Знайсці
13.10.2021 / 08:39

Дармаед я ці не? Разбіраемся, каго прымусяць плаціць за ацяпленне ў пяць разоў больш

У Беларусі працягваюць абнаўляць базу даных людзей, не занятых у эканоміцы. Колькі ў краіне дармаедаў, улады па-ранейшаму не гавораць, але апошні год дакладна даў прырост — Беларусь пакінула больш за сто тысяч чалавек, такая лічба атрымліваецца, калі падсумаваць колькасць віз, у тым ліку гуманітарных, выдадзеных беларусам у Літве, Латвіі, Польшчы, і даныя памежнай службы Украіны. Каго ўключаць у базу, ці трэба будзе за гэта плаціць і для каго зрабілі выключэнні, — у нашым матэрыяле.

Павялічыць

Каго ўлады лічаць дармаедамі?

Слова «дармаед» улады стараюцца пазбягаць, занадта востра яно адгукаецца ў людзях і адкідвае ў савецкі час, калі людзей «без вызначанага роду заняткаў» судзілі — маглі забраць усю маёмасць, набытую на незаробленыя грошы, выселіць у спецыяльную мясцовасць на тэрмін ад двух да пяці год, дзе абавязвалі працаваць. 

Цяпер дармаедаў афіцыйна называюць «незанятымі ў эканоміцы», гэта значыць, чалавек не працуе і не плаціць падаткаў (але ёсць выключэнні — пра іх ніжэй).

Спісы фарміруюцца кожны квартал, таму, калі вы можаце пацвердзіць, што маеце прычыну не плаціць падаткі, звесткі ў камісію пры выканкаме па месцы рэгістрацыі трэба прадаставіць да 21 красавіка, да 21 ліпеня, да 21 кастрычніка і да 21 студзеня (у залежнасці ад квартала). 

Якія тарыфы для дармаедаў?

Пакуль павышэнні закрануць кошты на ацяпленне, падагрэў гарачай вады і газ. Кошты на ацяпленне і гарачую ваду большыя прыкладна ў пяць разоў. Адна гігакалорыя каштуе 107,31 рубля.

Так, возьмем звычайную аднапакаёвую кватэру на 41 «квадрат» у доме 2018 года пабудовы. Падчас ацяпляльнага сезона ў лютым гэтага года на ацяпленне такой кватэры трацілася 0,5945 Гкал, што каштавала 12,26 рубля. А на падагрэў вады — 0,2663 Гкал. Гэта складала 5,49 рубля.

Калі ж гаспадара кватэры прызнаюць дармаедам, то гарачая вада будзе каштаваць 28,58 рубля, а ацяпленне заважыць на 63,8 рубля. То-бок давядзецца плаціць на 74,63 рубля больш, чым звычайна.

А хто ў спісе выключэнняў?

Пералічым, каго не павінны ўключаць у «базу дармаедаў». 

  • інваліды (незалежна ад групы інваліднасці) і недзеяздольныя людзі
  • непаўналетнія
  • пенсіянеры
  • уласнікі кватэр, офісаў, машына-месцаў, якія афіцыйна здаюць іх і плацяць падаткі
  • маці або бацька, якія выхоўваюць дзіця ва ўзросце да 7 год, дзіця-інваліда да 18 год або трох ці больш непаўналетніхдзяцей
  • муж або жонка вайскоўца або спецыяліста на размеркаванні на час абавязковай працы 
  • сябры і работнікі кааператываў і фермерскіх гаспадарак
  • самазанятыя (займаюцца відамі дзейнасці, якія не адносяцца да прадпрымальніцтва, і плацяць адзіны падатак) — напрыклад, перакладчыкі, рэпетытары, дызайнеры, фатографы
  • індывідуальныя прадпрымальнікі, якія заплацілі падатак большы за 20 базавых велічынь
  • работнікі па дамове падраду і сезонныя рабочыя
  • вайскоўцы, у тым ліку рэзервісты, на час збораў, а таксама тыя, хто праходзіць альтэрнатыўную службу
  • адвакаты і натарыусы
  • занятыя ў аграэкатурызме і рамеснікі
  • уласнікі маёмасці камерцыйных арганізацый (за выключэннем акцыянерных таварыстваў)
  • творчыя работнікі (пісьменнікі, кампазітары, напрыклад), статус якіх пацвярджае творчы саюз — пасля ліквідацыі Беларускага саюза пісьменнікаў сябры арганізацыі такі статус згубяць
  • святары, семінарысты, манахі
  • уласнікі падсобных гаспадарак, але на абласныя гарады і Мінск гэта не распаўсюджваецца
  • афіцыйна зарэгістраваныя беспрацоўныя, у тым ліку падчас перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі
  • студэнты дзённых аддзяленняў, якія ўпершыню атрымліваюць адукацыю
  • спартоўцы з нацыянальных зборных і каманд
  • асобы пад арыштам ці ў зняволенні большым за 183 дні ў годзе
  • асобы, якія атрымліваюць пенсію або страхавыя выплаты ў выніку няшчасных выпадкаў або прафесійных захворванняў
  • тыя, хто з’ехаў з Беларусі і не жыве ў краіне больш за паўгода

Але часта свой статус трэба дадаткова пацвердзіць — напрыклад, калі вы больш за паўгода знаходзіцеся за мяжой.

Страціў працу — і адразу ўключаць у базу?

Пры абнаўленні базы ўлічваецца квартал, калі чалавек страціў працу, зверху даецца тры месяцы на пошукі новай. Калі вас скарацілі на працы або звольнілі, бо вы не адпавядалі займанай пасадзе, або калі стан здароўя не дазваляў працаваць далей — вам даецца паўгода.

Таксама шэсць месяцаў даецца вайскоўцам, удзельнікам вайсковых збораў, «альтэрнатыўшчыкам», якія страцілі працу пасля службы. Выпускнікам на пошукі працы таксама даецца амаль паўгода — з моманту атрымання дыплома і да канца бягучага года.

Што рабіць тым, хто з’ехаў за мяжу?

«База дармаедаў» вас закране, толькі калі вы маеце ва ўласнасці жыллё. У гэтым выпадку вы павінны пацвердзіць, што не проста легальна жывяце за мяжой, а што маеце там працу ці вучыцеся на дзённым аддзяленні, інакш вас уключаць у «базу». 

Звесткі аб працы ці вучобе трэба падаць у камісію пры выканкаме па месцы вашай рэгістрацыі ў Беларусі. Не забудзьцеся, што спісы фарміруюцца кожны квартал. Найбліжэйшы дэдлайн — 21 кастрычніка, калі пачнуць абнаўляць звесткі на першы квартал 2022 года.

Калі вы працуеце за мяжой, трэба прадаставіць або копію працоўнай дамовы, або копію ліцэнзіі на ажыццяўленне дзейнасці; або копію іншага дакумента, які пацвярджае, што вы легальна працуеце.

Калі вы вучыцеся (увага, толькі на дзённым аддзяленні!), трэба прадаставіць даведку з універсітэта; копію дамовы з універсітэтам; копіі іншых дакументаў, якія пацвярджаюць, што вы насамрэч студэнт замежнай ВНУ. 

Важна — прымаюцца толькі копіі дакументаў, перакладзеныя на беларускую ці рускую мову, завераныя апасцілем. Адправіць дакументы можна па звычайнай пошце, па электроннай пошце або прынесці асабіста ў камісію, кантакты трэба шукаць на сайце выканкама ці адміністрацыі раёна, дзе вы зарэгістраваныя. 

Камісія, атрымаўшы дакументы, вырашае, на які час чалавека не будуць уключаць у «базу дармаедаў». Калі ў дакументах указаны тэрмін (напрыклад, кантракт на пяць год), то рэкамендавана на гэты час і не ўключаць у спісы. Калі тэрмін не прапісаны, камісія можа прыняць рашэнне не ўключаць у спісы на працягу года, але могуць вызваліць і на адзін квартал, па сканчэнні якога зноў давядзецца звяртацца да чыноўнікаў.

Як даведацца, што я ў базе?

Праверыць сябе можна па базе, якая знаходзіцца на Адзіным партале электронных паслуг. База абнаўляецца раз на тры месяцы. Адзін запыт каштуе 42 капейкі. Каб атрымаць доступ да базы, трэба звярнуцца ў службу «Адно акно» па месцы рэгістрацыі, дзе на падставе асабістых звестак і заявы выдадуць асабісты ідэнтыфікатар. 

На сайце Мінпрацы адзначана, што інфармацыю можна атрымаць непасрэдна ў камісіі — пазваніць, прыйсці асабіста ці накіраваць ліст па электроннай пошце. Пры гэтым важна сябе ідэнтыфікаваць, удакладняе Міністэрства: назваць свой ідэнтыфікацыйны нумар і іншыя пашпартныя даныя, якія запытаюць чыноўнікі. 

Знайшоў сябе ў базе. І што цяпер?

Калі вы ўласнік дома ці кватэры, павінны аплачваць па поўных тарыфах газ, ацяпленне і гарачую ваду, на іншыя тарыфы надбаўкі пакуль не прымяняюць. Асабліва адчувальна сума вырасце за цяпло і ваду — прыкладна ў пяць разоў. 

Калі мяне ўключылі ў базу памылкова, усё адно плаціць камуналку па поўнай?

Калі вы лічыце, што вас уключылі ў базу памылкова, трэба звярнуцца ў камісію пры выканкаме і пісьмова абгрунтаваць прэтэнзію, прыкласці дакументы, якія пацвярджаюць, што вы або ўдзельнічаеце ў эканоміцы краіны, або падпадаеце пад выключэнні. Калі камісія пагодзіцца з вашымі аргументамі, суму камуналкі вам пералічаць, розніцу павінны вярнуць. Але вырашэнне сітуацыі можа зацягнуцца, таму, каб пазбегнуць пені, лепш заплаціць па жыроўцы, а пасля чакаць пераразліку. 

Важна — поўны тарыф налічваецца толькі ўласніку кватэры, якога прызналі «дармаедам», на астатніх жыхароў кватэры, калі яны не ў базе, камуналку разлічаць па льготных стаўках. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31