачыстага ўручэння апошняй позвы на адпраўку ў войска мне патэлефанавалі з ІТ-роты і сказалі, каб я збіраў рэчы. А далей былі зборы, як у любога іншага прызыўніка: прылады для галення, зубная шчотка, паста, тканіна на падшыўку каўняра і іншыя неабходныя рэчы.

Першы дзень у ІТ-роце ў мяне быў праз месяц, пасля таго як я трапіў у часць. Спачатку мы былі на каранціне, з усім прызывам. Усяго ў роту набралі 40 чалавек (восенню ў ІТ-роту набіраюць 40 чалавек, вясной — 20). У прыёмніку на каранціне было больш за 100 чалавек, з іх толькі 40 айцішнікаў. А ў ІТ-роту нас размеркавалі толькі пасля прысягі.

Першы дзень быў арганізацыйны, мы прыехалі ў размяшчэнне роты, «рассяліліся» па ложках, расклалі рэчы і пачалі запаўняць дакументы. Пасля мы ўжо пайшлі ў клас, дзе былі ўсталяваныя камп'ютары для працы, а нас размеркавалі па праектах, пад якія бралі.

Мне не казалі на сумоўі, чым канкрэтна я буду займацца. Хоць такія людзі былі, ім прапаноўвалі загадзя падрыхтавацца да працы, падвучыць пэўныя тэхналогіі.

Мне ж сказалі, што праект будзе ўжо вызначацца на месцы. У першы дзень нас пазнаёмілі з афіцэрамі, якія выконвалі ролю бізнэс-аналітыкаў. Яны прымалі ў сябе заказчыкаў і разглядалі тэхнічныя заданні, якія яны распрацавалі. І калі па заданні былі пытанні, то нашы «бізнэс-аналітыкі» задавалі іх заказчыкам, прасілі ўдакладніць пэўныя моманты. Афіцэры працавалі фільтрам паміж намі і заказчыкамі. Менавіта яны прымалі рашэнне аб пачатку распрацоўкі праекта і ўлічвалі розныя тэхнічныя дэталі, ставілі дэдлайны і ўдакладнялі ТЗ.

У Вайсковай акадэміі (дзе кватаруецца ІТ-рота) дзядухі не было. А ў нас у роце дзядухай займацца пабойваліся. Бо, калі распрацоўшчык вернецца на грамадзянку, ён можа расказаць HR аб тым, хто з яго здзекаваўся. А HR ужо па сваёй сетцы знаёмых можа перадаць гэтую інфармацыю далей па іншых камерцыйных кампаніях. І ўсё, для чалавека нармальнае працаўладкаванне ў Беларусі стане праблематычным. Перспектыву трапіць у «чорны» спіс на грамадзянцы ўсе разумелі.

Іншыя падраздзяленні на нас не ўплывалі. У нас была свая рота, сваё падраздзяленне і асобны паверх у казарме. Нарад быў са сваіх людзей, афіцэры свае і толькі свае. З іншых падраздзяленняў да нас прыходзілі людзі хіба што папрасіць гітару. Абстаноўка была досыць спакойнай. У нас былі настольныя гульні. Месяцаў 7-8 гулялі кожны дзень у мафію. Прыставак і камп'ютараў у нас не было, усё гэта забаронена правіламі.

Да 8.00 у нас быў стандартны «ваенны» расклад дня: зарадка, ранішні туалет, сняданак, агляд. Потым ва ўсіх былі заняткі па ваеннай падрыхтоўцы, а мы ішлі ў клас і вывучалі тэму №6 «Распрацоўка праграмнага забеспячэння». Гэта была пастаянна адна і тая ж тэма навучання, бо фактычна мы займаліся толькі распрацоўкай праграмнага забеспячэння. У кіроўцаў, напрыклад, была іншая тэма — праца ў гаражах і ангарах.

Час ад часу ў нас былі заняткі па ідэалогіі і выхаванні, баявая падрыхтоўка з кіданнем імітацыйных гранат. Але сапраўдныя гранаты мы не кідалі. Нас абяцалі адвезці на абкатку танкам у канцы лета, але з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне і свеце гэтае мерапрыемства адклалі, і я пайшоў на дэмбель.

Працавалі мы ў класе, які быў абстаўлены як традыцыйны для ІТ-кампаній open-space. Ніякіх асобных пакояў для рэлаксу, вядома, не было. Акрамя «чайнай», дзе можна было выпіць чай ці каву і падсілкавацца сваімі загадзя прыгатаванымі ласункамі. Калі ты стаміўся, то раз на гадзіну можна зладзіць сабе перапынак на 10 хвілін.

Зарплата ў салдата ў ІТ-роце была 33 беларускія рублі (12 даляраў) у месяц. Я быў камандзірам аддзялення і атрымліваў дадатковы бонус. У суме выходзіла 46 рублёў (21 даляр).

Грошы, вядома, невялікія, яны не матывуюць на прадуктыўную працу. Так, я мог забіць на свае абавязкі, але ў нас быў пернік. Любы салдат хоча выхадны, звальненне і адпачынак. Людзі стараліся працаваць, прычым былі выпадкі стаханаўскай працы, калі замест адведзенага на распрацоўку каляндарнага года хлопцы ўкладваліся ў 6 месяцаў. За гэта яны атрымалі трохсутачныя звальненні і плюс некалькі дзён да адпачынку. Прычым звальненні можна было атрымаць з правам выезду за гарнізон, няважна, дзе твой дом у краіне знаходзіцца — можна ехаць.

Нягоды ад службы ў арміі я не асабліва адчуваў. У мяне не было свабоды дзеянняў, я не выбіраў, што чытаць і з кім мець зносіны. У казарме жыло 60 чалавек, але была ратацыя, таму я за год камунікаваў больш чым з сотняй чалавек.

Калі параўноўваць службу ў роце і працу ў ІТ-кампаніі, то нагрузка практычна аднолькавая.

Месцамі было дзесьці прасцей, дзесьці складаней. Я лічыў, што ў сярэднім мы працавалі па 8 гадзін на дзень. У нас быў шасцідзённы працоўны тыдзень — з панядзелка па суботу. Але яшчэ былі іншыя заняткі, не толькі распрацоўка. Напрыклад, выхаваўчая і ідэалагічная работа.

Часам даводзілася працаваць больш, былі запаркі па дэдлайне. З-за гэтага хтосьці з ІТ-салдат адразу пасля пад'ёму сыходзіў снедаць і пачынаў працаваць а 6-7-й раніцы над сваімі праектамі. Працавалі па 9-10 гадзін практычна бесперапынна. Але нам не пагражалі, не прымушалі нешта рабіць пад пагрозай пакарання. Усё трымалася на нейкім даверы. Лічылася, што калі я нешта добра раблю, добра працую, то і да мяне будзе добрае стаўленне. Калі я быў бы дрэнным спецыялістам, то ніякіх патуранняў ад кіраўніцтва я не мог бы атрымаць.

Прычым акрамя выхадных і адпачынку нас асабліва нічым не матывавалі. Нават складана сказаць, чаму мы стараліся добра працаваць. Мы не былі запалоханыя і маглі паспрачацца з высокімі начальнікамі з нагоды навін, якія адбываліся ў Беларусі і ва ўсім свеце. І ў спрэчцы адчувалі сябе цалкам камфортна.

Спачатку я быў на адным праекце, які не моцна развіваўся. Таму праз паўгода мяне перасадзілі на іншы Java web-праект, на якім я паспяхова вырашаў задачы. Фіксіў багі, мяняў кнопкі. Але былі і цікавыя задачы. Напрыклад, мы па сваёй салдацкай ініцыятыве распрацавалі JS-інструмент для ўліку асабовага складу, адсочвання заахвочванняў і спагнанняў у ІТ-роце.

На жаль, пра самі праекты я не магу распавядаць. Але ў ІТ-роце служылі розныя спецыялісты ўсіх узроўняў, усіх спецыялізацый, распрацоўшчыкі фронтэнду і бэкэнду, дэвопсы, 3D-мастакі, бізнэс-аналітыкі. У роту хацелі дадаць яшчэ тэсціроўшчыкаў. Атрымліваецца, што рота — гэта паўнавартасная ІТ-кампанія, якая абслугоўвае Міністэрства абароны і сумежныя ведамствы.

Цяпер я пытаюся ў сябе, які профіт я атрымаў ад службы? Па-першае, навучыўся камунікаваць з людзьмі, павысіў свой навык зносін. Навучыўся адстойваць сваё меркаванне, былі сітуацыі, калі трэба было стаяць гарой за свае рашэнні. Ёсць шмат пераваг у службе, якія не выказаць словамі. Ну і самае галоўнае — я змог атрымаць досвед распрацоўкі.

Калі б я проста служыў у арміі, то, хутчэй за ўсё, адстаў бы ад калег і зараз прыйшлося б наганяць час. А так я досыць хутка вярнуўся ў працоўныя працэсы і цяпер заняты на вялікім камерцыйным праекце. Досвед «ваеннага праграмавання» мне спатрэбіўся.

habr.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31