Знайсці
11.10.2021 / 14:19РусŁacБел

Амаль 100 дзён у няволі — мужу і жонцы далі чарговыя суткі за рэпосты ў прыватнай перапісцы. Што адбываецца?

Драматычная гісторыя сям’і беларусаў Крупеніч-Кандрацьевых працягваецца: Анастасія і Сяргей ужо адсядзелі 84 дні за рэпосты з «экстрэмісціх» тэлаграм-каналаў у прыватнай перапісцы. Сёння, як стала вядома «Нашай Ніве» ад адвакатаў, іх асудзілі зноў — Анастасіі дадалі яшчэ 14 сутак, а Сяргею — 15.

На гэты раз справу ў судзе Ленінскага раёна разглядала Юлія Інчына. Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», згодна з новым пратаколам, «Анастасія 21 чэрвеня распаўсюдзіла экстрэмісцкі матэрыял, пераслаўшы з прызнанага экстрэмісцкім телеграм-канала паведамленне мужу пра скарачэнне кадраў у МУСе».

Анастасія раней працавала настаўніцай у мінскай гімназіі, яе муж — праграміст.

Першы раз пару затрымалі яшчэ ў ліпені. Як нам вядома з уласных крыніц, сям’ёй зацікавіліся пасля вяртання з камандзіроўкі ў Польшчы. На іх кватэру прыйшлі з вобшукам, а ў выніку ў Ленінскім РУУС склалі адразу тры пратаколы за рэпосты адно аднаму з тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі (артыкул 19.11 КаАП).

25 жніўня іх выпусцілі з ізалятара першы раз, але, калі пара вярнулася дадому, іх там зноў чакалі супрацоўнікі міліцыі. Сям'і настойліва рэкамендавалі прыйсці зранку ў РУУС для прафілактычных мерапрыемстваў, але ў выніку супрацоўнікі міліцыі склалі на мужа з жонкай новыя пратаколы: Сяргей і Анастасія атрымалі па 15 сутак кожны. Дома яны прабылі ўсяго адзін вечар.

Пасля гэтага пару зноў выпусцілі з ізалятара на Акрэсціна ў верасні і перазатрымалі чарговы раз. Сённяшні суд над імі стаў сёмым па ліку.

Па словах былых сукамернікаў Настассі і Сяргея, у ізалятарах яны перахварэлі на каранавірус, моцна схуднелі. За такі працяглы час у няволі маладзёны падарвалі сваё здароўе: у ізалятарах адміністрацыйна асуджаным не аддаюць перадачы, не выдаюць матрацы і бялізну, не выводзяць на шпацыры, праз перапоўненасць камер людзі вымушаныя спаць на падлозе. Таксама асуджаных пазбаўляюць сну: штоноч будзяць а 2-й і 4-й гадзінах.

Колькі яшчэ сям'я будзе за кратамі?

На жаль, адказаць на гэта пытанне дакладна немагчыма. Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай, як правапарушэнне мае свой тэрмін даўніны: цяпер гэта год (пункт 3 артыкула 7.6 КаАП).

Колькасцю прысуджаных сутак Настасся і Сяргей імкліва набліжаюцца да ранейшых рэкордаў з адміністрацыйнымі арыштамі: раней 115 сутак у ізалятарах адбываў студэнт БДУІР Ян Салановіч, які раней працаваў у навукова-тэхнічным цэнтры КДБ. 105 сутак у няволі ў свой час правяла актывістка з Гомеля Анастасія Перавошчыкава. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера