Знайсці
12.10.2021 / 14:49РусŁacБел

«Ніколі я не гвалціў». Што стала вядома пра беларускага Сноўдэна, які раскрыў праўду пра катаванні ў расійскіх турмах

Ужо некалькі дзён у Расіі бушуе скандал. Gulagu.net апублікаваў запісы згвалтаванняў у расійскіх калоніях, што вывез за мяжу беларус, які там сядзеў. З мэтаў бяспекі ён дае вельмі кароткія, нават сціплыя інтэрв’ю, з якіх незразумела, як ён адважыўся на такі рызыкоўны крок з вывазам відэаархіва катаванняў.

Фота comandir.com.

Большая частка відэазапісаў пакуль што закрытая ад грамадскасці, аднак і таго, што ўжо апублікавана, хапіла, каб чыноўнікі не здолелі не адрэагаваць. Так, Федэральная служба выканання пакаранняў (ФСВП) Расіі, Генпракуратура і Следчы камітэт пачалі праверкі, распачалі крымінальныя справы. Кіраўніцтва саратаўскага турэмнага шпіталя, дзе адбываліся катаванні, было звольненае.

Аднак актывісты Gulagu.net сведчаць: у іх руках — доказы здзекванняў са зняволеных у шматлікіх іншых рэгіёнах Расіі, не толькі ў саратаўскіх турмах.

Праваабаронцы атрымалі запісы катаванняў дзякуючы чалавеку, які сам некалі адбываў зняволенне ў расійскай турме. Гэта беларускі праграміст, якога называюць Сяргей.

Прозвішча «нашага Сноўдэна», як называе яго кіраўнік Gulagu.net Уладзімір Асечкін, пакуль што захоўваецца ў сакрэце для яго бяспекі.

9 гадоў за перадачу чужой сумкі

У 2013 годзе сябры запрасілі Сяргея ў Краснадар, прапанавалі яму адпачыць там і папрацаваць. Там яго папрасілі перадаць нейкім людзям сумку нібыта з сістэмным блокам. З гэтай сумкай Сяргея і затрымалі супрацоўнікі ФСБ — аказалася, што ўнутры сістэмнага блока было 6 кілаграм сінтэтычных наркотыкаў.

Сяргей кажа, што не ведаў пра наркотыкі, а вось паліцыянты добра ведалі, дзе і што шукаць. 

Расійскія сілавікі не звярнулі ўвагі на сведчанні Сяргея, што ён не вінаваты і што яго проста папрасілі перадаць сумку. На працягу некалькіх месяцаў на беларуса ціснулі, яго білі, патрабавалі прызнаць сябе вінаватым і падпісаць фальшывыя пратаколы.

Агромністы відэаархіў катаванняў у расійскіх турмах дапамог раздабыць беларускі айцішнік

У 2015 годзе Сяргей быў асуджаны на 9 гадоў, ён адбываў пакаранне ў калоніі ў Саратаўскай вобласці. Пазней беларус стаў адміністратарам відэакамер назірання ў туберкулёзным шпіталі №1 абласнога ўпраўлення ФСВП — дапамагло добрае веданне базавых праграмаў накшталт Microsoft Word і Excel.

Як сам Сяргей распавядаў у інтэрв’ю «Эха Масквы», яго праца ўключала ў сябе вядзенне дакументацыі і, у тым ліку, працу з відэаархівамі.

Да беларуса траплялі запісы з відэарэгістратараў ФСВП, на якіх былі зафіксаваныя факты здзекванняў са зняволеных. Ён тлумачыць, што і самі катаванні, і іх відэазапісы рабіліся або па замове (напрыклад, нехта хацеў адпомсціць зняволенаму), або ў «выхаваўчых» мэтах — каб праз шантаж прымусіць чалавека супрацоўнічаць з адміністрацыяй, выконваць чужыя патрабаванні, зламаць волю.

Адна з ахвяраў турэмнага гвалту. Скрыншот відэа. 

Па словах Сяргея, у большасці выпадкаў не было неабходна захоўваць запіс, бо ахвяры катаванняў былі ўжо дастаткова напужаныя самім фактам вядзення запісу. Але часам супрацоўнікі калоній вывозілі відэазапісы на электронных носьбітах інфармацыі для перадачы, хутчэй за ўсё, супрацоўнікам іншых сілавых структур.

Як атрымалася распавесці пра катаванні

Перад выхадам на волю Сяргей здолеў забраць з сабой копіі відэазапісаў з катаваннямі. Беларуса абшуквалі перад звальненнем чатыры разы, аднак ён схаваў флэшку з відэаархівам так, што змог забраць яе непасрэдна перад выхадам на волю. Частку архіва Сяргей захаваў на флэшцы, а частку — у воблачным сховішчы.

Пасля вызвалення ён перадаў архіў праваабаронцам і з’ехаў у Еўрасаюз, дзе запрасіў палітычны прытулак.

У невялічкім інтэрв’ю для ютуб-канала Gulagu.net Сяргей патлумачыў, што ён хацеў зрабіць шырока вядомай інфармацыю пра катаванні над зняволенымі ў Расіі.

Беларус распавёў, што падчас працы ў расійскай турэмнай сістэме «адчуваў сябе прыстасаванцам»:

«Я прыстасаваўся да сістэмы, здолеў прыстроіць свае навыкі, зрабіцца дастаткова высокай велічынёй там. Але ніколі-ніколі я не гвалціў, не здзекаваўся, не спрабаваў неяк прынізіць іншых людзей. Я ўсё гэта бачыў».

Кіраўнік Gulagu.net Уладзімір Асечкін сведчыць, што

ніколі ў гісторыі не было аналагічнага зліву відэа з катаваннямі.

Праваабаронцы ўжо атрымалі шмат запытаў ад буйнейшых медыя міра накшталт ВВС і CNN, што жадаюць пагутарыць з беларускім выкрывальнікам.

Сам жа Сяргей, па словах Асечкіна, пакуль што не разумее, што «ператварыўся ў такога героя». Ён спрабуе адпачыць на беразе мора ад перажытага, у тым ліку ад пабегу з Расіі з сакрэтнымі відэа.

Gulagu.net апублікаваў апавяданне беларускага праграміста, які перадаў праваабаронцам відэа катаванняў зняволеных у Расіі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера